Фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Снежаньскi карагод» сабраў сяброў у г. Барысаве. Туды прыехалі грамадзяне, якія наведваюць аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці.

Дэлегацыю Капыльскага раёна ўзначаліла дырэктар ДУ «Капыльскі ТЦСАН» Святлана Маліноўская. На суд журы музычны калектыў «Фіеста» аддзялення забеспячэння дзённага знахо-джання грамадзян Капыльскага ТЦСАН вынес тэатральную кампазіцыю «Шлях да мар». Салістка нумара — Вераніка Зяньковіч, галоўныя ўдзельнікі — Дзяніс Каралькоў, Георгій Курганскі і Дзмітрый Кед.
Гледачы і госці фестывалю цёпла прынялі капылян. Як вынік — яны сталі дыпламантамі. У стварэнні нумара, вобраза, касцюмаў маладым людзям дапамагалі кіраўнік калектыву «Фіеста», загадчыца аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання інвалідаў Ірына Рай сумесна з супрацоўнікамі аддзялення дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра. Несумненна, маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі ад абласнога фестывалю атрымалі шмат станоўчых эмоцый. У гэтым і ёсць асноўная мэта мерапрыемства — зрабіць жыццё інвалідаў насычаным і цікавым.
Таццяна БОХАН