Учитель белорусского языка и литературы гимназии № 1 г. Копыля Жанна Лапотко — человек в профессии неслучайный

Актуально Образование

Сёння вынікі працы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі Жанны Мечыславаўны Лапоткі гавораць самі за сябе. Менавіта яе вучаніца Юліяна Канончык сёлета набрала запаветныя 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. А яшчэ былі перамогі на розных этапах прадметнай алімпіяды, на навукова-практычных канферэнцыях, у творчых конкурсах.

■ Жанна Мечыславаўна Лапотка з адзінаццацікласнікамі

Жанна Мечыславаўна — чалавек у прафесіі невыпадковы. У дзяцінстве ёй хацелася быць падобнай на настаўніцу СШ № 3 г. Капыля, дзе вучылася сама, Антаніну Васілеўну Паляшчук. Таму, калі ў 1990 годзе на базе СШ № 2 г. Капыля ствараўся першы ў раёне педагагічны клас, дзяўчынка, асабліва не раздумваючы, паступіла туды.  Потым быў БДПУ.

Зараз гэта ўжо мудры сталы прафесіянал з 22-гадовым стажам. Але каб стаць майстрам настаўніцкай справы, Жанна Мечыславаўна шмат вучыла і вучылася сама, бо па-іншаму нельга. Каб адукацыйны працэс быў цікавым, яна актыўна выкарыстоўвае сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці і модульнага навучання, практыкуе сістэму паэтапнага навучання беларускай мове і літаратуры, праводзіць раённыя майстар-класы па стварэнні буктрэйлераў і іх выкарыстанні на ўроках літаратуры.

Трывалыя і глыбокія веды вучняў пацвярджаюцца добрымі вынікамі на ЦТ і на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды. У 2018/2019 навучальным годзе навучэнка 10-га класа Яна Калядка пад кіраўніцтвам педагога прадстаўляла раён на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Пераможцамі другой рэспубліканскай алімпіяды па чытацкай кампетэнтнасці «Чытач+» сталі таксама навучэнцы Жанны Мечыславаўны. А Дар’я Крышкевіч  дзякуючы дапамозе настаўніцы перамагла ў раённым этапе рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме». Гэта вынікі ўдзелу ў інавацыйным праекце «Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці вучняў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння».

Асабліва падабаецца Жанне Мечыславаўне быць класным кіраўніком. Сёлета яна выпусціць у самастойнае жыццё адзінаццацікласнікаў. Але за лёсам кожнага з іх працягне сачыць і хвалявацца. Настаўніца падтрымлівае сяброўскія адносіны  з  многімі былымі вучнямі. Арцём Лазоўскі, Яўген Клыга, Ганна Свяцкая — гэты спіс можна працягваць. З калегамі таксама склаліся добрыя адносіны.  За добрай парадай можна звярнуцца да Святланы Яўгенаўны Свяцкай, Ганны Уладзіміраўны Панашчык, Жанны Мікалаеўны Прохаравай. Бо галоўная мэта іх агульнай справы — дапамагчы дзіцяці стаць паспяховым, знайсці сябе ў жыцці.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *