92-летняя Ядвига Антоновна Ермолович из Копыля хранит воспоминания о событиях Великой Отечественной войны

75-летие освобождения Беларуси Актуально

Шмат чаго захоўвае памяць 92-гадовай Ядвігі Антонаўны Ермаловіч з Капыля, але значнае месца займаюць менавіта ўспаміны пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

■ З ноткамі настальгіі Ядвіга Антонаўна Ермаловіч разглядвае фотаздымкі

Гэтае страшнае слова вайна

Пачатак Вялікай Айчыннай Ядвіга Антонаўна памятае добра. Да гэтага часу сям’я з роднага Даменікова перабралася жыць у Чарнагубава, адкуль родам была мама Машчынская Міхаліна Міхайлаўна. 22 чэрвеня 1941 года людзі сабраліся на мітынг каля клуба, дзе і аб’явілі пра нападзенне фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Але ніхто не мог паверыць, усе баяліся паўтарыць пачутае, бо доўгі час ім гаварылі пра савецка-нямецкую дамоўленасць. Многія землякі адразу пайшлі на фронт, але бацьку не ўзялі па ўзросце. Дарэчы, тата Антон Казіміравіч быў чалавекам пісьменным, скончыў Слуцкае камерцыйнае вучылішча, нейкі час працаваў настаўнікам, а потым і бухгалтарам у Орлікаўскім лясніцтве. А вось мама адукацыі не атрымала, але дзякуючы намаганням мужа навучылася чытаць і нават пазней адолела «Ганну Карэніну». Акрамя Ядвігі ў сям’і гадаваліся двое малодшых брацікаў – Віктар і Леанід.

Кветкі-выратавальніцы

У Чарнагубаве была вадакачка, таму туды ў хуткім часе прыбылі двое нямецкіх афіцэраў. Яны занялі хату Ермаловічаў, а тату, маму і дзетак выселілі ў невялічкі пакой. Адзін з іх, так запомніла Ядвіга, быў чалавек някепскі, частаваў малых цукеркамі, якія прысылалі яму з дому, а другі адрозніваўся вялікай грубасцю і нястрыманасцю. Партызаны ведалі, што ў Ермаловічаў жывуць ворагі, і аднойчы вырашылі іх знішчыць. Падышлі да хаты і кінулі ў вокны гранату. Немцаў у хаце не было, а сям’ю выратавалі… хатнія кветкі. Каб іх паліць, мама паставіла збанок з вадой, куды і трапіла граната. Пасля гэтага фрыцы перапалохаліся і з’ехалі ад Ермаловічаў.

■ Бацька Ермаловіч Антон Казіміравіч і маці Машчынская Міхаліна Міхайлаўна

Раны Вялікай Айчыннай

…Ішоў 44-ты год. Партызаны прыносілі звесткі, што вайна коціцца на захад. Разам з немцамі ад’язджалі і тыя, хто доўгі час прыслужваў ім. Аднойчы па дарозе праз Чарнагубава рухаўся воз, на якім побач са сваім хатнім скарбам сядзела жанчына з дзеткамі. «Як мы вам зайздросцім, — сумна сказала яна, звяртаючыся да жыхароў вёскі, што назіралі паабапал дарогі. — Вы застаяцеся тут, а мы едзем самі не ведаем куды…»

Ужо наступалі савецкія войскі, апошнія нямецкія часці адбіваліся — ішлі баі, вакол грукатала. Ядвіга спалохалася і вырашыла схавацца ў Варонаўшчыне, дзе пасля нарыхтоўкі торфу засталіся глыбокія ямы. Прыбегла і бачыць: тут жа шукае сховішча і нейкі мужчына. Ра-зам яны пабеглі далей. Глядзяць: у ямах таксама хаваюцца іншыя чарнагубаўцы. Тут раздаўся выбух. Мужчына той раптам адкінуўся назад, толькі паспеў ціха сказаць: «Братка, мяне забіла…» — і навекі заплюшчыў вочы. З левага боку на яго грудзях чырванела дзірачка. Не пазбегла ранення і Ядвіга. Асколкам дзяўчынцы пашкодзіла шчаку, і на сукенку пацякла кроў. Хутка падышлі чырвонаармейцы. Убачылі параненую Ядзю і завезлі яе ў медсанбат, які месціўся ў Слуцку. Там, прама на зямлі, на падасланых плашч-палатках, ляжалі і стагналі параненыя салдаты. Раптам збоку пачулася: «Сюды! Тут хлопчык паранены!» Ядвігу нібы нешта падштурхнула, падышла і бачыць: ды гэта ж яе брацік Віця! Божухна, якія страшэнныя, разарваныя снарадам былі ў яго абедзве нагі! А праз левую далонь навылёт, зачапіўшы костку, прайшла куля. Ваенны ўрач аказаў неабходную медыцынскую дапамогу хлопчыку, а Ядвізе сказаў, што асколак, які трапіў у яе шчаку, пакуль дастаць магчымасці яны не маюць. Так і застаўся ён, як горкі напамін, а на шчацэ і сёння невялікай ямачкай віднеецца шрам.

■ Маладая сям’я Паўлюшчыкаў: Анатоль Мікалаевіч і Ядвіга Антонаўна з першынцам. 50-я гг. ХХ ст.

Ад вучобы да працы

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў Ядвіга пайшла ў 10-ты клас Цімкавіцкай СШ. Выкладала ў яе знакамітая Раманенка Зінаіда Іосіфаўна. Настаўніца лічыла дзяўчынку вельмі стараннай і добра да яе ставілася. Навучанне ў школе каштавала 30 рублёў: 15 — за першае паўгоддзе і столькі ж за другое. А грошай, вядома ж, у пасляваенны час не хапала. Не хапала і сшыткаў, паперы, падручнікаў. Каб набыць хоць што-небудзь падобнае на школьныя прылады, мама з татам часта адпраўляліся ў Слуцк.

Ядвіга адчувала адказнасць перад бацькамі, хацела ім як-небудзь дапамагчы, таму і прыняла рашэнне не вучыцца ў 10-м класе, а прадоўжыць набываць адукацыю ў Нясвіжскім педагагічным вучылішчы. Прайшоў нейкі час, і да яе ў Нясвіж прыехаў тата, прасіў вярнуцца. Сказаў, што яго адправіла Зінаіда Іосіфаўна, якая была ўпэўнена: дзяўчыну прымуць без экзаменаў у педінстытут. Але Ядвіга засталася.

Скончыўшы вучылішча, усё жыццё шчыра адпрацавала настаўніцай. Першае месца помніць асабліва добра. 25 ліпеня 1945 года яна прыступіла да выканання абавязкаў загадчыцы Завінскай пачатковай школы Ляхавіцкага раёна. Ды і якая ж гэта была школа? Зала ў хаце мясцовага жыхара, парты якому прыйшлося здымаць з гарышча. З усіх школьных прылад на 80 вучняў — адзін падручнік, які давалі настаўніку. Ядвіга Антонаўна хадзіла да сваёй калегі ў суседнюю вёску, каб перапісаць заданні з іншых падручнікаў. Так паціху набывала настаўніцкі вопыт, прафесійна сталела. Зараз сярод шматлікіх узнагарод — юбілейны медаль «За доблестный труд в ознаменование со дня рождения Владимира Ильича Ленина».

Настаўнікам быў і яе муж Паўлюшчык Анатоль Мікалаевіч, добра вядомы старэйшаму пакаленню Доктаравічаў, дзе доўгі час узначальваў школу. Разам выгадавалі дзяцей, замянілі бацькоў сваім унукам.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *