В Великой Раёвке торжественно открыли Место памяти соженных деревень Копыльского района

Актуально Общество

У памяці не павінна быць межаў, тым больш калі гэта памяць пра жудасныя гады вайны, у якой гінулі не толькі салдаты, але і мірныя жыхары: дзеці, жанчыны, старыя. І каб данесці гэтыя падзеі да кожнага падрастаючага пакалення, устанаўліваюць помнікі, абеліскі, мемарыялы.

■ Месца памяці спаленых вёсак

Днямі адбылося ўрачыстае адкрыццё Месца памяці спаленых вёсак Капыльскага раёна і ахвяр фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якое па ініцыятыве кіраўніка філіяла «В. Раёўка» ААТ «Крыніца» Івана Дамашэвіча з’явілася на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі. Чырвоную стужку перад уваходам на мемарыял у прысутнасці мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей перарэзалі Іван Дамашэвіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава.

■ На кожнай таблічцы — назва спаленай вёскі…

Як расказаў падчас мітынгу Іван Віктаравіч, аб’ект у першую чаргу адрасаваны маладому пакаленню, а таму ў яго аснову лягла сучасная канцэпцыя з арт-элементамі. І месца для яго было абрана не выпадкова. У цэнтры ўвагі — дот, які ўваходзіў у агульную сістэму савецкіх фартыфікацыйных умацаванняў — так званую «Лінію Сталіна». Цяпер жа ён ператварыўся ў арт-аб’ект, кожны з чатырох бакоў якога мае сваю інсталяцыю і даносіць да гледачоў пэўную ідэю.

■ Дот з элементамі інсталяцыі

Не менш цікава выглядае і цэнтральная частка Месца памяці: уздоўж дарожкі, што вядзе да помніка, апаленыя ствалы дрэў з прымацаванымі да іх таблічкамі, на якіх — назвы вёсак Капыльскага раёна, спаленых фашыстамі ў гады вайны, і колькасць загінулых у акупацыі мірных жыхароў.

■ Кветкі да помніка

Трэба адзначыць, што ўжо стала добрай традыцыяй штогод да Дня вёскі адкрываць у Вялікай Раёўцы новыя аб’екты. Жыхары і госці былі сведкамі таго, як наводзіўся парадак ля помніка ў цэнтральным скверы, праз год урачыста была перарэзана чырвоная стужка перад уваходам у «Аграхутар», сёлета — новая нагода для ўрачыстасці.

■ Чырвоную стужку пераразаюць Ірына Кісляк (справа), Іван Дамашэвіч, Алена Острыкава

Святочныя мерапрыемствы ў гэты дзень прадоўжыліся менавіта ў «Аграхутары», дзе было шмат забаў як для дарослых, так і дзяцей. Апетытна пахла шашлыкамі, працавалі бяспройгрышная латарэя і выставы творчасці, з боку валейбольнай пляцоўкі даносіліся гучныя галасы балельшчыкаў, якія падтрымлівалі свае каманды (за званне лепшых майстроў мяча спрачаліся зборныя В. Раёўкі і Цімкавіч); узлятала ўгору шматкілаграмовая гіра ў моцных мужчынскіх руках. Можна было паназіраць за барацьбой аматараў гульні ў дартс, за перацягваннем каната — дарэчы, тут спаборнічалі не толькі мужчыны, але і жанчыны, а таксама дзеці. Словам, кожны знайшоў занятак па душы.

■ У перацягванні каната спаборнічалі нават дзеці
■ Гатуюцца смачныя шашлыкі для ўдзельнікаў свята
■ Юная ўдзельніца свята

Пасля заканчэння конкурсных праграм былі ўручаны прызы пераможцам спаборніцтваў. Кіраўнік філіяла Іван Дамашэвіч адзначыў каштоўнымі падарункамі тых людзей і арганізацыі, якія прымалі непасрэдны ўдзел у работах па ўзвядзенні Месца памяці або сталі спонсарамі. Сярод іх ТАА «ВоМагран», ІП Занкевіч, мастак Надзея Дземідовіч, сем’і Філіпенкаў, Караленкаў, а таксама работнікі філіяла Сяргей Шкода, Сяргей Гаўрыкаў, Юрый Козіч.

Для мясцовых жыхароў і гасцей свята выступіў фальклорны ансамбль «Гуляй, Бульбаш!».

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *