Проверка безопасных жилищных условий была в поле зрения наблюдательной комиссии Слобода-Кучинского сельисполкома

Актуально Закон. Безопасность

На гэты раз прафілактычны рэйд праводзіўся ў рамках акцыі «Старасць без насілля».

Ужо ўвайшло ў практыку наведванне домаўладанняў жыхароў раёна прадстаўнікамі адразу некалькіх суб’ектаў прафілактыкі: РАНС, РАУС, энерганагляду і электрасеткі, газавай службы, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аховы здароўя і ўпраўлення па адукацыі і іншых.

І гэта правільна — бо толькі комплекснае абследаванне дазваляе ўбачыць поўную карціну ўмоў, у якіх пражывае той ці іншы чалавек — пажылы, адзінокі, інвалід або дзіця.

Як правіла, рэйдавая група ведае, па якім адрасе накіроўвацца, паколькі чалавек, які пражывае там, ужо знаходзіцца на кантролі адной са служб.

■ Рэйдавая група правяла сустрэчу ў в. Крыніца

І вось у в. Крыніца нас сустракае мілавідная жанчына. Ёй — каля 80 гадоў, яе мужу, прыкаванаму да інваліднай каляскі, — прыкладна столькі ж. Гэта людзі якраз з той катэгорыі, якой патрабуецца найбольшая ўвага: узрост і фізічныя магчымасці не дазваляюць ім у поўнай меры самастойна клапаціцца пра ўласную бяспеку.

У доме акуратна прыбрана. Супрацоўнік МНС правярае аўтаномны пажарны апавяшчальнік — працуе.

Пра жыццё-быццё сям’і, стан здароўя, ці часта наведваюць дзеці, цікавіцца спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Валянціна Міхайлоўская.

У астатніх членаў назіральнай камісіі пытанняў няма. А вось гаспадыня дома звярнулася да першага намесніка начальніка РАНС Вадзіма Мардасевіча з просьбай ліквідаваць асінае гняздо, якое ўтварылася ў электрычным шчытку. Выратавальнік агледзеў небяспечнае месца, прымяніў сродкі бытавой хіміі і праз некаторы час зняў гняздо. Так што і такія выпадкі бываюць падчас рэйдавых мерапрыемстваў.

…З парога хаты адчуваецца пах дыму — гаспадар, аказваецца, нядаўна паліў печ. Вядома ж, у хаце знаходзіцца хворая маці паважанага ўзросту, таму ёй патрэбна цяпло.

— Гэта толькі пакуль разгарэлася, найшло дыму, а потым будзе нармальна, — запэўнівае мужчына.

Сапраўды печ мае трэшчыны, таму на ліквідацыю няспраўнасцей далі некалькі часу да ацяпляльнага сезона.

— За дзень рэйдавая група павінна наведаць каля дзесяці домаўладанняў, — адзначае старшыня сельвыканкама Нэлі Гусева. — Да адных гаспадароў у членаў камісіі не ўзнікае пытанняў, у іншых выяўляюцца парушэнні. Камусьці прыходзіцца нагадваць, каб паправілі печ або замянілі элемент сілкавання ў апавяшчальніку, а хтосьці расказвае, што пасля мінулага рэйду па рэкамендацыі спецыялістаў ужо замяніў у доме праводку. Да таго ж, не заўсёды можаш застаць гаспадароў дома, таму даводзіцца вяртацца, ды не адзін раз.

Увогуле такія праверкі носяць двухбаковы характар — пытанні тут задаюць не толькі правяраючыя, але і жыхары могуць падзяліцца сваімі праблемамі. Так адбылося ў в. Крыніца. Мясцовыя жыхары, дачнікі правялі своеасаблівы вясковы сход. Былі зададзены пытанні па абкошванні пустуючых участкаў, спілоўванні аварыйных дрэў і іншыя. Члены назіральнай камісіі ўзялі іх на кантроль.

Сяргей КОЗЕЛ

У тэму

Як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, у раёне створаны і працуюць 11 назіральных камісій (10 пры сельвыканкамах і адна ў горадзе), якія аб’ядноўваюць 172 прадстаўнікоў зацікаўленых структур прафілактыкі. З пачатку года праведзена абследаванне 7901 домаўладання. Для ўхілення парушэнняў і заўваг накіравана 561 інфармацыя зацікаўленым структурам.