На днях в Копыльском районе чествовали экипажи комбайнеров, намолотивших более 1000 тонн зерна

Актуально Минщина, мы тобой гордимся! Ступени успеха Экономика

Першымі ў раёне знакавай для хлебаробаў лічбы сёлета дасягнулі механізатары з УП «ПІК-Лясное» Сяргей Клочка і Мікіта Грушэвіч.

Трыумфатараў жніва віталі на ўскрайку поля каля вёскі Бабоўня. З высокімі працоўнымі дасягненнямі іх павіншавалі старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык, яго першы намеснік — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталь Ракевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Сцяпура і дырэктар гаспадаркі Леанід Буцевіч.

 

У гонар тысячнікаў прагучалі песні ў выкананні калектыву «Лоцвінскія ўдалухі». Такая ўвага да перадавікоў, шматлікія словы ўдзячнасці ў іх адрас, а таксама ўручаныя падчас цырымоніі дыпломы, падзякі, грашовыя прэміі і падарункі сталі яскравым пацвярджэннем таму, што нялёгкая праца хлебаробаў не толькі не застаецца без увагі, але і высока цэніцца.

Дарэчы, акрамя традыцыйнай для такіх выпадкаў фотаздымкі для раёнкі, Сяргей Клочка і Мікіта Грушэвіч трапілі і ў аб’ектыў камеры галоўнага тэлеканала краіны «Беларусь 1». Так што аб плённай працы аграрыяў з Капыльшчыны будзе вядома далёка за межамі нашага раёна.

І яны гэтага сапраўды вартыя. Так, імя Сяргея Клочкі ўжо не першы сезон значыцца ў ліку лепшых хлебаробаў. У мінулым годзе яны разам з братам Дзмітрыем нават устанавілі своеасаблівы рэкорд — сталі першымі ў раёне тысячнікамі, а неўзабаве ўзначалілі і спіс тых, хто пераадолеў двухтысячны рубеж. Сёлетні ж памочнік Сяргея Уладзіміравіча пасля службы ў арміі робіць толькі першыя крокі ў справе жніва. Аднак працавітасць, адказнасць і стараннасць хлопца дазволілі і яму ўнесці важкі ўклад ў каравай гаспадаркі.

Акрамя гэтых герояў дня ў цэнтры ўвагі апынуўся і сямейны экіпаж Сяргея і Алены Мікулічаў. Хаця ў гаспадарцы муж і жонка працуюць даўно, у такім прафесійным тандэме яны аказаліся ўпершыню. І эксперымент ўдаўся — да запаветнай чатырохзначнай лічбы на момант мерапрыемства ў іх не хапала зусім крыху.

Пасля цырымоніі ўшанавання аграрыяў з «Ляснога» Сяргей Пілішчык, Віталь Ракевіч і Ірына Сцяпура накіраваліся ў КСУП «Доктаравічы», дзе да іх далучыліся дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Шарупіч і інжынер па ахове працы, старшыня прафкама Ларыса Прахарэня. У такім складзе яны завіталі на адно з угоддзяў гаспадаркі, каб з працоўнай перамогай павіншаваць чарговы экіпаж-тысячнік у складзе Уладзіміра Вярбілы і Сяргея Карабейкі.

Калі Уладзімір Аляксандравіч у гаспадарцы працуе пастаянна, то Сяргей Яўгенавіч, работнік Капыльскай ЖКГ, толькі на час летняга адпачынку прыходзіць на дапамогу ў гарачую пару жніва. У адрозненне ад сваіх лясноўскіх калег, якія курсіруюць па палетках на імпартным Нью-Холандзе, лідэры «Доктаравічаў» пакараюць хлебныя вяршыні на айчынным КЗС-1218. Пры гэтым дуэт вопытных работнікаў з году ў год нязменна трапляе ў спіс передавікоў.

А днём пазней Віталь Ракевіч, Ірына Сцяпура і кіраўнік ААТ «Скабін» Аляксандр Хвіцько праслаўлялі вадзіцеля, які першы ў раёне адвёз ад камбайна тысячу тон зерня. Самым хуткім у сезоне-2020 аказаўся скабінскі работнік Мікалай Маліноўскі. Мікалай Васільевіч у гаспадарцы працуе ўжо чатыры дзясяткі гадоў. І за такі салідны стаж колькасць яго дасягненняў — у тым ліку і па заваяванні тысячных рубяжоу — падлічыць цяжка.

Усе хлебаробы, якім давялося прымаць віншаванні, — вельмі сціплыя працаўнікі. Пры гэтым, як яны шчыра запэўнілі, нават не задумваюцца аб тым, на карысць якой вялікай справы працуюць — проста стараюцца добрасумленна выконваць свае прафесійныя абавязкі. Да празмернай увагі лідары жніва таксама не прывыклі. А вось застацца сам-насам з нівай, дзе яны могуць гектар за гектарам рухацца наперад да папаўнення хлебнай скарбніцы і, магчыма, да ўласных новых перамог — ім па душы.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *