Травы первого укоса убирают на участках ф-ла «Лакнея» УП «ПриортрансАгро»

Актуально Экономика

Сёння важна – убраць травы ў аптымальныя тэрміны, пакуль іх пажыўныя якасці найбольш высокія. Менавіта гэта ўмова дазволіць нарыхтаваць кармы, багатыя цукрам, пратэінам і з нізкай кіслотнасцю. Тады іх з задавальненнем з’есць жывёла і аддзякуе за клопат высокімі надоямі і значнымі прывагамі. Да таго ж аператыўнасць дасць магчымасць атрымаць паўнавартасныя другі і нават трэці ўкосы.

Намеснік дырэктара ф-ла «Лакнея» па раслінаводстве Аляксандр Пілецкі пазнаёміў з асноўнымі момантамі нарыхтоўкі сенажу – менавіта на яго вырашана зрабіць упор у пачатку корманарыхтоўчай кампаніі. Дарэчы, планы перад гаспадаркай стаяць даволі сур’ёзныя: у сянажна-сіласныя траншэі неабходна пакласці не менш за 20 тысяч тон сенажу, столькі ж сіласу, а яшчэ назапасіць 1800 тон сена. Тым самым будзе забяспечаны паўтарагадовы запас кармоў на новы сезон. Для ўборкі траў першым укосам адведзена 1782 га, з іх 554 га – люцэрна. Папярэдне травы падкармілі калійнымі ўгнаеннямі, азотам.

У дзень, калі мы наведаліся ў філіял «Лакнея», там распачалі закладку першай траншэі аб’ёмам каля дзвюх тысяч тон. Паводле слоў Аляксандра Аляксандравіча, на поўную яе закладку адведзена тры дні, а на чарзе суседнія: яны ўжо вычышчаны, пабелены. За ходам работ назіраюць падлікоўцы – іх функцыя – фіксаваць колькасць дастаўленай сянажнай масы кожнай з 14 адзінак тэхнікі, занятых на адвозцы здробненай і правяленай травы ад корманарыхтоўчых комплексаў.

Два магутныя трактары – «Фэндт» і «Амкадор» – старанна прасуюць коламі шматслойны зялёны дыван. У кабінах вопытныя механізатары Яўген Таран і Сяргей Давідоўскі. За выкананнем патрабаванняў тэхналогіі закладкі траншэі пільна сочаць ветспецыялісты гаспадаркі: перыядычна вымяраюць вільготнасць і тэмпературу, паколькі ад гэтага залежыць якасць будучага корму.

■ На трамбоўцы заняты Яўген Таран і Сяргей Давідоўскі

Зялёную масу возяць з угоддзяў, размешчаных непадалёк вёскі Камсамольская. Мы наведаліся і туды. Два магутныя «Фэндты» з шыроказахватнымі касілкамі фірмы Krone, якімі кіруюць Аляксандр Карпучок і Іван Васцьянаў, імкліва снавалі па полі, пакідаючы пасля сябе роўныя пракосы. Хутка сюды перабазіруецца іншая тэхніка, трэба толькі, каб пракосы крыху правялі. І тады эстафету прымуць корманарыхтоўчыя комплексы «Нью Холанд». А пакуль яны працуюць на суседнім полі.

■ Механізатары Аляксандр Карпучок і Іван Васцьянаў заняты на кашэнні траў

Алег Майсюк і Аляксандр Давідоўскі старанна падбіраюць правяленую масу, якая затым імклівым ручаём сыплецца ў трактарныя прычэпы і кузавы аўтамабіляў. Дарэчы, комплексы абсталяваны спецыяльнымі прыстасаваннямі, адкуль здробненая трава шчодра прыпраўляецца кансервантамі для паляпшэння якасці ферментацыі, павелічэння «карысных» бактэрый у зялёнай масе.

■ Алег Майсюк: трава падвялілася, можна ўбіраць

Механізатарскі стаж у Алега Яўгенавіча ўжо 32 гады, тры дзясяткі з іх ён працуе на капыльскіх палетках. Менавіта столькі гадоў таму чарнобыльская навала сагнала яго сям’ю з родных мясцін, што ў Хойніцкім раёне. Вырашылі ехаць на радзіму Алегава бацькі – на Капыльшчыну. У Камсамольскай атрымалі дом, тут выраслі двое сыноў. Дарэчы, старэйшы Дзмітрый працуе разам з бацькам у ф-ле «Лакнея», таксама трактарыст, а падчас уборачнай кампаніі становіцца для бацькі напарнікам на збожжаўборачным камбайне.

– За ўчарашні дзень, – расказвае Алег Майсюк, – падабраў 362 тоны правяленай масы. Не скажу, што гэта вельмі шмат, паколькі падчас уборкі люцэрны атрымліваецца і па 600–700 тон. Спадзяюся, што так і будзе, калі пяройдзем на палеткі, дзе расце гэта культура. А так працуецца добра. За 26 гадоў, пакуль займаюся нарыхтоўкай сенажу, дакладна вывучыў сваю тэхніку. Раніцай стараюся прыйсці на мехдвор крыху раней, каб уважліва агледзець камбайн, падрыхтавацца да працоўнай змены. Двойчы на дзень нам на поле прывозяць гарачае харчаванне.

Задаволены работай сваіх падначаленых і Аляксандр Пілецкі. Гаворыць, што ў гаспадарцы падабраўся сапраўды зладжаны калектыў аднадумцаў, якія мэтанакіравана працуюць над вырашэннем пастаўленых задач.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *