Докторовичские аграрии ведут уборку кукурузы на силос

Актуально Экономика

Клопатаў зараз у сельскіх працаўнікоў хоць адбаўляй. Звозка цюкоў і рулонаў саломы з палеткаў, узворванне глебы, сяўба азімых культур. Наступіў час і ўборкі кукурузы. А яна хлебаробаў КСУП «Доктаравічы» радуе.

Для механізатара Алега Леановіча (на здымку) сёлетні корманарыхтоўчы сезон у мясцовай гаспадарцы ўжо чацвёрты. Кожны год ён старанна косіць травы, кукурузу, а зімой корміць жывёлу пажыўным сенажом і сіласам.

— Кожны гектар дае ў сярэднім па 250 цэнтнераў зялёнай масы, гэта пакуль што мы ўбіраем падсушаныя ўчасткі, потым мяркуем атрымліваць больш, — адзначае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Міхаіл Яршук. — Поле не ашукаеш. Добра заправіш арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі — будзе аддача. А на пустой зямлі нічога не вырасце. Мы ўнеслі дастатковую колькасць угнаенняў перад сяўбой, падкармілі належным чынам. Вось і вырасла кукуруза. Паедзем на поле, самі пабачыце…

І вось мы ва ўрочышчы каля в. Вуглы. Назіраем, як кукурузныя сцябліны здрабняюцца кормаўборачным комплексам «КВК», якім кіруе руплівы механізатар Алег Леановіч. Як толькі здробненай масай напаўняўся прычэп ці кузаў, да комплексу хутка пад’язджаў чарговы аўтамабіль ці трактар.

— Пакуль што працуе адзін комплекс, калі спатрэбіцца, то пусцім у поле і другі, — працягвае Міхаіл Анатольевіч. — Закладваем сілас ля фермы ў Вуглах. У дзень у сярэднім каля 600 тон. На закладцы абавязкова прысутнічае адказная — аграном-насеннявод Таццяна Саматыя, кантроль за масай праводзяць спецыялісты  гаспадаркі і з раёна.

— Тэхнікі для адвозкі хапае? — пытаемся.

— На жаль, давялося прыйсці да дапамогі прыватных перавозчыкаў і заказалі адну машыну са сталіцы. Зараз у камандзіроўцы ў нашай гаспадарцы знаходзіцца Сяргей Даўбейка з Мінсктрансаўта. Увогуле на адвозцы заняты тры аўтамабілі «МАЗ» і адзін трактарны прычэп. Ферма знаходзіцца непадалёку, таму пад загрузку бывае і чарга.

Аграном расказаў, што ўсяго ў сельгаспрадпрыемстве кукуруза займае 810 гектараў. Дзвесце з іх плануюць пакінуць на зерне, а з астатняй — закласці сілас.

— Пару дзён — і траншэя поўная. А ўсяго намечана назапасіць не менш за 13 тысяч тон сіласу. Думаю, што механізатары з гэтай задачай справяцца, — гаворыць Міхаіл Анатольевіч.

— Як працуецца? — пытаемся ў Алега Леановіча, які на некалькі хвілін спыніў комплекс і вылез з кабіны.

— Добра. Радуе, што кукуруза вырасла нядрэнная, хутка напаўняюцца кузавы. Прастойваць не даводзіцца, — усміхаецца Алег. — Хлопцы расслабляцца не даюць.

■ Таццяна Саматыя і Міхаіл Яршук (справа) гутараць з механізатарамі Аляксеем Баркоўскім і Аляксандрам Гірко

Накіроўваемся да фермы, дзе закладваюць сілас. Тут на трамбоўцы масы працуе магутны «Амкадор», якім кіруе Аляксандр Гірко. Механізатар добра разумее, што менавіта ад яго старання ў многім будзе залежаць якасць сіласу. Убачыўшы тое, як ідзе нарыхтоўка кармоў у КСУП «Доктаравічы», мы пераканаліся, што грамадскі статак зімой атрымае ўдосталь сакавітага сіласу.

Сяргей КОЗЕЛ