На кладбище д. Слобода-Кучинка похоронен разведчик 225-й бригады имени А.В. Суворова Владимир Мулярчик

75 лет Победы Важное

На могілках вёскі Слабада-Кучынка пахаваны разведчык атрада імя С.М. Будзённага 225-й брыгады імя А.В. Суворава Уладзімір Мулярчык. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 26 лістапада 1943 года быў пасмяротна прадстаўлены да ордэна Айчыннай вайны І ступені.

■ Сястра Валянціна з мужам Валянцінам Рубісам, які падняў чырвоны сцяг над Капылём 29 чэрвеня 1944 г., 2008 г.

Нарадзіўся ён у 1923 годзе ў сям’і служачых. Бацька Іосіф Іванавіч — член Вярхоўнага суда БССР, некаторы час працаваў суддзёй у Капылі. Маці, Марыя Пятроўна, хатняя гаспадыня, яшчэ да рэвалюцыі скончыла гімназію, выхоўвала траіх дзяцей. Мулярчыкі часта мянялі месца жыхарства, паколькі Іосіфа Іванавіча накіроўвалі на новае месца працы. Жылі ў Капылі, Ружанах, Мінску і Забайкаллі. Адтуль бацьку ў 1939 годзе прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў ён у Хабараўскім краі на пасадзе начальніка міннага аддзялення. А жонка і дзеці перад самай вайной пераехалі ў Ружаны. Там старэйшы Уладзімір скончыў сямігодку. 10-гадовую адукацыю можна было атрымаць толькі ў Слоніме, але гэта далёка, таму ён паехаў вучыцца ў Капыль, дзе жыла  бабуля Радзечка Аляксандра Гаўрылаўна.

У 1930-я гады юнакі марылі стаць лётчыкамі. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў кішэні Уладзіміра Мулярчыка ляжалі дакументы для паступлення ў Іркуцкае лётнае вучылішча. 22 чэрвеня 1941 года эшалон, у якім ехаў будучы лётчык, трапіў пад бамбёжку нямецкай авіяцыі і спыніўся. Ваенныя параілі хлопцу вярнуцца на радзіму і там біць ворага.

Пачалося жыццё ў акупацыі. Валодзя стаў членам падпольнай групы інжынера Міхаіла Ізюмскага. Збіраў для партызан зброю і боепрыпасы, перадаваў медыкаменты, перапраўляў у лес былых акружэнцаў, распаўсюджваў лістоўкі. Новыя ўлады прыглядаліся да маладога чалавека, пачалі сачыць за ім, нехта данёс у паліцыю, хто яго бацька. Рашэнне прыйшло імгненна — ісці ў партызаны. А каб не здагадаліся, куды прапаў юнак, Уладзімір імітаваў ад’езд да родных у Ружаны.

У партызанскім атрадзе імя С.М. Будзённага (з мая 1942 года) Мулярчык трапіў адразу ў разведку, бо выдатна валодаў нямецкай мовай. Хлопец удзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях, дыверсіях на чыгунцы і шашы, у нямецкай форме прабіраўся ў варожыя гарнізоны, дзе здабываў важную інфармацыю. У яго паслужным спісе Раёўскі, Браткаўскі, Лаўскі і іншыя баі.

Вясной 1943 года 225-я брыгада імя Суворава вярнулася на Капыльшчыну з  Палесся. 9 красавіка Уладзімір разам з сябрам і аднакласнікам Уладзімірам Чарнушэвічам (мянушка Багамаз) у чарговы раз адправіліся ў разведку. На скрыжаванні дарог Капыль–Слабада-Кучынка і Старыца –Бабоўня паліцаі з Капыля арганізавалі засаду. Сярод здраднікаў быў аднакласнік Мулярчыка, які яго пазнаў, паклікаў. Разведчыкі спынілі коней і тут жа былі выбіты з сёдлаў. Допыт быў кароткі. Партызаны нічога не сказалі ворагам. Смерць была жудаснай – двум сябрам фашысцкія найміты распаролі жываты кінжаламі, а каб не крычалі, запіхнулі ў рот бутэлькі. Так трагічна абарвалася жыццё маладых людзей.

Гэтай жа ноччу бабулю Аляксандру Гаўрылаўну адправілі ў партызанскі атрад, у якім яна знаходзілася да вызвалення Капыльшчыны.

Разведчыкаў спачатку пахавалі на месцы іх гібелі, але магілу некалькі разоў разбуралі паліцаі. Каб такога больш не адбылося, партызаны пусцілі чутку, што пахаванне замініравана. Пасля вызвалення Беларусі астанкі перанеслі на грамадзянскія могілкі вёскі Слабада-Кучынка.

Падчас наступлення нашых войскаў у Ружанах маці Марыя Пятроўна выходзіла сустракаць калоны чырвонаармейцаў, уважліва ўглядалася ў іх твары. Пытала ўсіх, хто з Капыля? Можа, хто чуў пра сына?  Знайшліся землякі. Хтосьці на яе пытанне моўчкі апусціў вочы. Жанчына адразу аб усім здагадалася. Праз некалькі тыдняў атрымала пахавальны ліст на мужа Іосіфа Іванавіча – ваеннага юрыста 2-га класа і члена ваеннага трыбунала, які змагаўся ў складзе ваеннай флатыліі і загінуў падчас абароны Ленінграда. Толькі ў 1947 годзе яна атрымала Валодзеў ордэн.

Родныя Уладзіміра Мулярчыка свята захоўваюць памяць пра сваіх блізкіх. На іх сродкі ў 2008 годзе ўстаноўлены помнік, на якім побач з прозвішчамі  партызанскіх  разведчыкаў  выбіта  прозвішча бацькі І.І. Мулярчыка.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»