Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

В хозяйствах Копыльщины активно заготавливают семена для весеннего посева следующего года

05.12.2023

Вядома, высокія пасяўныя кандыцыі насення фарміруюцца яшчэ ў полі, аднак на яго якасць уплывае і наступная дапрацоўка матэрыялу перад закладкай на працяглае захоўванне.

Зіма ўжо поўнасцю ўступіла ў свае правы. Зямля спіць, і снег перыядычна замятае дарогі. Здавалася б, зацішша наступіла і ў гаспадарках раёна. Але там па-ранейшаму гарачая пара, толькі ўжо не ў полі. Сёння ў сельгаспрадпрыемствах Капыльшчыны дапрацоўваюць насенне пад яравую сяўбу — чысцяць, убіраюць смецце і прымесі. Праца не складаная, але вельмі адказная: ад таго, якой якасці матэрыял будзе закладзены, залежыць будучы ўраджай.

Адзін з галоўных пунктаў у графіку закладкі — праверка на ўсходжасць. Гэтым займаецца дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Капыльскім раёне. Прадстаўнікі інспекцыі выязджаюць у кожную гаспадарку, адбіраюць пробы — невялікую колькасць збожжа з дапамогай спецыяльнага прыстасавання — і праводзяць усе неабходныя аналізы. Гэтыя даследаванні дапамагаюць зразумець, наколькі жыццяздольным з’яўляецца матэрыял, прызначаны для вясновай сяўбы. Аднак гэта не першы этап праверкі. Яшчэ да асноўнай ачысткі і закладкі спецыялісты інспекцыі праводзяць хуткі аналіз, вызначаючы толькі ўсходжасць: калі яна нізкая, то няма сэнсу затрачваць на далейшую падрыхтоўку зерня працоўныя і фінансавыя рэсурсы. Папярэдні этап ужо пройдзены, зараз пачаліся выезды спецыялістаў для адбору асноўных проб. Некалькі сельгаспрадпрыемстваў разам з інспекцыяй наведалі і мы.

У ААТ «Ціміразеўскі» пад яравую сяўбу заклалі 60 тон ячменю гатунку Добры і 8 тон грэчкі гатунку Купава. Днямі тут пачнуць падрыхтоўку проса.

— У 2012 годзе ў нас уведзена ў эксплуатацыю лінія для дапрацоўкі і ачысткі збожжа, — расказвае загадчык склада Таццяна Ярмольчык. — Пасля таго, як пустазелле, смецце, пыл і іншыя дробныя прымесі выдалены, насенне адпраўляецца на склад для працяглага захоўвання. Увесь аб’ём рыхтуем для ўласнага карыстання.

Накіроўваемся ў зернясховішча. Начальнік дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Капыльскім раёне Валянціна Кухарчык робіць некалькі адбораў з агульнай масы. Важна, каб пробы былі ўзяты з розных месцаў. Спецыяльная прылада дазваляе дастаць збожжа нават з самай тоўшчы вялікай кучы. Пасля матэрыял фасуецца па пакетах, куды ўкладваецца паперка з указаннем віду, гатунку і іншай неабходнай інфармацыі.

Наступны прыпынак — ЗАТ «Жыліхава», пасля едзем у ААТ «Семежава». У кожнай з гаспадарак праводзяцца аднолькавыя маніпуляцыі. Зусім хутка ўвесь адабраны матэрыял спецыялісты інспекцыі правераць на яго кандыцыйныя якасці і дадуць сваё заключэнне.

А як ідуць справы ў гэтым напрамку  ў сельгаспрадпрыемствах Капыльшчыны ў цэлым? Аналізуе Валянціна Кухарчык:

— Пад яравую сяўбу 2023 года засыпана 1444 тоны насення яравых збожжавых і зернебабовых культур, гэта 150% да патрэбнасці асноўнага і страхавога фондаў. Насення шматгадовых траў маецца крыху больш за 75 тон, у тым ліку бабовых — 29,6 тон, злакавых — 45,61 тоны. Насенне яравога ячменю прадстаўлена 9 гатункамі кармавога і піваварнага прызначэння: Фэст, Бровар, Бацька, Радзіміч, Добры, Рэйдэр, Фандага, Аванс, Калдун.

Для вясенняй пасяўной наступнага года сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі плануецца набыццё не менш як 70 тон эліты. Сёння ў большасці сельгаспрадпрыемстваў раёна насенне яравых збожжавых і зернебабовых культур ачышчана і засыпана ў месцы захоўвання. Але ёсць і тыя гаспадаркі, дзе работа выканана не ў поўным аб’ёме. Гэта ААТ «Піянер-Агра», «Скабін», «Капыльскае», ЗАТ «Жыліхава», КСУП «Доктаравічы». Да 18 снежня пастаўленыя задачы неабходна выканаць.

Насенне шматгадовых траў згодна з графікам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання павінна быць ачышчана да 18 студзеня. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы ажыццяўляюць ачыстку ў арганізацыях, якія аказваюць паслугі па дапрацоўцы насення шматгадовых траў да пасяўных кандыцый. Дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Капыльскім раёне правяла папярэдні аналіз насення яравых культур у шэрагу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Па выніках аналізу выяўлена, што насенне гароху ў ААТ «Прагрэс 2010» не прыдатнае для пасеву.  Гаспадарцы лепш загадзя знайсці крыніцы, дзе можна набыць неабходную колькасць насення. Таксама, зыходзячы з вынікаў папярэдняга аналізу, у ААТ «Піянер Агра» выяўлена некандыцыя насення аўса. У кіраўнікоў і спецыялістаў агранамічнай службы сельгаспрадпрыемства ёсць час, каб закупіць прыдатны для сяўбы матэрыял.

— Ці засыпана насенне бульбы? — удакладняю ў Валянціны Уладзіміраўны.

— Так, у колькасці 340 тон пад стопрацэнтную патрэбнасць. Вырошчваннем другога хлеба ў раёне займаюцца тры сельгасарганізацыі. Наогул, насенняводства бульбы — справа працаёмкая і адказная. Гэта цэлая галіна сельскагаспадарчай вытворчасці, якая накіравана на атрыманне аптымальнага ўзроўню ўраджайнасці, колькаснага выхаду насенных клубняў стандартнай фракцыі і забеспячэнне якасці насеннай бульбы на ўзроўні нарматыўных патрабаванняў стандартаў, устаноўленых для адпаведных катэгорый насеннага матэрыялу.

Фота аўтара


Галерея изображений

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей