На Копыльщине продолжается осенний призыв юношей на военную службу

Актуально Общество

Адзінаццаць ураджэнцаў Капыльшчыны днямі былі накіраваны на службу ў пагранічныя войскі і Узброеныя Сілы Беларусі. Усяго ж падчас асенняга прызыву запланавана да адпраўкі звыш 50 маладых людзей.

■ Перад адпраўкай навабранцаў. Фота на памяць

Лістападаўскім ранкам у адасобленай групе (Капыльскага раёна) ваеннага камісарыята Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў адбылася ўрачыстасць па адпраўцы ў войскі. Адкрываючы яе, кіраўнік групы Сяргей Маргалік адзначыў, што служба ў арміі — гэта ганаровы абавязак, замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яна — добрая школа жыцця, загартоўкі.

Пажаданне, каб служба праходзіла пад заступніцтвам Божым, выказаў благачынны цэркваў Капыльскай акругі протаіерэй Сергій Чарны. Айцец Сергій заклікаў да агульнай малітвы і блаславіў кожнага прызыўніка на добрую службу, акрапіў святой вадой і ўручыў іконкі.

Наказ на дарогу зрабілі таксама старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Аляксандр Пякарскі і член Мінскага абласнога Савета гэтага ж аб’яднання Барыс Дзенісюк.

■ Сям’я Некраш праводзіць у армію сына Вадзіма

Хвалюючымі поглядамі праводзілі ў дарогу жыцця юнакоў іх бацькі, родныя, сябры. Напрыклад, маці Сяргея Чачко Святлана Паўлаўна сказала, што яе апаноўвае адначасова і пачуццё гордасці за сына, і мацярынская трывога. Яна прасіла быць адказным салдатам, паважаць сяброў, слухаць камандзіраў. Сяргей жа выказаў сваю гатоўнасць да арміі. У яго за плячыма капыльскі каледж, мінскі політэхнічны каледж, праца на маторным заводзе, сёлета ён паступіў завочна ў БНТУ.

Правесці Вадзіма Некраша прыйшлі бацькі Алена Георгіеўна і Юрый Іванавіч, а таксама, нягледзячы на даволі ранні час (6 гадзін раніцы), брацік-школьнік Сашка. Мама, не хаваючы слёз, жадала сыну дастойна прайсці праз усе выпрабаванні і ведаць, што дома яго заўсёды чакаюць. Вадзім жа, супакойваючы яе, выказаў упэўненасць, што ўсё будзе добра. Служыць ён будзе ў Мазыры, у пагранічных войсках.

 

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *