Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

В ОАО «Пионер-Агро» не умолкает гул тракторов – весенние работы в самом разгаре

09.04.2024

У ААТ «Піянер-Агра» не змаўкае гул трактароў і іншай тэхнікі – веснавыя работы ідуць поўным ходам. Праўда, не ўсё так гладка. І прычына ў капрызным надвор’і: нябесная канцылярыя то сонейкам адорыць, то абалье як з вядра. Вось і мінулы тыдзень выдаўся халодным і дажджлівым, ды яшчэ і з адсылам на ўраганныя вятры.

Аднак, нягледзячы на цяжкасці, піянерскія аграрыі імкнуцца выканаць пастаўленыя задачы ў тэрмін. Увогуле, выкарыстоўваюць любую магчымасць і выводзяць тэхніку на палі. Таму што ведаюць простую ісціну: увесну дзень упусціш – годам не вернеш.

Разам з галоўным аграномам сельгаспрадпрыемства Захарам Круглікам адпраўляемся ў невялікае падарожжа па гаспадарцы, на хаду складаючы карту маршруту. Малады і актыўны аграном поўны аптымізму, на даручанай яму тэрыторыі арыентуецца выдатна, хоць у «Піянер-Агра» прыйшоў працаваць крыху больш за паўгода таму.

– Уносім мінеральныя ўгнаенні і арганіку, вядзем ворыва, – коратка ўводзіць у курс Захар Аляксандравіч.

Вырашана: менавіта названыя  віды работ і паглядзім. Тым больш выкананне гэтых этапаў жыццёва неабходна для таго, каб забяспечыць добры ўраджай.

Энергія для росту

Першы прыпынак – урочышча недалёка ад Капыля. Тут працаўнікі палёў уносяць мінеральныя ўгнаенні, у прыватнасці, карбамід. Гэта ўжо другая падкормка азімых культур, першую правялі карбамідна-аміячнай сумессю. Наогул, своечасовая апрацоўка дае неабходную энергію для росту і развіцця культуры.

А збожжавыя палі ў піянерскіх аграрыяў – люба-дорага глянуць. Маладыя, свежыя сцяблінкі шчыльным дываном ухутваюць глебу: зірнеш удалячынь і адразу адчуваецца свежы пах прыроды, якая прачынаецца. Яшчэ пара-тройка месяцаў, і зашумяць замест парасткаў, якія толькі-толькі прараслі, залатыя каласы.

Унясеннем мінеральных угнаенняў у сельгаспрадпрыемстве заняты Яўген Гудкоў. Механізатар больш за адзінаццаць гадоў працуе ў сферы АПК. За гэты час паспеў дасканала вывучыць тэхніку, бездакорна выконвае сваю працу. А сёлета атрымаў новы трактар «Беларус-1221».

– Новае ёсць новае, – кажа Яўген. – Безумоўна, не параўнаць з чатырнаццацігадовым «Беларус-1523», на якім я працаваў да гэтага.

– Работнік адказны, сваю справу ведае, – характарызуе механізатара Захар Круглік. – Не дзіўна, што менавіта яму даверылі адзін з новых трактароў, якія паступілі ў пачатку пасяўнога сезона ў гаспадарку.

Хутка Гудкоў скончыць уносіць угнаенні, пасля чаго ўключыцца ў сяўбу буракоў. Улетку ён прасуе салому, а з мінулага сезона яшчэ і ў камбайнеры падаўся.

На пару з Гудковым працуе Аляксандр Бялога. У яго абавязкі ўваходзіць аператыўная дастаўка і загрузка ўгнаенняў у раскідвальнік.

– Цяпер гэты працэс праходзіць значна лягчэй і хутчэй. Бо я таксама атрымаў новы прычэп, зараз усё цалкам аўтаматызавана. А яшчэ летась загружалі ўгнаенні ўручную. Безумоўна, гэта дапамагло істотна скараціць час, затрачаны на названы  від работ, – кажа Аляксандр Бялога.

Мы яшчэ крыху пагаварылі з механізатарамі і рушылі далей па запланаваным маршруце. Усё ж на доўга адрываць аграрыяў ад працы не хацелася, бо ў такую гарачую пару час у іх ідзе не на гадзіны, а на хвіліны.

На адным з палёў гаспадаркі актыўна дзейнічае  звяно па ўнясенні арганічных угнаенняў. Тут працуе шэсць адзінак тэхнікі: пяць раскідвальнікаў і адзін пагрузчык. Механізатары Дзмітрый Кунцэвіч, Аляксандр Жогла і Міхаіл Задруцкі якраз чакалі загрузкі. Пакуль Анатоль Абцэшка, які працуе на «Амкадоры», загружаў чарговы раскідвальнік, быў час зрабіць некалькі памятных фотаздымкаў.

Усяго ў сельгаспрадпрыемстве пад яравую сяўбу ўнесена 50 735 тон яравых угнаенняў, нарыхтавана ўжо 109 739 т, вывезена на палі 83 170 т.

Майстры ворыва

Ворыва – адна з асноўных сельскагаспадарчых аперацый, якія ўплываюць на ўраджай: атрыманне высокіх ураджаяў немагчыма без якаснай падрыхтоўкі і апрацоўкі глебы, і ніякія іншыя агрэгаты ў далейшым не змогуць выправіць дапушчаныя пры ворыве агрэхі. Дрэнна ўзаранае поле не толькі ўплывае на ўраджай, але і на працэнтаў трыццаць зніжае прадукцыйнасць тэхнікі, якая будзе пасля працаваць на ім. А гэта – страты паліва і іншыя спадарожныя затраты, якія ў маштабах краіны абарочваюцца шматтысячнымі стратамі.

У дзень нашага прыезду глебу пад кукурузу рыхтаваў Сяргей Варэнік. Яго магутны «Джон Дзір» з лёгкасцю пераварочваў цяжкія груды зямлі, ператвараючы згладжанае снегам поле ў роўную паверхню. Унесеная раней арганіка цалкам хавалася пад пластом глебы, а гэта гаворыць аб прафесійным майстэрстве аратага. Выраўненасць глебы, глыбіня ворыва, закрыццё раслінных рэшткаў – вось галоўныя паказчыкі, па якіх ацэньваецца якасць працы.

Яшчэ аднаго механізатара Івана Вярыгу, занятага на ворыве, засталі на мехдвары. Вопытны трактарыст-машыніст ведае, што тэхніка, на якой працуеш, павінна быць заўсёды на хаду. Таму рэгулярнае тэхнічнае абслугоўванне трактара і плугоў – справа святая для любога, хто задзейнічаны на палявых работах.

Наогул, механізатары з «Піянера»  не скардзяцца: паліва ёсць, тэхніка на хаду, насенне ў наяўнасці, зарплату плацяць. Нават надвор’е, хоць часам і капрызнае, не перашкода для працы. Так яно, відаць, і ёсць, тым больш для людзей, якія сваю справу любяць і ўмеюць рабіць.

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.kopyl.by/svezhie-novosti/item/32969-v-oao-pioner-agro-ne-umolkaet-gul-traktorov-vesennie-raboty-v-samom-razgare#sigProId3134f6a62a
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей