Спецыяльна для «СП» Мікалай Майсюк, член літаратурнага аб’яднання «Вясёлка», дзеліцца сваімі творчымі знаходкамі:

— Удзел у міжнародным фестывалі — гонар для мяне. Прыемна, што ў фестывалі ўдзельнічалі многiя таленты з Расіі, Казахстана, Украіны, Ізраіля і Беларусі, што сведчыць пра дружбу і адзінства не толькі славянскіх народаў, але і ўсіх блізкіх і далёкіх нашых суседзяў, усіх народаў, якія хочуць жыць з намі ў дружбе і згодзе. І як вынік — Дыплом за першае месца ў намінацыі «Паэзія» і сертыфікат на прадастаўленне права на творчы вечар на міжнародным музычна-паэтычным радыё «Акіян Плюс» з ратацыяй пяці твораў.
Тэматыка фестывалю была прысвечана малой радзіме. Гэта любоў да сваёй зямлі, да сваёй краіны, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым нашых продкаў, разважанні над сэнсам жыцця і адраджэнне традыцыйных духоўных каштоўнасцей. Творчыя працы былі заяўлены ў розных намінацыях. Так, у вакальным выкананні былі прадстаўлены ўсе жанры песень на любой мове, ад «бардаўскай» да папулярнай музыкі, уключаючы рускі шансон, гарадскі раманс, эстрадную, ваенную і аўтарскую песні. А дзякуючы літаратурнай намінацыі члены журы змаглі ацаніць творчасць чытальнікаў.
Усе ўдзельнікі мелі магчымасць прачытаць некалькі сваіх твораў для публікі і пачуць апладысменты і падбадзёрваючыя словы членаў кампетэнтнага журы. Паколькі фестываль праходзіў у сядзібе «Нясвiжскiя вытокi», то замест прывітання да ўсіх прысутных я звярнуўся з вершам «Прывітанне Нясвіжу», чым, несумненна, заваяваў прыхільнасць публікі да сваёй творчасці. Затым былі прачытаны і іншыя мае аўтарскія вершы: «Малая Радзіма» і «Тут мая Радзіма», назвы якіх кажуць самі пра сябе. Лічу, што сапраўдная паэзія нараджаецца, калі чалавек любіць, яго цягне да родных мясцін, дзе заўсёды добра і цёпла, куды хочацца вяртацца.
Малая Радзіма
Да роднае хаты я зноўку вярнуўся:
Як хораша тут, дзе бацькоўскі парог!
І зноў у дзяцінства сваё аглянуся,
Хоць шмат за плячыма гадоў і дарог.
Малая радзіма – часцінка вялікай,
Яна мне на свеце за ўсё даражэй!
Бо стала пачаткам жыцця і адліку
Маіх светлых мар і крылатых надзей.
Усё мне тут родным і блізкім здаецца…
Я рукі раскіну, прастор абдыму…
І песня ад самага сэрца пальецца
Пра корні святыя – маю старану.
Блакітныя вочы і русыя косы,
Зялёныя далі і рэк паясы…
Не трэба мне іншае долі і лёсу,
Чым дотык адчуць гэтай дзіўнай красы.
Мы з вамі не госці на нашай радзіме,
Мы – гаспадары: шчасце ў нашых руках!
А мілы куточак нас не пакіне,
Ён з намі заўсёды наяве і ў снах…
Член журы, паэтэса, пісьменніца, сябра творчага аб’яднання «Валошкі» і літаратурна-музычнага аб’яднання «Мір» (г. Вільнюс) Зоя КАПУСТА:
— ІІ Міжнародны фестываль аўтарскай песні і самадзейных паэтаў «Вецер удачы», які прайшоў на Нясвіжчыне
28 ліпеня, паспрабаваў пачаць вырашаць задачы прапаганды і распаўсюджвання аўтарскай песні, твораў пачынаючых паэтаў-песеннікаў. Знакамітае журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі краін-удзельніц, было задаволена ўзроўнем выступлення канкурсантаў. Адзначаны прафесійнасць і пад-рыхтаванасць выканаўцаў, паэтаў, высокая літаратурная якасць выбраных для конкурсу твораў — як музычных, так і паэтычных. Творы мелі патрыятычную, ваенную, лірычную тэматыку, былі прадстаўлены ў жанрах гарадскога раманса, лірычнай і бардаўскай песні, балад. Сярод паэтаў-песеннікаў першае месца аднагалосна аддадзена вашаму земляку Мікалаю Майсюку. Яго вершам і выкананню конкурсных твораў на беларускай мове старшыня журы А.Ю. Ліхачоў даў вельмі высокую ацэнку.
Міжнародны фестываль і конкурс выканаўцаў аўтарскай песні і самадзейных паэтаў «Вецер удачы» стаў пачатковай вехай для развіцця бардаўскай творчасці ў нашай краіне, цікавым спалучэннем вопыту для пачынаючых аўтараў і настаўніцтва ім ад знакамітых выканаўцаў, упэўненасці для далейшых творчых здзяйсненняў і прызнання ад тых, каму і прызначаны гэты цікавы жанр шансона, барда, песні, які ўжо шмат стагоддзяў будзіць думкі, праймае сэрца, распавядае таямніцы пакутлівых душ чалавечых.
Аб чым плача, з чаго смяецца песня шансон?! Абавязкова даведаемся! Чакаем ІІІ Міжнародны фестываль аўтарскай песні і самадзейных паэтаў «Вецер удачы».
Дырэктар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкіімя А. Астрэйкі Таццяна СЕРАЯ:
— Безумоўна, Мікалай Майсюк — адзін з самых таленавітых членаў літаратурнага аб’яднання «Вясёлка». І гэта заслужаная ўзнагарода. Яго паэзія — унікальная, яна прасякнута любоўю да сваёй Радзімы, да родных мясцін, сваіх каранёў, дарагіх і блізкіх яму людзей. І перш чым скласці верш на тую ці іншую тэму, ён вывучыць яе «знутры», а потым прыступіць да напісання. Яго вершы часта друкуюцца ў раённай газеце, бо ў кожным радку жыве душа самадзейнага паэта, і такія вершы знаходзяць водгук у многіх душах. Таму яны так i прыцягваюць чытачоў.
Таццяна БОХАН