«Слава працы» — 90! О том, что писала районка в разные годы в последние дни марта

"Слава працы" - 90 лет! Актуально Общество

Пра што пісала раёнка ў розныя гады ў апошнія дні сакавіка. У вытрымках з тэкстаў захаваны стыль і арфаграфія таго часу.

1964 г.

Угнаенні размывае вада

У аддзяленні «Чырвоная Беларусь» саўгаса імя Дзяржынскага мала сваіх тарфянікаў. Для таго, каб папоўніць недахоп арганічных угнаенняў, гаспадарка закупіла сотні тон ТМАУ і тарфакрошкі. Цяпер іх завозяць у брыгады. Але на захаванне ўгнаенняў тут не звяртаюць ніякай увагі.

У пятай паляводчай брыгадзе, якую ўзначальвае П., тарфакрошку і ТМАУ ссыпаюць невялікімі кучкамі ля кароўніка. Пачаў раставаць снег, і каля 300 тон каштоўных угнаенняў апынулася ў вадзе. Паправіць дапушчаную памылку можна, але гэта нікога не турбуе.

У брыгадзе не па-гаспадарску захоўваюцца і мінеральныя ўгнаенні. З восені сюды завезена 10 тон грануляванага суперфасфату. Яго размясцілі ў гумне, у якім няма страхі. Угнаенні засыпаў снег. А цяпер вада размывае і мінеральныя тукі.

Дырэкцыя і партыйная арганізацыя саўгаса павінны сур’ёзна разабрацца з безгаспадарчасцю і пакараць віноўных.                                            А. БОХАН

1969 г.

Усімі паважаная сям’я

Іосіф Паўлавіч Раеўскі шмат гадоў працаваў на кармакухні і кладаўшчыком у былым калгасе «Бальшавік» (цяпер саўгас «Прамень»). Працаваў заўсёды добрасумленна. А да рэвалюцыі быў Іосіф Паўлавіч бедняком, прымаў удзел у бурных падзеях 1917 года ў Петраградзе. У часы  Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам. Цяпер І.П. Раеўскі – пенсіянер. Жонка Іосіфа Паўлавіча – Любоў Антонаўна – таксама на пенсіі.

У Іосіфа Паўлавіча і Любові Антонаўны пяцёра дзяцей. Дзякуючы нашаму ладу, усе яны атрымалі адукацыю. Бацькі далі дзецям добрае выхаванне. Старэйшы сын – Саша –  працуе бухгалтарам, другі – Павел – юрыстам, дачка – Вера – паштальёнам, Фаіна – культработнікам, Мая – настаўніцай.

Дзеці Раеўскіх, як і бацькі, ветлівыя і сумленныя людзі, таму і любяць гэтую сям’ю ў Лугавой.

А. КАЗЛОЎСКІ, рабочы саўгаса «Прамень»

1971 г.

Не разгубіліся

Не так даўно, ідучы на работу, Уладзімір Іванавіч Чарніковіч пачуў пах дыму. Спачатку ён не звярнуў на гэта ўвагі і спакойна пайшоў далей. Але потым спыніўся. «Дымам жа цягне ад кароўніка, – схамянуўся У.І. Чарніковіч. – Трэба паглядзець».

І ён павярнуў назад. А ў кароўніку ўжо гаспадарыў агонь. Ён бушаваў у тамбуры: гарэла салома, якая ляжала там на подсціл жывёле.

Уладзімір Іванавіч не разгубіўся і адразу ж уступіў у барацьбу з агнём. Даярка Ніна Страленя тым часам паклікала на дапамогу людзей. Хутка на месца здарэння прыбеглі калгаснікі І.П. Прыма, В.В. Пуцейка, В.П. Прыма, У. Мяшэчак. Спрытна арудаваў вогнетушыцелем заатэхнік калгаса Я.І. Фінке. Сваімі ўмелымі і своечасовымі дзеяннямі людзі не далі распаўсюдзіцца агню. А ў хуткім часе прыбыла пажарная машына, і пажар быў ліквідаван.

Праўленне калгаса «Бальшавік» падзякавала ўсім, хто прымаў удзел у тушэнні пажару, выратаваў жывёлу і памяшканне ад агню.

В. МАКСІМЕНЯ, старшы пажарнік

1975 г.

У наступе на балоты

Ударнай працай вырашылі адзначыць дзень масавага камуністычнага суботніка рабочыя і інжынерна-тэхнічныя работнікі ПМК-11. Механізатары будуць працаваць на сваіх рабочых месцах на аб’екце «Авангард» калгаса «1 Мая», на будаўніцтве мастоў у саўгасах «Цімкавіцкі» і «Лясное». Зменныя нормы выпрацоўкі меліяратары абавязаліся намнога перавыканаць. Інжынерна-тэхнічныя работнікі зоймуцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Заробленыя грошы ў дзень суботніка будуць пералічаны ў фонд дзевятай пяцігодкі.

В. БОХАН, сакратар партыйнай арганізацыі ПМК-11  

1981 г.

Першае свята

З прыўзнятым настроем выйдуць на камуністычны суботнік, прысвечаны 111-й гадавіне з дня нараджэння У.І. Леніна, навучэнцы Капыльскага СПТВ-67. Гэта першае свята ў іх працоўных біяграфіях і, вядома, надоўга западзе ў памяць.

Згодна складзенага плана 120 чалавек 18 красавіка зоймуцца зборам камення на палетках калгаса «Ленінец», каля 30 навучэнцаў – добраўпарадкаваннем тэрыторый ля будынка вучылішча.

Дзве групы ў складзе 60 чалавек будуць праходзіць вытворчую практыку ў калгасах «Пралетарый», «Кастрычнік», імя Войкава, «Авангард» і іншых гаспадарках. Заробленыя грошы пералічым у фонд пяцігодкі.

В. БАРЫСАЎ, дырэктар Капыльскага СПТВ-67.

Падборку падрыхтавала Марыя ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *