В ночь с 13 на 14 января должен был состоятся знаменитый семежевский обряд «Цари». Но этот год внес свои коррективы

Актуально Культура

Вось так весела і з агеньчыкам сёлета ў ноч з 13 на 14 студзеня мы і адзначалі б Шчодры вечар або стары Новы год. Але ў наша жыццё ўмяшаўся каронавірус, таму ў мэтах небяспекі было вырашана не святкаваць і ў тым ліку не праводзіць знакаміты семежаўскі абрад «Цары».

Стары новы год

Гэта свята – адно з самых яркіх, значных, якое вельмі прываблівае людзей, бо тут прысутнічае такі элемент, як касцюмы, пераапрананне. Стары Новы год ёсць у календарах Арменіі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Македоніі, Малдовы, Сербіі, Украіны, Чарнагорыі і ў нас, беларусаў. І звязана гэта з гістарычнымі акалічнасцямі і менавіта са зменай летазлічэння. Справа ў тым, што разбежка ў юліянскім і грыгарыянскім календарах, якіх прытрымліваюцца рэлігіі ў Беларусі, дае магчымасць двойчы адзначаць Васілёву ці Багатую куццю. Па народнай традыцыі гэты святочны вечар насіў назву Шчадрэц (раней прыходзіўся на навагоднюю ноч з 31 снежня на 1 студзеня). Падчас яго адзначалі другую, багатую, Куццю, бо першая, бедная і посная, святкавалася 6 студзеня перад Божым Нараджэннем, а трэцяя, вадзяная і таксама посная, будзе 18 студзеня перад Вадохрышчам. Менавіта ў гэты час дзеля жарту можна было рабіць усё наадварот, а яшчэ пераапраналіся ды варажылі.

■ 2011 год: «Цары» ідуць па вуліцах Семежава

Напярэдадні свята стараліся вычысціць хату і падворак, зняць павуцінне з усіх куточкаў, вымыць столь. Для нашых бабуль і дзядуль было важна ўступіць у новы год чыстымі. Таму, калі маглі сабе гэта дазволіць, апраналіся ва ўсё новае, а стол у гэты вечар накрываўся багата. Гаспадынькі стараліся прыгатаваць не менш за дванаццаць страў. Лічылася: наколькі шыкоўна адсвяткуе сям’я багатую куццю, настолькі шчодра яна будзе жыць на працягу ўсяго года.

У розных кутках Беларусі на стары Новы год праводзіліся разнастайныя калядныя абрады: жанілі Цярэшку, шчадравалі з казой, калядавалі з цыганамі або паказвалі батлейкі, шырока вядомыя і семежаўскія «Цары». А яшчэ абавязкова праводзілі абрад засявання – вясковыя дзеці заходзілі ў хаты з торбачкамі, поўнымі жыта, аўса, ячменю, спявалі калядкі, рассыпалі па падлозе па жменьцы зерня кожнага гатунку і гучна прыгаворвалі. Усе дзеянні на Шчадрэц былі звязаны з надзеяй на багаты і ўраджайны год, паколькі ў аснове свята ляжала ў першую чаргу ідэя не каляндарнага новага года, а новага земляробчага цыкла.

Хто такія «Цары»

Не ведаю, як вам, а мне ўсё ж пашчасціла на свае вочы пабачыць абрад «Цары», які пакінуў вельмі яскравыя ўражанні. Дагэтуль больш за дзесяць гадоў спяшаліся ў Семежава шматлікія госці, каб пагля-дзець на ўнікальны абрад, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, у 2010 годзе занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, а ў 2011 годзе абрадаваму калектыву «Цары» за работу па вывучэнні, адраджэнні і захаванні народных традыцый была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

■ 2017 год: прадстаўленне ў хаце

Абрад узнік у ХVIII стагоддзі, калі ў вёсцы стаялі рэгулярныя войскі царскай арміі. Доўгімі зімовымі вечарамі салдаты хадзілі па Семежаве і паказвалі сваё прадстаўленне. І вось ужо тры стагоддзі гэта традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне. Дзякуючы навуковым даследчыкам з інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, а таксама мясцовым энтузіястам – супрацоўнікам тагачаснага Семежаўскага Дома культуры Таццяне і Мікалаю Шаура, загадчыку аддзела народнай творчасці РЦК Галіне Гурло – у 1996 годзе яна набыла другое жыццё. Словы абраду поўнасцю захаваліся  дзякуючы  продкам.  І  амаль  на  працягу чвэрці стагоддзя ходзяць «Цары» па Семежаве, радуюць аднавяскоўцаў, якія вельмі добра сустракаюць калядных гасцей і запрашаюць у хату.

Працэсія «Цароў» у суправаджэнні мясцовых персанажаў Дзеда і Бабы, заходзячы ў хаты на Шчадрэц, разыгрывае драму «Цар Максіміліян». Здаўна лічыцца, калі маладыя хлопцы завітаюць у хату, тады ў ёй бу-дзе дабрабыт і ў бягучым годзе толькі добрыя весткі парадуюць яе жыхароў. Таму пасля візіту доўгачаканага строю гаспадары не скупіліся на падарункі, якія ішлі ў торбу яшчэ аднаго персанажа Шчодрага вечара – Механошы. А калі  «Цары»  не заходзяць у які-небудзь дом, лічыцца, што  яны  пакрыўджаны на гаспадароў.  У  абрадзе ўдзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі, апранутыя ў адмысловыя касцюмы: белыя штаны і кашулі, чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам, крыж-накрыж завязаныя на грудзях кожнага цара, на галаве – высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі.

А яшчэ ў гэты дзень ладзіліся ў Семежаве вясёлыя кірмашы з песнямі, гульнямі і варажбой.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *