Работа падчас рэспубліканскага і раённага суботніка была арганізавана на ўсіх участках і семежаўскага рэгіёну.

Напрыклад, у парку каля Дома механізатара (здымак 1) завіхаліся супрацоўніцы бухгалтэрыі на чале з галоўным бухгалтарам Галінай Каражанец. Яны прыбіралі старыя галіны, выграбалі леташняе лісце.
— Наводзіць парадак там, дзе ты жывеш, заўсёды прыемна, — адзначыла Галіна Васільеўна. — Таму мы ўсім сваім калектывам выйшлі, каб наш аграгарадок стаў больш чысты і прыгожы. Не цураецца фізічнай працы і наша моладзь. Побач з намі малады спецыяліст, эканаміст Наталля Чопік, для якой гэты суботнік, можна сказаць, першы ў яе самастойным жыцці.

Спецыялісты сельгаспрадпрыемства наводзілі парадак побач з гісторыка-культурнай каштоўнасцю — былым малочным заводам, які належаў Вайніловічам, у в. Чырвоная Дубрава (здымак 2).
— Мы не павінны забываць і гістарычнае мінулае нашай краіны, родных мясцін, — адзначае намеснік дырэктара па раслінаводстве, в.а. намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Семежава» Мікалай Кулік. — Таму мы і шэфствуем над дадзенымі сядзібамі. Сёння вырашылі крыху выразаць густое кустоўе, прарэдзіць стары калгасны сад. Большыя дровы забіраем на паліва для сельгаспрадпрыемства, меншыя спальваем тут жа. Для захавання правіл пажарнай бяспекі побач знаходзіцца пажарная машына нашай гаспадаркі.

У цэнтры Семежава нашу ўвагу прыцягнулі школьнікі, якія таксама не засталіся ўбаку ад суботніка. Напрыклад, дзевяцікласніцы ра-зам са сваім класным кіраўніком Наталляй Горбач прыбіралі каля помніка загінулым землякам у скверы (здымак 3). Хлопчыкі даводзілі да ладу месца ля старой школы, дзе размяшчаліся гаражы. Як паведаміла дырэктар мясцовай школы Алена Сянюк, шмат работ праводзілася на тэрыторыі навучальнай установы: рамонт і пафарбоўка абсталявання на гульнявых пляцоўках дзіцячага сада, малых архітэктурных форм, праполка кветак, пабелка бардзюраў і фундамента. Акрамя таго ў гэты дзень для навучэнцаў малодшых і сярэдніх класаў праводзіліся выхаваўчыя і спартыўныя мерапрыемствы.
Сяргей КОЗЕЛ