В филиале Автопарка № 21 прошла акция «Минщина культурная — за Беларусь»

Актуально Культура

У рамках абласной акцыі «Міншчына культурная – за Беларусь» калектывы ўстаноў культуры расказваюць пра паслугі, якія аказваюцца ў іх сферы, праводзяць прэзентацыі дзейнасці гурткоў, студый, ансамбляў і груп, распавядаюць пра беларускія традыцыі. Не абыходзіцца, вядома, і без яркіх канцэртаў і выстаў.

Адным з першых культурную акцыю на Капыльшчыне прымаў філіял Аўтапарк № 21.

■ Вольга Радкевіч і Ірына Шкуцько прэзентуюць работу Цімкавіцкай бібліятэкі

Для працаўнікоў прадпрыемства прэзентавалі сваю дзейнаць установы культуры, размешчаныя ў аграгарадку Цімкавічы. Арганізатарам мерапрыемства выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Капыльскага райвыканкама.

Святочны тон мерапрыемству задалі выканаўцы Дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Карповіч і Дзмітрый Масілевіч, сельскага Дома культуры Святлана Мірошнік, Валянціна Бярновіч, Зінаіда Азарчык, Русаліна Манюк. Літаральна зарадзіў усіх весялосцю і аптымізмам Алег Голубеў (дарэчы, работнік аўтапарка па дагаворы). З цікавасцю слухалі прысутныя прэзентацыю работы Цімкавіцкай бібліятэкі, якую прапанавалі загадчык Вольга Радкевіч і бібліятэкар Ірына Шкуцько.

■ Выступаюць Аляксандр Карповіч і Дзмітрый Масілевіч

– Музыка не мае межаў, яна аб’ядноўвае людзей розных узростаў, прафесій, нацый, – адзначыла дырэктар Цімкавіцкай ДШМ Алена Бельская. – Гэта мова, якую разумеюць усе. І мы з задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі «Міншчына культурная – за Беларусь». Сваімі выступленнямі падкрэсліваем: няхай мы і абсалютна розныя, але сёння, як ніколі, павінны быць адзіныя. Для таго, каб у нашай краіне была стабільнасць, не адбывалася расколу ў грамадстве, а людзі пачалі разумець адзін аднаго.

Усе выступленні былі цёпла ўспрыняты гледачамі, якія падтрымлівалі артыстаў бурнымі апладысментамі.

– Мы рады, што нам была дадзена такая магчымасць – і пабываць на канцэрце, і паўдзельнічаць у акцыі ў падтрымку Беларусі, – адзначыў дырэктар аўтапарка Уладзімір Сахар. – Бо Беларусь – гэта мы! Гэта нашы дзеці, бацькі. Гэта нашы песні, культура. Сёння вельмі важна захаваць адзінства і цэласнасць нашай краіны, яе культуру і традыцыі для будучых пакаленняў. Да таго ж, было вельмі цікава і карысна даведацца пра работу ўстаноў культуры, што размешчаны ў нашым аграгарадку.

Сяргей КОЗЕЛ