Комсомольское движение в Копыльском районе начало свою историю в 1919 году

Актуально Общество

Пасля таго, як у пачатку сакавіка 1919 г. у Слуцку была створана першая камсамольская група, а 12 красавіка 1919 г. адбыўся агульнагарадскі сход моладзі, пачалі стварацца камсамольскія ячэйкі ў іншых мястэчках. У Капылі бальшавікі Дз. Чарнушэвіч і М. Багдановіч арганізавалі ячэйку, у якую ўвайшлі маладыя актывісты М. Хведаровіч, М. Бычынскі, К. Мароз, К. Зарамбоўскі, Ю. Дземідовіч, М. Гамза, С. Хаткевіч і інш. У маі 1919 г. камсамольцы павета сабраліся на І Слуцкі павятовы з’езд камсамола. Быў выбраны павятовы камітэт на чале з І. Равічам.

Як успамінаў наш зямляк, вядомы беларускі літаратар Мікола Хве-даровіч, ён пачаў хадзіць на адкрытыя сходы мясцовай камсамольскай ячэйкі падчас вучобы ў школе. А ў пачатку 1919 года прыехаў прадстаўнік павятовай арганізацыі камсамола. На сходзе моладзі ён расказаў аб задачах камсамола і прапанаваў арганізаваць ячэйку і ў Капылі. 3 гэтага дня блізкімі сябрамі сталі Кастусь Бухта, Мікола Марцулянчык, Купрэй Мароз, Юльян Траяк, Мікола Бычынскі, Хірысон Гамза, Купрэй Балошка.

Так моладзь Капыля захапілася грамадска-палітычнай работай, якую праводзілі ячэйка і камсамол. Патроху ячэйка пачала папаўняцца новымі членамі. У камсамол уступілі Алесь Камінскі, Сяргей Бабарэка, рабочыя швейнай майстэрні і іншых. Кожны дзень вечарам яны збіраліся на палітвучобу і абмеркаванне арганізацыйных пытанняў: згуртаванне моладзі вакол ячэйкі камсамола, дапамога прадатрадам і фронту, барацьба з бандытызмам. Усё школьнае жыццё было падпарадкавана ўплыву ячэйкі. Бальшавікі былі клапатлівымі кіраўнікамі. Выхоўваючы, яны пасылалі камсамольцаў на самыя цяжкія і адказныя ўчасткі новага жыцця. У вучэбным савеце школы працаваў прадстаўнік камсамола, які абараняў інтарэсы бяднейшай моладзі. Хведаровічу было даручана звязацца з усімі мясцовымі майстэрнямі і арганізаваць работу па ахове правоў рабочай моладзі. Лепшую і больш свядомую частку з іх імкнуліся ўцягнуць у камсамол.

■ Мікола Хведаровіч

Аднойчы на сумесным сходзе партыйнай і камсамольскай ячэек, улічваючы цяжкае становішча на фронце і ў тыле, вырашана было стварыць ваенізаваную ахову. Пасля сходу ўсім камуністам і камсамольцам была выдадзена зброя. На вайсковыя заняткі збіраліся на плошчу насупраць рэўкама. Чатырнаццацігадовым хлапчуком Мікола рэгулярна праходзіў ваеннае навучанне ў спецыяльным камуністычным атрадзе, які быў створаны пры рэўкаме, і нават атрымаў трохлінейную вінтоўку са штыком.

Улетку 1919 года над мястэчкам згусціліся чорныя хмары. Войскі генерала Доўбар-Мусніцкага прарваліся на Слуцкім напрамку. Старэйшыя камсамольцы Барыс Чарных, Іван Бахта пайшлі служыць добраахвотнікамі ў Чырвоную Армію. Сяргей Бабарэка разам са сваім бацькам уступіў у конную армію Будзённага. Камсамольцы Бухта, Марцулянчык і Траяк збіраліся ў эвакуацыю. На ячэйцы было вырашана, што Мікола як самы малодшы застанецца дома для сувязі з падпольнай групай ячэйкі. Застаўся таксама і Алесь Камінскі.

…Зноў над будынкам рэўкама ўзняўся  чырвоны сцяг. Ворага прагналі далёка на захад, там ішлі крывавыя баі. Камсамольцы працавалі ў прадатрадах, былі актыўнымі памагатымі партыі ў ажыццяўленні савецкіх дэкрэтаў. Яны складалі спісы беднякоў-сялян, якія не мелі сваіх коней, гаспадарак, не забяспечаных насеннем і інвентаром. Ушчэнт разбураная сельская гаспадарка не мела жывёлы. Толькі ў самых моцных гаспадароў былі плугі і калёсы. Усё знішчыла вайна. Даводзілася наладжваць дапамогу ў так званай цяглавай сіле. Гэта выклікала вострую незадаволенасць багацеяў. Але камсамольцы пад кіраўніцтвам партыйнай ячэйкі хоць і з вялікімі цяжкасцямі, але ажыццяўлялі гэтае рашэнне.

…Неўзабаве маладыя актывісты атрымалі першыя камсамольскія білеты. Выдаваў іх старэйшы камуніст местачковай ячэйкі Іосіф Багдановіч. Гэта была маленькая кніжачка з шэрай паперы. На мяккай вокладцы карычневай фарбай быў надрукаваны зямны шар, перавіты істужкай, на якой выразнымі літарамі было надрукавана: «Камуністычны інтэрнацыянал моладзі» і «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» На першых старонках змяшчаўся Статут і Праграма камсамола.

Камсамольская ячэйка папоўнілася хлопцамі з суседніх вёсак і налічвала ўжо больш трыццаці членаў. Разгортвалася палітасветная работа сярод вясковай моладзі. Нягледзячы ні на якія цяжкасці, камсамольскі рух стаў настолькі масавым, што ніякая сіла яго стрымаць не магла.

Гэты самы дух дапамагаў у барацьбе з ворагам і падчас падзей Вялікай Айчыннай. Камсамольскай працай у раёне спачатку кіравалі палітработнікі партызанскага атрада, пазней 27-й брыгады ім. Чапаева, са жніўня 1942 г. – Слуцкі міжрайкам ЛКСМБ, а з красавіка 1943 г. – Капыльскі падпольны РК ЛКСМБ (сакратары Віктар Сергіеня, Аляксандр Кандыбовіч, Уладзімір Лобан). Ва ўсіх атрадах і ў 15 ротах брыгады былі камсамольскія арганізацыі.

Галоўным у рабоце ЛКСМБ з’яўлялася забеспячэнне перадавой ролі камсамольцаў у выкананні баявых задач. Многія і многія маладыя партызаны здзяйснялі подзвігі, на якія раўняліся астатнія. Напрыклад, Уладзімір Сыцько падарваў 6 эшалонаў праціўніка, а Ілля Чарапанаў з групай – 7. Не выпадкова з 97 лепшых партызан 27-й брыгады, прынятых з ліпеня 1943 па ліпень 1944 г. кандыдатамі ў члены партыі, 52 з’яўляліся камсамольцамі. Ячэйкі ствараліся і ў некаторых вёсках.

Пасля вайны камсамольцы дапамагалі падымаць з руінаў знішчаную ворагам краіну, пазней – асвойвалі цаліну, будавалі байкала-амурскую магістраль. Але заўсёды менавіта яны, маладыя і актыўныя, былі на перадавой лініі жыцця.

Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА