Годы юности незабываемые: Иван Соколовский — о времени мечтаний про светлое будущее

100-летие образования ВЛКСМ Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

Сваё камсамольскае юнацтва Іван Уладзіміравіч Сакалоўскі ўспамінае з пачуццём лёгкага смутку.

■ Іван Сакалоўскі, 2018 г.
■ Іван Сакалоўскі, 2018 г.

І не толькі таму, што гэта была пара летуценняў і мары пра светлую будучыню. Людзі таго часу з галавой акуналіся ў жыццё, якое бурліла, захоплівала і вяло за сабой самых актыўных і мэтанакіраваных юнакоў і дзяўчат. І Іван Уладзіміравіч быў з іх ліку.
Ужо ў гады вучобы ў Аршанскім тэхнікуме чыгуначнага транспарту Івана абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі навучальнай установы. Менавіта там умацавалася яго актыўная жыццёвая пазіцыя, якую ён і пранёс праз усе гады. Прадоўжылася камсамольская біяграфія старшыны Сакалоўскага падчас службы ва Узброеных Сілах, дзе ён быў прызначаны інструктарам палітаддзела часці па камсамольскай рабоце. Там жа атрымаў накіраванне ў Вышэйшую камсамольскую школу пры ЦК ВЛКСМ.
Чатыры гады — з 1970-га па 74-ты — ён вучыўся ў Маскве. На той час гэта была адзіная вышэйшая навучальная ўстанова ў Савецкім Саюзе, дзе рыхтавалі кадры для камсамольскай работы, камуністычнага і маладзёжнага руху. У Івана з’явілася мноства сяброў, у тым ліку і з розных краін свету, з некаторымі ён доўгі час нават перапісваўся.
Студэнцкія гады запомніліся не толькі цікавымі знаёмствамі, але і яркімі падзеямі. Такімі, напрыклад, як работа ў студэнцкім будаўнічым атрадзе ў Карэліі — там будавалі Дом культуры. Быў ён і ў складзе студ-атрада, які працаваў у Туве. Незабыўныя ўражанні засталіся ў Івана Уладзіміравіча і пасля ўдзелу ў рабоце ХІХ з’езда ВЛКСМ.
Але студэнцкія гады праляцелі хутка і трэба было вызначацца з далейшым працоўным шляхам. Іван Уладзіміравіч вярнуўся ў Беларусь у распараджэнне ЦК ЛКСМБ. Яго рэкамендавалі спачатку другім, а затым і першым сакратаром Капыльскага райкама камсамола. І пачалося новае імклівае жыццё. З 1975 па 1979 год Сакалоўскі з’яўляўся лідарам моладзі Капыльшчыны, завадатарам і арганізатарам многіх цікавых і карысных спраў. З яго непасрэдным удзелам стартавалі першыя мотапрабегі па месцах баявой славы, якія і сёння не згубілі сваёй актуальнасці і арганізоўваюцца напярэдадні вялікіх дзяржаўных свят. Неад’емнай часткай жыцця моладзі таго часу былі спаборніцтвы на пасяўной і ўборачнай, вызначэнне лідараў жывёлагадоўчай галіны, камсамольскія вахты.
Уменне Сакалоўскага арганізаваць моладзь на самыя цікавыя і карысныя справы стала адной з падстаў для яго далейшай палітычнай кар’еры. Івану Уладзіміравічу прапанавалі ўзначаліць аддзел прапаганды і агітацыі Капыльскага райкама КПБ, затым прызначылі старшынёй партыйнай камісіі. Менавіта ў тыя часы ў нашага героя разам з партыйнай дысцыплінай, прынцыповасцю ўмацаваліся такія агульначалавечыя рысы характару, як добразычлівасць, тактоўнасць, уменне суперажываць блізкаму. Яны і засталіся галоўнымі прынцыпамі яго жыцця.

■ Першы сакратар РК ЛКСМБ Іван Сакалоўскі (першы злева) з дэлегатамі канферэнцыі, 1978 г.
■ Першы сакратар РК ЛКСМБ Іван Сакалоўскі (першы злева) з дэлегатамі канферэнцыі, 1978 г.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *