1 сентября — День белорусской письменности

Культура

У 2019 годзе Дзень беларускага пісьменства прымае горад Слонім Гродзенскай вобласці — адзін з самых старажытных  на  беларускіх землях, старадаўні цэнтр культурнага і духоўнага жыцця.

У дні свята на цэнтральнай плошчы Слоніма ўрачыста адкрываюць помнік легендарнаму Льву Сапегу — дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу, дыпламату і палітычнаму мысліцелю, аднаму са стваральнікаў Статутаў Вялікага княства Літоўскага. Дарэчы, ён ужо ўсталяваны ў цэнтры горада. Вышыня бронзавай статуі разам з гранітным пастаментам складае больш за 4 м. Аўтары помніка — скульптары Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін.

З нагоды Дня беларускага пісьменства выказаўся міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч: «Будзе шмат новых, цікавых, крэатыўных ініцыятыў. Яны будуць скіраваны не толькі на беларускую кнігу, не толькі на кнігу на беларускай мове. Яны звернуць увагу ўвогуле да зносін грамадства з чытаннем, да зносін грамадства з чытаннем у сацыяльных сетках, у інтэрнэце. І будзе своеасаблівы квэст, які будзе насіць гісторыка-асветніцкі характар. Удзельнікі квэсту змогуць пашукаць той гістарычны код Слоніма, асветніцкі код Слоніма, які яму ўласцівы на працягу многіх стагоддзяў».

Цэнтральнымі падзеямі фестывалю стануць урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай  прэміі. Двухдзённая культурная праграма будзе насычана мерапрыемствамі і сустрэчамі. Пройдуць Фестываль кнігі і прэсы, выніковы этап Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Беларускія і замежныя пісьменнікі з больш чым дзесяці краін прымуць удзел у міжнародным круглым стале.

Святочныя мерапрыемствы адразу на 16 пляцоўках горада — літаратурнай, тэатральнай, маладзёжнай з забаўляльнымі зонамі, рамеснай, падворках нацыянальнай кухні і г.д.

Дзень беларускага пісьменства — нацыянальнае беларускае свята. Адзначаецца з 1994 года і цэнтрам урачыстасцей станавіліся розныя гарады: Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Заслаўе (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *