Православные верующие 14 октября празднуют Покров Пресвятой Богородицы

Общество

У беларускім народным календары гэта канец збору ўраджаю, пачатак зімы і вяселляў, дзень, калі даведваліся пра надвор’е  ажно да самай вясны.

Па праваслаўным царкоўным паданні, свята Пакроваў Багародзіцы адзначаецца ў гонар выратавання Канстанцінопаля ад сарацынаў у 910 годзе. Калі вернікі маліліся аб перамозе над ворагам у храме, святы Андрэй убачыў Маці Божую, якая пакрывала хрысціян сваім амафорам (пакровамі).

Разам з Першай і Другой Прачыстай Пакровы ўваходзяць у лік «багародзіцкіх святцаў». Гэты  дзень часам звалі Трэцяй Прачыстай. Што да святкавання Пакроваў для ўсёй Беларусі, складана выдзеліць нешта адметнае, характэрнае: наведвалі царкву, ездзілі на кірмашы. У каталіцкім календары свята Пакровы адсутнічае.

Пакровы выступалі адным з каляндарных рубяжоў між восенню і зімой. Паводле павер’яў, у гэты дзень ужо мог ляжаць снег. Казалі: «Прыйшла Пакрова, пытае, ці ты да зімы гатова». «Пакроў правярае гаспадароў». «Прыйшла Пакрова — уціхла дуброва».

Дзяўчаты маліліся да Божай Маці, каб пакрыла іх галаву вясельным вянком ці жаночым галаўным уборам, як пакрывае зямлю снегам: «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам»; «Святы Пакроў, пакрыў ты траву лісцем, зямлю снегам, пакрый жа ты і мяне, маладу, чапцом!».

Ад Пакроваў да Піліпаўскага посту (пачынаецца 15 лістапада) — пара вяселляў, Вялікая Вясельніца. Да гэтага часу ўжо збіралі ўвесь ураджай, было чым пачаставаць гасцей і быў час іх прымаць. Гэта адлюстроўвалася ў прымаўках: «Як прыйдзе Пакрова, то жыва-здарова, як прыйшлі жніва, то ляжу нежыва».

У побыце просты народ увязвае дзень Пакроваў Найсвяцейшай Багародзіцы са снежным пакровам зямлі, заканчэннем сельскіх прац, зборам апошніх пладоў. Пакровы  — гэта прадзімак, магчыма наступленне халадоў, замаразкаў, снегападу. Шмат аб чым гаварылі народныя прыкметы: адлёт жураўлёў да Пакроваў — да ранняй і халоднай зімы. На Пакровы вецер з усходу — зіма халодная; з поўдня — да цёплай зімы, заходні — да снежнай.

З Пакроваў руплівыя гаспадары пачыналі ўцяпляць хату на зіму: прысыпалі прызбы, канапацілі пазы мохам або пакуллем, прамазвалі рамы. Казалі: захапі цеплыні да Пакровы. Гаспадыні, падпальваючы печ у святліцы, прыгаворваюць адмысловыя словы: «Бацюшка-Пакроў, напалі нашу хату без дроў». Лічылі, што калі на Пакровы выпаліць печ яблыняй, то ў хаце ўсю зіму будзе цеплыня.  Да  Пакроваў  у хаце мылі, чысцілі, прыбіралі, наво-дзячы парадак. Рыхтаваліся пачастункі з пладоў новага ўраджаю, варылі мёд, брагу.

Каб зберагчы дзяцей ад прастуды, перад Пакровам іх аблівалі на парозе хаты вадою скрозь рэшата.

На Пакровы ў шматлікіх месцах пачыналіся Пакроўскія кірмашы, гандаль.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *