Учитель химии и биологии Тимковичской СШ Яна Николаевна Мищанович: «Педагог — это моя профессия»

Актуально Образование

У гэтым упэўнена настаўніца хіміі і біялогіі Цімкавіцкай СШ Яна Мікалаеўна Мішчановіч, імя якой, нягледзячы на маладосць, ужо набыло вядомасць сярод калег. А ўсё таму, што летась Яна Мікалаеўна стала пераможцай конкурсу сярод маладых спецыялістаў «Шлях у прафесію».

— Чаму я выбрала прафесію педагога? — задумваецца Яна Мікалаеўна Мішчановіч і, шчыра ўсміхаючыся, адказвае: — У маім выпадку гэта прафесія выбрала мяне… Не маючы ў родзе ні аднаго настаўніка, мне здаецца, я нарадзілася з указкай і мелам у руцэ.

Усё пачалося са школы. Калі прыйшоў час і шасцігадовая Яна пераступіла яе парог, свет адкрыццяў захапіў дзяўчынку. Вучыцца ёй падабалася, і асабліва — гуманітарныя дысцыпліны. У гэтым была вялікая заслуга мамы, якая з дзяцінства выхавала любоў  да кнігі. І далей сваё жыццё без школы Яна ўжо не ўяўляла.

— Можна сказаць, што маё жыццё — своеасаблівая лесвіца, па якой я падымаюся ўсё больш упэўнена, — разважае малады педагог. — Першы крок, які я зрабіла на шляху да дасягнення сваёй мэты, — гэта паступленне ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Але вучоба — усяго толькі тэорыя, дзе здаецца, што ўсё зразумела і проста. А галоўнае — гэта ўсё ж практыка. Таму другі, самы важны крок — рэалізаваць сябе ўжо ў абранай прафесіі. Менавіта пасля таго, як я прыйшла ў школу ўжо ў ролі настаўніка, пачалося яркае, па-дзіцячы няўрымслівае жыццё. Спачатку было вельмі складана, часам апускаліся рукі. Але дзякуючы падтрымцы старэйшых і больш вопытных калег з Цімкавіцкай СШ, я зразумела, што ўсё гэта —  толькі мінусы пачатку працы. Улюбёнасць у школу, у дзяцей, такіх розных і неардынарных, сур’ёзных і гарэзлівых, з кожным днём ахоплівае мяне ўсё больш. Пастаянна працуючы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, зараджаюся ад іх энергіяй. Дзіцячае пачуццё гумару абяззбройвае, а іх непасрэдны погляд на жыццё, іх разуменне свету раскрываюць усё новыя і новыя грані жыцця. Думаю, трэцім крокам будзе набыты багаты вопыт ужо ў ролі сталага мудрага педагога.

Разам з жаданнем працаваць у Яны Мікалаеўны растуць прафесіяналізм і вопыт. А галоўнае, што малады педагог разумее: дасягнуць чагосьці ў гэтай прафесіі нельга без таленавітых дзяцей, а дапамагаюць ім такімі стаць менавіта настаўнікі. Таму, калі вучні праяўляюць зацікаўленасць да хіміі або біялогіі і хочуць даведацца як мага больш, прыйсці на дадатковыя заняткі, педагог шчыра радуецца не толькі за іх, але і за сябе. Значыць, атрымалася зацікавіць.

— Працу настаўніка нельга вымераць аднымі дыпломамі і граматамі, падзякамі кіраўніцтва, — рэзюмуе Яна Мікалаеўна. — Даражэй за ўсё — па-дзіцячы шчырае «Дзякуй за ўрок!». Значыць, ты на правільным шляху!

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *