Комсомол — ее судьба: в Слободокучинской СШ Копыльского района прошла встреча с бывшим секретарем партийной организации совхоза «Криница» Зоей Солонович

100-летие образования ВЛКСМ Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

У  ДУА «Слабадакучынская СШ» прайшла сустрэча з ветэранам беларускага камсамола, былым сакратаром партыйнай арганізацыі саўгаса «Крыніца» Зояй Салановіч. 

■ Зоя Емяльянаўна Салановіч падчас мерапрыемства
■ Зоя Емяльянаўна Салановіч падчас мерапрыемства

Пачалося мерапрыемства з выступлення загадчыка Слабада-Кучынскай бібліятэкі-клуба Валянціны Барташэвіч, якая азнаёміла навучэнцаў 9–11 класаў з гісторыяй развіцця ВЛКСМ. Дарэчы, Валянціна Зянонаўна падрыхтавала выставу «Комсомол — моя судьба».

Затым аб сваім камсамольскім юнацтве расказала Зоя Емяльянаўна. Цікава было пачуць аб вырошчванні ў 1950-я гады лёну, кок-сагызу, тытуню і кукурузы. А асабістую норму буракоў намервалі кожнаму вучню. Яшчэ паспявала добра вучыцца і дапамагаць бацькам па гаспадарцы.

— Не перадаць таго настрою, які быў у нас. Вясёлыя і радасныя, з песнямі ішлі малаціць збожжа ў начную змену. Вярталіся ў 5 гадзін раніцы стомленыя і мокрыя ад поту, але шчаслівыя — і адразу на рэчку купацца. За выкананне плана па тытуні зарабіла 100 працадзён. У канцы года атрымала 10 кілаграмаў адходаў збожжа.

За ўдарную працу дзяўчына павінна была ехаць на ВДНГ СССР, каб атрымаць першы медаль. Не атрымалася, не было чаго апрануць. Далей была вучоба ў сельскагаспадарчым тэхнікуме ў Пінску, праца ў племзаводе імя Дзяржынскага (сакратар камсамольскай арганізацыі і прапагандыст) і саўгасе «Крыніца» (галоўны заатэхнік і сакратар парткама). На якой пасадзе ні была, заўсёды з павагай і чуласцю адносілася да людзей. Яе працоўны шлях адзначаны медалямі, граматамі, падзякамі. Выхавала трох дзяцей — трох педагогаў. За сваё жыццё пабывала на шматлікіх форумах, канферэнцыях. Ганарыцца Зоя Емяльянаўна сустрэчай і размовай з Першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Машэравым. З вялікім жаданнем наведвае выхаваўчыя мерапрыемствы ў школе, перажывае за будучыню Радзімы.

— Я задаволена, што ў Рэспубліцы Беларусь традыцыі маладзёжнага руху старэйшых пакаленняў прадаўжае БРСМ. Старанна вучыцца, быць актыўнымі і энергічнымі ў грамадскіх справах, прымнажаць багацці роднай краіны, — пажадала жанчына маладому пакаленню.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *