Народный мастер Беларуси Вера Николаевич из Семежева отметила свой юбилей

2018-2020 - год малой Родины Артпроспект Чалавек і яго справа

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць. З гэтым дэвізам і крочыць па жыцці народны майстар Беларусі, майстар-метадыст раённага Цэнтра ткацтва Вера Васільеўна Нікалаевіч, якая сёлета адзначыла 70-гадовы юбілей.       

■ В.М. Кіеня і В.В. Нікалаевіч - народныя майстры Беларусі
■ В.М. Кіеня і В.В. Нікалаевіч — народныя майстры Беларусі

                  

Сонечным сакавіцкім днём у РЦТ сабраліся родныя і блізкія, сябры і калегі Веры Васільеўны, каб павіншаваць яе са святам. Шчырыя пажаданні моцнага здароўя, даўгалецця, аптымізму, веры, надзеі і любові гучалі ў адрас юбіляркі ад галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяны Віяленцій, дырэктара Цэнтра традыцыйнай культуры Галіны Гурло, дырэктара раённага цэнтра культуры Наталлі Рыбак і супрацоўнікаў ЦТ.

Зацікавіла прысутных персанальная выстава работ майстра, на якой былі прадстаўлены не толькі вытканыя за час яе працы майстрам-метадыстам РЦТ вырабы, але і больш ранняга часу.

Пройдзены 70-гадовы шлях… За плячыма назапашаны жыццёвы вопыт, вопыт сталасці і мужнасці. Вера Васільеўна — клапатлівая маці і бабуля, надзейная сяброўка, энергічная і вельмі працавітая жанчына, чулы і добры чалавек, высакакласны спецыяліст ткацкай справы. Сваё захапленне ткацтвам, любоў да народнага мастацтва пранесла праз усё жыццё. Вырабы, створаныя яе рукамі, — гэта кавалачак яе душы, яе радасці, свет яе захаплення. Яна пастаянная ўдзельніца мясцовых, раённых, рэгіянальных свят і конкурсаў народнай творчасці. У 2017 годзе была ўзнагароджана дыпломам III ступені «За аднаўленне мясцовых традыцый ткацтва на кроснах» на VII  абласным свяце-конкурсе па ткацтве «Матчыны кросны», узнагароджана дыпломамі за ўдзел у IX і X Рэспубліканскіх фестывалях-кірмашах народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет» за 2017 і 2018 гады.

Прыгажосць, якая ствараецца ткачом, — гэта вынік доўгіх і карпатлівых пошукаў. Працуючы на пасадзе майстра-метадыста, з новым размахам занялася майстрыха матулінай навукай — ткацтвам. У кожнага майстра свой узор, сваё майстэрства. Але вынік адзін: прыгажосць, якую ствараюць іх рукі і сэрцы. І яшчэ вельмі важна, каб тое майстэрства засталося нашчадкам і паслядоўнікам. Таму сваю справу, свой вопыт і ўменне, непаўторны ўласны стыль, душу Вера Васільеўна перадае маладому пакаленню, для шматлікіх наведвальнікаў Цэнтра ткацтва праводзіць майстар-класы па ткацтве на кроснах.

цёплыя і шчырыя словы падзякі за талент,  захаванне народнага рамяства, жаданне дзяліцца сваім вопытам з маладым пакаленнем гучалі і ў адрас народнага майстра Беларусі Валянціны Міхайлаўны Кіені, якая таксама   ў сакавіку адзначыла свой чарговы дзень нараджэння.  Гэтыя жанчыны па-сапраўднаму ўлюбёныя ў сваю справу. Можна толькі па-добраму пазайздросціць маладосці іх душы. Гэтая дата, дзень нараджэння, — добрая магчымасць сказаць словы падзякі за іх залатыя рукі і нястомнае сэрца, за тую жывую спадчыну, якую яны захоўваюць і перадаюць падрастаючаму пакаленню. Жадаем вам моцнага здароўя, творчага натхнення, поспехаў у рабоце і чым паболей высакакласных мастацкіх вырабаў, зробленых вашымі рукамі, якія будуць радаваць нашы вочы. 

Таццяна ВОЛКАВА,

дырэктар раённага Цэнтра ткацтва



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *