Водитель ПАСЧ № 1 г. Копыля Виктор Лосев награжден медалью «За безупречную службу» III степени

Актуально Закон. Безопасность

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Капыля Віктар Лосеў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені.

– Калі пасля пажару атрымалася захаваць чалавечае жыццё – гэта самая лепшая ўзнагарода для нас як для ратавальнікаў, – упэўнены Віктар Лосеў.

Тое, што ўзнагарода сапраўды заслужаная, пацвярджае той факт, што Віктар у пажарнай службе ўжо крыху больш за 20 гадоў. Ён прыйшоў у Капыльскі РАНС, можна сказаць, па закліку сэрца. І вось увесь гэты час ад яго аператыўнасці залежыць хуткасць прыбыцця пажарных на месца здарэння.

— Мяне прыцягвае тое, што мая прафесія патрабуе вялікай адказнасці, — расказвае Віктар Уладзіміравіч. — Тут строгая дысцыпліна і рэжым. А мне гэта падабаецца.

Не сакрэт, што супрацоўнік пажарнай службы павінен быць адважным, мець выдатную фізічную форму, валодаць тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі па барацьбе са стыхіяй. Усім гэтым валодае Віктар. Па яго словах, ён рады дапамагаць людзям, выратоўваць іх жыцці.

— У такія моманты разумееш сваю запатрабаванасць і карысць, якую ты прыносіш людзям, — адзначыў старшы прапаршчык унутранай службы Лосеў. — За дваццаць гадоў пабачыў многае. Але ўсе адмоўныя эмоцыі стараюся забываць, хоць усё роўна яны захоўваюцца ў памяці. Некаторыя думаюць, што да ўсяго можна прывыкнуць, але памыляюцца: да гора, нават чужога табе чалавека, прывыкнуць немагчыма! Няхай будзе лепш больш вучэнняў, чым баявых выездаў.

Абраная прафесія Віктару Лосеву падабаецца і ні пра якую іншую гаворкі быць не можа, бо дэвіз яго і каманды, з якой ён працуе: «Хто, калі не мы?!»

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *