На Копыльщине прошел районный конкурс «Лучший косарь-2019»

2018-2020 - год малой Родины Актуально

І памахаць касой, і пакаштаваць смачнага квасу, і паслухаць цудоўныя песні, і прыняць удзел у цікавых конкурсах…

Усё гэта можна было зрабіць падчас правядзення раённага конкурсу «Лепшы касец-2019», які праходзіў на полі каля вёскі Калодзезнае СГФ «Руднае» ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс».

■ Старт дадзены
■ Старт дадзены

Крыху прыбіўшы летнюю спякоту, прайшоўся па полі чэрвеньскі дожджык. Нібы спецыяльна падрыхтаваў траву да лепшага пакосу, бо нездарма людзі кажуць: «Касі, каса, пакуль раса». Удзельнікі спаборніцтва (а косы падрыхтавалі ажно 44 працаўнікі) у прыгожых нацыянальных касцюмах з амаль спартыўным азартам прымяраліся да травы, жартавалі і падбадзёрвалі адзін аднаго. А даўней у нашых продкаў быў звычай старанна мыцца і апранаць чыстае адзенне, калі ідзеш на касьбу.

■ Як прыемна наталіць смагу пасля касьбы! Удзельніца аматарскага аб’яднання «Лоцвінскія ўдалухі» Галіна Дрожжа частуе квасам  дырэктара  філіяла «Лакнея» УП «ПрыортрансАгра» Пятра  Юху
■ Як прыемна наталіць смагу пасля касьбы! Удзельніца аматарскага аб’яднання «Лоцвінскія ўдалухі» Галіна Дрожжа частуе квасам дырэктара філіяла «Лакнея» УП «ПрыортрансАгра» Пятра Юху

— Свята касцоў — гэта тая традыцыя, якая ўжо другі год запар закладваецца на тэрыторыі Капыльскага раёна і нагадвае нам пра мінулае, — адзначыў у прывітальным слове старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч. — Сёння мы не павінны забываць, як трэба працаваць на зямлі, і не толькі кіраваць, але і працаваць у поце. Не ведаючы, як працавалі нашы дзяды і прадзеды, мы не зможам атрымліваць багаты ўраджай і годныя вынікі. Раней на нарыхтоўку кармоў выходзілі вёскамі. Сёння механізатар можа зрабіць гэта адзін, бо прагрэс не стаіць на месцы. Але гэта не значыць, што мы павінны забываць усё добрае.

Сабраць касца на поле — гэта сапраўдны абрад, ад якога залежала зладжанасць і выніковасць працы. Вось і зараз усім, хто меўся выйсці ў поле і паказаць сваё майстэрства, дзяўчынкі-прыгажуні раздалі па торбачцы з галоўнай прыладай — бруском (альбо мянташкай), дзякуючы якой, як казалі нашы продкі, каса не косіць, каса брые. А што ж за праца без ежы? Таму касцы атрымалі і торбачкі з прадуктамі харчавання. Па  традыцыі першы такі вузельчык з рук дзіцяці прыняў самы старэйшы мужчына, які валодае навыкамі добрай і якаснай касьбы. Ім стаў дырэктар ААТ «Прагрэс 2010» Валерый Тароцька. Не засталіся без свайго кавалачка духмянага хлеба з салам і цыбулькай і іншыя ўдзельнікі.

■ На пракосе -  Анатоль Ліневіч
■ На пракосе — Анатоль Ліневіч

Свята святам, але перш за ўсё гэта конкурс, і выбраць лепшага касца — адказная работа журы, якое ўзначаліла старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Кісляк. Дарэчы, улічваліся лепшае валоданне майстэрствам касьбы, хуткасць, якасць і чысціня касьбы, эстэтычны выгляд пракоса.

Нарэшце касцы, сярод якіх старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч і яго першы намеснік – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віталь Ракевіч, занялі свае месцы каля надзелаў. Кожны з удзельнікаў (а першымі змагаліся кіраўнікі) стараўся як мага лепш і хутчэй справіцца з заданнем. Каб чэрвеньскае сонца, якое ўжо паспела падняцца над полем, не перашка-джала стараннай працы, удзельніцы аматарскага аб’яднання «Лоцвінскія ўдалухі» падносілі касцам кубачкі са смачным асвяжальным квасам. Шчырымі апладысментамі сустракалі балельшчыкі сваіх удзельнікаў, якія завяршалі пракосы.

■ Спявае народны калектыў «Спадчына»
■ Спявае народны калектыў «Спадчына»

Вось узялі ў рукі косы іншыя ўдзельнікі свята — так званыя ўмельцы. У іх ліку і тры жанчыны: касір Цэнтра павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Валянціна Гурло, рабочая паляводства КСУП «Доктаравічы» Зоя Макаранка і нават загадчыца Душаўскага СДК Святлана Молакава. Пасля выканання задання журы старанна адсочвала яго якасць. А гледачам не давалі сумаваць самадзейныя артысты з раённага цэнтра культуры і раённага цэнтра традыцыйнай культуры. Скасіць, як кажуць, паўсправы, трэба яшчэ ўмець і скласці сена ў стажкі. Паказаць, ці ўмеюць госці свята складваць сена, яны змаглі падчас конкурсу «Лепшы стажок», па выніках якога вызначыліся лепшыя.

■ Касу рыхтуе Іван Швайкоўскі
■ Касу рыхтуе Іван Швайкоўскі

Нарэшце настаў урачысты момант падвядзення вынікаў. Старшыня журы Ірына Кісляк называе імёны пераможцаў. Першае месца сярод кіраўнікоў заняў дырэктар ААТ «Прагрэс 2010» Валерый Тароцька. Другое месца ў нялёгкай барацьбе заваяваў дырэктар філіяла «Вялікая Раёўка» Іван Дамашэвіч. Трэцюю прыступку п’едэстала гонару  заняў кіраўнік філіяла «Лакнея» Пётр Юха. А вось лепшым сярод умельцаў стаў вадзіцель Капыльскай раённай ветэрынарнай станцыі Ігар Чаркас. Другое месца ў слесара па рамонце і абслугоўванні комплексу ААТ «Старыца-Агра» Аляксандра Марыновіча. Бронзавым прызёрам стаў леташні лідар слесар МТП ААТ «Душава» Павел Наўмовіч. Каштоўныя падарункі ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама атрымалі і жанчыны, якія нароўні з мужчынамі касілі ў гэты дзень траву. Заахвочвальны прыз (серп) дастаўся самаму вытрыманаму, акуратнаму канкурсанту, які вельмі адказна аднёсся да справы і таму касіў даўжэй за ўсіх, — Сяргею Агіевічу. У конкурсе «Лепшы стажок» перамаглі Валянціна Гурло і рабочы будаўнічай брыгады філіяла «Руднае» ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс» Аляксандр Марукевіч. Яны атрымалі прыз ад РА РГА «Белая Русь» з рук яе старшыні Алены Міхайлоўскай. Сертыфікат на набыццё прамысловых тавараў за арганізацыю свята ад прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віталю Ракевічу і дырэктару ААТ «Капыльскае» Дзмітрыю Палевікову ўручыла старшыня райкама  Ірына Сцяпура. Каштоўны падарунак атрымаў і не зусім звычайны ўдзельнік конкурсу — вартаўнік ААТ «Капыльскае» Іван Швайкоўскі, які святкаваў у гэты дзень 55-гадовы юбілей.

■ Ірына Кісляк і Віталь Ракевіч узнагароджваюць Валерыя Тароцьку
■ Ірына Кісляк і Віталь Ракевіч узнагароджваюць Валерыя Тароцьку

— Выдатнае атрымалася свята! — сказалі на развітанне яго вядучыя Святлана Шчукіна і Вячаслаў Курчык. — І касой памахалі, і песень наслухаліся. Няхай і надалей квітнее вёска і жывуць народныя традыцыі, не губляючы свой непаўторны каларыт.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *