В Борисове прошел семинар на тему взаимодействия СМИ и МЧС

Важное Закон. Безопасность

Рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі былі і застаюцца важным элементам прапаганды пажарнай бяспекі і правільных паводзін у надзвычайных сітуацыях.

Такія меркаванні пацверджаны на семінары з удзелам рэспубліканскіх, абласных і раённых СМІ Міншчыны і прадстаўнікоў МНС.

■ Падчас экскурсіі ў цэнтры бяспекі Мінскай вобласці

Традыцыйны семінар у гэтым годзе прайшоў у Барысаве. Падчас сустрэчы журналісты і выратавальнікі абмяняліся думкамі, а таксама абмеркавалі пытанні, якія тычацца супрацоўніцтва.

— Узаемадзеянне са СМІ — адзін з ключавых момантаў работы выратавальнікаў, — адзначыў першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Янчык. — Сёння перад намі стаіць агульная мэта — папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі. Сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца эфектыўным каналам камунікацыі з насельніцтвам, здольным уплываць на ўмовы бяспекі жыццядзейнасці. «Хто валодае інфармацыяй — той валодае светам!» Толькі аб’яднаўшы нашы намаганні, мы можам данесці дакладную інфармацыю, папярэдзіць насельніцтва аб небяспецы, даць рэкамендацыі, выключыўшы тым самым паніку, і мінімізаваць наступствы надзвычайных сітуацый.

Для людзей важная не статыстыка, а апісанне сітуацыі, алгарытм паводзін і веды.

У якасці прыкладу прадстаўнік МНС прывёў сітуацыі падчас снежных штармоў «Даніэла» і «Хаўер». Тады МНС і СМІ шчыльна супрацоўнічалі, тым самым даючы поўную, аб’ектыўную і аператыўную інфармацыю пра становішча.

Пра асаблівасці данясення насельніцтву аператыўнай інфармацыі прысутным расказаў прэс-сакратар —памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.

Ён паведаміў, што перад сродкамі масавай інфармацыі стаіць няпростая задача. Для таго, каб інфармацыя, якая змяшчае важны і карысны пасыл, увайшла ў кожны дом, неабходна не проста яе трансліраваць. Ва ўмовах, калі спажывец інфармацыі вельмі патрабавальны, для таго, каб утрымаць яго ўвагу ў тэме, неабходна забяспечыць зацікаўленасць з першых радкоў, з першага кадра, з першых хвілін. Спецыяліст адзначыў: нягледзячы на бурнае развіццё электронных СМІ, у прыватнасці, тэлеграм-каналаў, рэгіянальныя друкаваныя выданні застаюцца важным элементам прапаганды пажарнай бяспекі.

— У раённых СМІ цяпер сапраўды няпросты перыяд трансфармацыі, пошуку сябе ў новай інфармацыйнай прасторы. Тым не менш я перакананы, што і ў будучыні раённыя выданні захаваюць уплыў на людзей, — рэзюмаваў Віталь Навіцкі.

Намеснік начальніка аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана Кісель адзначыла:

— Ва ўсіх рэгіёнах вобласці працуюць друкаваныя СМІ, у трох — функцыянуе мясцовае тэлебачанне. Калі ўзяць літаральна любое выданне, якое прадстаўляе Мінскую вобласць, то відаць: аператыўныя пытанні пажарнай бяспекі асвятляюцца практычна ў кожным нумары.

На думку Святланы Кісель, мясцовая прэса павінна адчуваць настрой людзей і аператыўна рэагаваць нават на самыя, здавалася б, невялікія праблемы. У апошні час узмацняецца ўплыў інтэрнэту, сацыяльных сетак, і рэгіянальныя выданні павінны трапляць у гэты трэнд.

Таксама на семінары журналісты прэзентавалі свае творчыя праекты, якія атрымалі папулярнасць на прасторах Міншчыны. Так, прадстаўнікі клецкай раённай газеты «Да новых перамог» расказалі пра тое, як стваралася радыёпраграма, прысвечаная правілам бяспекі. Салігорскі тэлеканал «СТК» падзяліўся вопытам стварэння «Азбукі бяспекі».

Акрамя таго для ўдзельнікаў семінара былі арганізаваны экскурсіі. У цэнтры бяспекі Мінскай вобласці, што знаходзіцца ў г. Барысаве, можна было прайсці праз разнастайныя трэнінгавыя выпрабаванні: вывучыць алгарытм выкліку выратавальнікаў, апынуцца ў імправізаваным балоце, задымленым доме і знайсці выхад з іншай няпростай сітуацыі.  Падчас наведвання СЗАТ «БелДжы» прысутныя пазнаёміліся з працэсам стварэння аўтамабіля «Джылі».

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *