На Копыльщине началось досрочное голосование на выборах Президента Беларуси

Актуально Выборы-2020

З 4 па 8 жніўня ўключна жадаючыя змогуць прагаласаваць з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін. Непасрэдна ў дзень выбараў, 9 жніўня, галасаванне будзе праводзіцца з 8 да 20 гадзін.

На Цімкавіцкі гарадскі выбарчы ўчастак № 22, які размяшчаецца ў будынку ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс», у першы дзень галасавання ўжо зранку ішлі выбаршчыкі. Аднымі з першых яшчэ да адкрыцця ўчастка прыйшла сям’я Віталя і Наталлі Жук (на здымку). Дзверы выбарчага ўчастка адчыніліся роўна ў 10.00.

— Выбары для нас — гэта сапраўднае свята, — адзначыла сямейная пара, — мы не прапускаем ні дэпутацкіх, ні прэзідэнцкіх. Упэўнены, што кожны беларус, не абыякавы да лёсу сваёй Радзімы, павінен прыняць удзел у гэтай палітычнай падзеі.

Сям’я Жук датэрмінова прагаласавала таму, што звычайна выконваць грамадзянскі абавязак яны ідуць усе разам. А сёлета ў дзень выбараў так не атрымаецца, бо Віталь Аляксандравіч з’яўляецца членам раённай выбарчай камісіі і ў асноўны дзень галасавання будзе заняты. Таму вырашылі прагаласаваць датэрмінова.

Увогуле ж Віталь і Наталля займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Віталь працуе кіраўніком практыкі ў Капыльскім дзяржаўным каледжы, неаднаразовы ўдзельнік шматлікіх мерапрыемстваў, што ладзяцца ў навучальнай установе, раёне, а то і ў вобласці. Наталля — выхавальнік ясляў-сада № 1 г. Капыля, яна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег-педагогаў. Выхоўваюцца ў сям’і дзве дачкі — Ксенія і Дар’я.

Ход першага дня датэрміновага галасавання пракаменціравала старшыня Цімкавіцкай гарадской участковай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 22 Ірына Пабока:

— На выбарчым участку № 22 маюць права галасаваць звыш тысячы чалавек, з іх дзевяць будуць рабіць гэта ўпершыню, акрэдытавана 11 назіральнікаў ад розных грамадскіх аб’яднанняў і насельніцтва. Выбарчы ўчастак аснашчаны згодна з заканадаўствам. Для выбаршчыкаў прызначаны дзве кабінкі. Памяшканне, у якім працуе камісія, утульнае, ёсць уся неабходная мэбля. Дарэчы, сёлета для зручнасці яно размясцілася на першым паверсе, блізка каля ўваходу. Зроблены неабходны рамонт. Асобнае месца падрыхтавана для назіральнікаў, яны маюць магчымасць свабодна і без перашкод працаваць.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *