Сказка для всех: воспитанники отделения обеспечения дневного пребывания инвалидов Копыльского ТЦСОН побывали на новогоднем празднике в агроусадьбе «Вясёлая хата»

Общество Праздник

У навагоднія і калядныя святы ўсе — і дзеці, і дарослыя — як ніколі вераць у цуды і з заміраннем сэрца чакаюць іх. А ў асаблівых людзей, што наведваюць аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання інвалідаў Капыльскага ТЦСАН, казкі ды дзівосы (няхай сабе і рэалізаваныя пераапранутымі ў касцюмы аніматарамі) выклікаюць яшчэ большыя ўражанні.

■ Жаданні, загаданыя каля чароўнага вогнішча, абавязкова збудуцца
■ Жаданні, загаданыя каля чароўнага вогнішча, абавязкова збудуцца

Яркае сведчанне таму — непадробнае захапленне на тварах маладых людзей падчас свята, арганізаванага для іх напярэдадні Новага года ў аграсядзібе «Вясёлая хата». Андрэй Крук, уладальнік сядзібы, — чалавек неабыякавы і чулы. На просьбу ТЦСАН аб прадастаўленні памяшкання для правядзення мерапрыемства не проста адгукнуўся, а ўзяў ініцыятыву ў свае рукі і разам з памочнікамі стварыў для незвычайных гасцей сапраўдную казку.

Як толькі выхаванцы дзённага аддзялення ў суправаджэнні супрацоўнікаў Цэнтра ступілі на двор, тут жа апынуліся ў неверагоднай, напоўненай цудамі атмасферы. Не толькі знаёмыя ўсім Дзед Мароз і Снягурачка, але і незвычайныя і такія пацешныя Лепрыкончык і Пупсік забаўлялі наведвальнікаў. Нягледзячы на тое, што ўзрост гасцей аграсядзібы ў большасці быў далёка не дзіцячы, асаблівасці развіцця дазволілі ім цалкам ужыцца ва ўмела зладжанае прадстаўленне і шчыра пацешыцца з казачнымі персанажамі.

Пазітыўныя героі да кожнага наведвальніка знайшлі падыход, нікога не абдзялілі ўвагай, таму атрымаць зарад станоўчых эмоцый і паверыць у цуд змаглі ўсе без выключэння. Адкрытыя і цікаўныя, выхаванцы Цэнтра з радасцю адклікаліся на ўсе падрыхтаваныя для іх забавы: і ў шматлікіх конкурсах удзельнічалі, і спявалі, і танцавалі, і карагоды вакол навагодняй ёлкі вадзілі, і з горкі каталіся, і жаданні каля чароўнага вогнішча загадвалі.

У самую пару прыйшоўся і пачастунак: пышныя бліны з гарачай гарбатай пасля гульняў на свежым паветры падаліся надзвычай смачнымі. Рады былі госці і падарункам — прыгожым кубкам ад «Вясёлай хаты» і цукеркам ад ТЦСАН.

Дарэчы, выхаванцы Цэнтра прыйшлі таксама не з пустымі рукамі — з пажаданнямі росквіту і поспехаў уручылі гаспадарам  зробленага імі дамавіка, сімвал дабрабыту і хатняй утульнасці. Аднак, бадай, галоўным падарункам для арганізатараў свята сталі захапленне і шчасце ў вачах гэтых бяскрыўдных людзей, у шчырасці якіх не прыходзіцца сумнявацца — яны проста не ўмеюць хлусіць.

Як расказала загадчык аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання інвалідаў ДУ «Капыльскі ТЦСАН» Іна Шарамет, іх выхаванцы вельмі любяць такія мерапрыемствы. На шчасце, знаходзяцца неабыякавыя людзі, гатовыя дапамагчы ў арганізацыі такога роду баўлення вольнага часу.

— У 2018 годзе інваліды мелі магчымасць паўдзельнічаць у разнастайных сустрэчах і мерапрыемствах, наведаць цікавыя месцы, — удакладніла Іна Анатольеўна. — Хочацца выказаць асобную падзяку кіраўніцтву ДВЛГУ «Капыльскі вопытны лясгас» за арганізацыю экскурсіі «Сцежка нашых адкрыццяў», дырэктару і педагогам ДУА «Капыльская дзіцячая школа мастацтваў» за правядзенне канцэрта, прысвечанага Дню інвалідаў, і, канечне ж, уладальніку аграсядзібы «Вясёлая хата» Андрэю Круку з яго камандай за навагодняе свята для нашых выхаванцаў.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *