Тимковичская сельская библиотека — одна из крупнейших на Копыльщине

2018-2020 - год малой Родины Актуально Культура

У зону яе абслугоўвання ўваходзяць 16 вёсак, у якіх пражывае 2327 жыхароў.  А ў вёсцы Лешня працуе бібліятэка-спадарожнік.

Бібліятэка ў аграгарадку Цімкавічы – гэта невялікі будынак у цэнтры вёскі праз дарогу ад храма і на скрыжаванні трох вуліц, якія з’яўляюцца гістарычным цэнтрам населенага пункта (вуліцы Слуцкая, Нясвіжская, Капыльская). Рэдка ў якой мясцовасці ёсць вуліцы, якія не пераймяноўваліся больш за трыста год.

– Ведаеце, я – шчаслівы чалавек: вакол мяне цудоўныя людзі, мае родныя жывыя і здаровыя, мая работа прыносіць мне асалоду, – дзеліцца загадчык Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі Вольга Радкевіч. – Усё гэта разам склаўшы і натхняе на новыя дзеянні і праекты. Нам лёгка працаваць, таму што актыўна  супрацоўнічаем з арганізацыямі-партнёрамі: сярэдняй школай, Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага, сельскім домам культуры, яслямі-садам, Цімкавіцкай дзіцячай школай мастацтваў, прыходам храма  Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Прыемна, што бібліятэка двойчы прызнавалася лепшай у раёне (па выніках 2017 і 2019 гг.).

■ Вольга Радкевіч з бібліятэкарам Ірынай Шкуцько

Прыярытэтным напрамкам у рабоце з’яўляецца краязнаўства. Раённай цэнтральнай бібліятэкай імя А. Астрэйкі распрацавана доўгатэрміновая праграма «І для мяне не было б Беларусі без маленькай радзімы маёй». Разнастайная краязнаўчая работа сельскай бібліятэкі выйшла далёка за межы гэтай праграмы і вылілася ў распрацоўку сваіх адметных праграм. Разам з Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага наша бібліятэка працуе над сумесным выхаваўчым праектам «Каб любіць свой край, трэба перш за ўсё яго ведаць». Мэтавая выхаваўча-патрыятычная праграма «Я раскажу табе пра дзіўны край, што мне свяцей усіх святынь у сэрцы» прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва з Цімкавіцкай сярэдняй школай, школай мастацтваў і дзіцячым садком. Бібліятэкарамі быў распрацаваны лэпбук «Родныя мае мясціны», які ўяўляе сабой самаробную кніжку-раскладушку. У ёй сабраны звесткі краязнаўчага кірунку. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя гісторыі Цімкавіч ад старажытнасці да цяперашняга часу.

– Сёння краязнаўчаму фонду ў бібліятэцы можа пазайздросціць маленькі краязнаўчы музей, – працягвае Вольга Радкевіч. – Мы ўклалі ў гэту справу часцінкі сваёй душы і сэрца.  Наша праца напоўнена жаданнем далучыць дзяцей да важкіх маральных каштоўнасцей, напоўніць іх сэрцы любоўю да роднай зямлі.

Менавіта любоў да сваёй радзімы і натхніла бібліятэкара Ірыну Шкуцько заняцца даследчай працай пра жыццё і дзейнасць Вайніловіча на мясцовых матэрыялах, з апавяданняў і ўспамінаў жыхароў в. Савічы, зборам фатаграфій і матэрыяльных доказаў для захавання памяці сваіх продкаў, якія жылі і працавалі, вучыліся ў знакамітага земляка, для наступных пакаленняў. Сабраныя матэрыялы аформіліся ў працу «Ён не памёр, а адышоў, каб жыць». Ірына Яўгеньеўна з’яўляецца адной з гераінь гісторыка-даследчага фільма «Стагоддзе з бясконцым працягам», які быў зняты на падставе матэрыялаў яе даследаванняў.

Цімкавіцкая бібліятэка – для «душы аптэка»: агульная задача ўстановы заключаецца ў тым, каб кожны чытач знайшоў сваю кнігу, атрымаў неабходную параду, апынуўся ў атмасферы, спрыяльнай для самаадукацыі, самараскрыцця асобы. Менавіта гэта  і ёсць мэта праграмы закладання асноў выхавання добрага чалавека з дапамогай бібліятэкі ў рамках праграмы «Будуем храм у душах» і ў цесным супрацоўніцтве з настаяцелем прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы аг. Цімкавічы протаіерэем Міхаілам Мардвінавым. На аснове гэтай праграмы быў створаны  клуб духоўна-маральнага выхавання «Чысты Свет», у рамках якога праводзіцца рэкламаванне праваслаўных кніг, работа па духоўным выхаванні і мерапрыемствы рэлігійнага характару.

– У бібліятэцы працуюць творчыя людзі, – адзначае ў заключэнне Вольга Радкевіч. – У нас яшчэ шмат напрацовак і задумак, яшчэ шмат не рэалізавана і не данесена да сваіх чытачоў. Лічу, што сучасная бібліятэка павінна з’яўляцца мультыкультурным грамадскім цэнтрам, які прадстаўляе не толькі доступ да інфармацыі, але і магчымасць для правядзення з карысцю вольнага часу, гульнявой, забаўляльнай, камунікатыўнай дзейнасці.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *