Он родом из Скабина: исполнилось 95 лет заслуженному деятелю культуры Беларуси Сергея Михальчука

2018-2020 - год малой Родины Актуально

14 жніўня споўнілася 95 год з дня нараджэння нашага земляка, беларускага пісьменніка, перакладчыка, заслужанага работніка культуры Беларусі Сяргея Міхальчука.

А каб даведацца пра славутага дзеяча, накіраваліся на малую радзіму  літаратара – у аграгарадок Скабін. Родны брат Максім Апанасавіч Міхальчук і яго сям’я беражліва захоўваюць памяць пра свайго знакамітага сваяка і, разглядаючы старыя фатаграфіі, дакранаюцца да гісторыі яго жыцця і дзейнасці, забытыя моманты ўсплываюць у памяці і дазваляюць перажыць іх па-новаму. Спатрэбіліся таксама і пажоўклыя старонкі раённай газеты «Слава працы».

Нарадзіўся хлопец у шматдзетнай сялянскай сям’і. Будучы класік спярша вучыўся ў пачатковай школе ў родным Скабіне, а сярэднюю адукацыю атрымаў у Капылі (зараз гімназія № 1). Вучоба давалася лёгка,  а пасля заняткаў ён няньчыўся з малодшымі братамі Максімам і Анатолем, з паперы і дрэва майстраваў ім цацкі, апавядаў казкі, падслуханыя ад маці.

—  Мой брат вучыўся добра, — з цеплынёй расказвае Максім Апанасавіч. — Ён — наш гонар: старэйшыя класы нават закончыў за адзін год. Вечарамі да нас часта заходзілі яго сябры. Яны многа чыталі і расказвалі розныя байкі пра вясёлых «скабінцоў».  Я слухаў, пакуль не засынаў…

Але планы разбурыла вайна. У першыя яе дні, абараняючы ўкраінскі горад Львоў, загінуў брат Пётр, а старэйшы Міхаіл — пры вызваленні Польшчы. З артыкула нашага калегі Івана Ігнатчыка даведваемся: «Міхальчукі не змірыліся з акупацыяй, чым маглі дапамагалі партызанам. Бацька разам з Сяргеем збіралі ў скабінцоў па рэшаце жыта і цёмнай ноччу адвозілі партызанам у лес. І даводзілася рабіць гэта не раз, бо вяскоўцы неслі да Міхальчукоў і сыр, і масла, і сала, ведаючы, што сувязныя завязуць прадукты іх сынам, якія змагаюцца з ворагам».

У 1944 г. Сяргей быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Усходняй Прусіі, штурмаваў Кёнігсберг. Ордэн Айчыннай вайны I ступені і шматлікія медалі сведчаць, што кожную з высокіх узнагарод наш зямляк заслужыў адвагай і воляй да перамогі.

— Калі мой брат са сваім аддзяленнем атакавалі дом, дзе заселі гітлераўцы, варожы снайпер трапіў яму  ў галаву, — працягвае Максім Апанасавіч. — Ледзь выратавалі ваенныя ўрачы, амаль год праваляўся ў шпіталі горада Молатава (Расія). Там і пазнаёміўся з будучай жонкай Галінай, якая падкормлівала яго ягадамі чаромхі. Разам выгадавалі двух дзяцей, Аляксандра і Ірыну, якія сталі перакладчыкамі.

Дэмабілізаваўшыся, Сяргей у 1946 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога і быў накіраваны на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР (пазней — «Беларусь»). У 1972—1980 гг. — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Мастацкая літаратура».

■ Сяргей і Галіна Міхальчукі, 1953 г.

У друку Сяргей Міхальчук пачаў выступаць з 1949 г. (абласная газета «Пінская праўда»). Першае апавяданне для дзяцей надрукаваў у 1955 г. (газета «Піянер Беларусі»). Напісаў для дзяцей зборнікі апавяданняў, аповесцей «Сто прыгод за адзін дзень» (1963), «Паштальён, шырэй крок!» (1968), «Зялёны лісточак» (1974), «Першы след» (1985). У артыкуле «СП» «Чалавек, якім мы ганарымся» за 9 жніўня 1995 г. былы бібліятэкар Скабінскай сельскай бібліятэкі Іна Міхнавец пісала: «У гэтых кнігах пісьменнік расказвае пра справы хлопчыкаў і дзяўчынак, аб іх працы, адпачынку, аб фарміраванні характару дзяцей. Героі пісьменніка дапытліва ўглядаюцца ў навакольны свет,  пазнаюць хараство роднай зямлі, вялікую цану працы сваіх бацькоў. Пра тых, хто поруч з  дарослымі змагаўся ў гады вайны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.  Для твораў Сяргея Міхальчука характэрны псіхалагізм, разуменне ўнутранага свету дзяцей. На прыкладзе сваіх герояў аўтар вучыць чытачоў быць сумленнымі, дружнымі».

■ З кнігай брата — Максім Міхальчук, 2020 г.

— У кнігах імёны выдуманыя, але ўсе прататыпы адсюль, са Скабіна, — дадае пляменніца Міхальчука Алена. — Пісаў ён таксама і аб сваіх дзецях, сябрах і знаёмых.

Што можа быць лепш за вёску, дзе ўсё так знаёма і блізка: родная хата, сцяжынка ад варот, кожны лісцік на дрэве нагадвае пра дзяцінства. Можа, таму тэма роднай старонкі з яе гістарычнай мінуўшчынай, спрадвечнымі марамі і жыццёвымі клопатамі тутэйшых жыхароў стала асноўнай у яго творах.

—  Дзядзька Сяргей вельмі любіў сваю родную вёску, — прадаўжае Алена. — А яшчэ ён любіў родную мову, лічыў, што чалавек абавязкова павінен ведаць сваю нацыянальную мову, каб яна не стала «мёртвай». Таму па-беларуску размаўляў ён з роднымі, сябрамі і калегамі. Любіў і вясковую ежу: яечню, мачанку, зацірку. Ён хацеў паказаць людзям свае вытокі: таму ўсе свае творы, як і пераклады з іншых моў, ён пісаў толькі па-беларуску.

Дзякуючы Міхальчуку, па-беларуску загучалі творы А. Гайдара, Б. Жыткова, В. Біянкі, А. Вішні, Л. Панцялеева, В. Асеевай, Л. Варанковай, М. Дубава, Я. Пермяка, Ч. Айтматава, І. Неверлі, а таксама зборнік украінскіх народных казак і інш.

Пахаваны наш зямляк у роднай вёсцы — на скабінскіх могілках. Яшчэ пры жыцці ён завяшчаў частку сваёй бібліятэкі Скабінскай сельскай бібліятэцы (цяпер клуб-бібліятэка). Жонка пісьменніка яго просьбу выканала і перадала кнігі. Чытачы ўдзячны за гэты падарунак: ёсць не толькі яго кнігі, але манаграфіі і аўтабіяграфічныя даведнікі пра пісьменніка.

Не засталіся ўбаку ад святкавання адметнай даты ўстановы культуры Капыльшчыны. На працягу жніўня ў краязнаўчым кутку Капыльскай дзіцячай бібліятэкі і Скабінскім клубе-бібліятэцы арганізавана выстава, прысвечаная 95-годдзю з дня нара-джэння нашага знакамітага земляка.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *