Старший инспектор ДПС ОГАИ Копыльского РОВД Владимир Коптяев: с пожеланиями хорошей дороги

Актуально Закон. Безопасность

Дзяржаўтаінспекцыя — адно з падраздзяленняў міліцыі, якое знаходзіцца на віду, а яго інспектары з жэзламі —  супрацоўнікі, якіх жыхары раёна, асабліва аўтааматары, літаральна ведаюць у твар.

– Служыць у экіпажы ДАІ – задача няпростая. Сітуацыі бываюць розныя. Нашым супрацоўнікам прыходзіцца праследаваць парушальнікаў, бывае, і затрымліваць злачынцаў, аб’яўленых у вышук, – расказвае старшы інспектар дарожна-патрульнай службы АДАІ Капыльскага РАУС Уладзімір Капцяеў.

Сам ён прыйшоў у міліцыю ў кастрычніку 2015 года. Да гэтага амаль 20 гадоў праслужыў на розных пасадах у Капыльскім райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, што дазволіла атрымаць нядрэнную жыццёвую загартоўку. Напрыклад, на ДТЗ, здаецца, нават самае нязначнае  мае вялікае значэнне: трэба даехаць як мага хутчэй, самым кароткім маршрутам.

Уладзімір Капцяеў адзначае, што ў інспектараў ДАІ не стаіць задача пакараць, галоўнае – прафілактыка парушэнняў. На жаль, і без пакарання ў такой справе не абысціся. Часам менавіта штраф падштурхоўвае аўтааматараў быць больш дысцыплінаванымі. Стандартная праверка вадзіцельскіх дакументаў. У законапаслухмянага грамадзяніна яна не выклікае негатыўных эмоцый. Пару хвілін – і інспектары жадаюць добрай дарогі. А бывае, што падчас такой працэдуры прадухіляецца злачынства, выяўляецца нецвярозы вадзіцель, бяспраўнік, які мог бы стаць прычынай аварыі…

Самай лепшай удзячнасцю за працу, па меркаванні Уладзіміра Аляксандравіча, з’яўляецца тое, што правапарушальнік зразумее сваю памылку. Бывае, што некаторыя нават дзякуюць за зробленую заўвагу ці прадухіленае няшчасце.

Сям’я Капцяевых, можна сказаць, міліцэйская. Жонка Вольга Уладзіміраўна да нядаўняга часу працавала начальнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, зараз – начальнік штаба. Таму, згадвае Уладзімір Аляксандравіч, здараліся выпадкі, што дваіх сваіх дзяцей перадавалі па схеме «здаў – прыняў». Бывала так, што адзін прыходзіў з дзяжурства, а другі тэрмінова выязджаў на які-небудзь выклік.

Расслабленне ад службы Уладзімір Капцяеў знаходзіць менавіта ў сваёй сям’і, у сумесным правядзенні вольнага часу, у добраўпарадкаванні дома, рабоце на агародзе і ў садзе, абслугоўванні ўласнага аўто.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *