Наш земляк писатель и критик Алесь Бельский отметил свое 55-летие

2018-2020 - год малой Родины Асоба

Гэты год юбілейны  яшчэ для аднаго  знакамітага нашага земляка. Зусім нядаўна споўнілася 55 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага літаратуразнаўцы, пісьменніка і крытыка, ураджэнца вёскі Цімкавічы Алеся Іванавіча Бельскага.

Алесь Бельскі — доктар філалагічных навук, які ў 37 гадоў атрымаў Літаратурную прэмію імя Івана Мележа, а ў 38 — вучонае званне прафесара.

ігар піліповіч і бельскі
■ Алесь Бельскі (справа) і Ігар Піліповіч у Літаратурным музеі К. Чорнага ў Цімкавічах, 2016 г.

Але шлях да поспеху — няпросты. Дзяцінства хлопчыка было азмрочана цяжкімі абставінамі: з двума брацікамі ён застаўся без бацькі, а мама часта хварэла. Усю хатнюю работу як самы працавіты выконваў Саша. Вялікі ўплыў на развіццё хлопчыка аказала былая загадчыца школьнай бібліятэкі Ніна Канстанцінаўна Нікалайчык. Дзякуючы яе садзейнічанню Саша перачытаў усіх беларускіх класікаў і ад усёй душы палюбіў родную мову. Таму і прыярытэт сярод прадметаў у школе аддаваў беларускай мове і літаратуры, якую выкладала Вольга Ільінічна Марціновіч.

Пісаць Алесь пачаў яшчэ падчас вучобы ў Цімкавіцкай сярэдняй школе, якую, дарэчы, скончыў на выдатна. Артыкулы юнака друкаваліся на старонках раённай газеты «Слава працы», таксама ён дасылаў свае допісы ў піянерскую газету «Зорька». Пісаў замалёўкі пра прыроду ў часопіс «Бярозка» і газету «Піянер Беларусі».

У пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя працаваў старшым піянерважатым Руднянскай васьмігадовай школы, якую ўзначальваў яго старэйшы брат Анатоль.

Праз пэўны час Алесь стаў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ, які скончыў у 1986 годзе. Студэнцкія гады сталі адметныя тым, што ён цесна супрацоўнічаў з рэспубліканскім друкам, куды пісаў артыкулы, інтэрв’ю, рэцэнзіі, вершы.

Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў настаўнікам у сярэдняй школе №  55 г. Мінска, затым — намеснікам дырэктара Слабадской васьмігодкі Мінскага раёна, хаця марыў вярнуцца да сябе на радзіму ў в. Цімкавічы, дзе заставалася састарэлая маці. Але рэцэнзент яго дыпломнай працы, прафесар Павел Дзюбайла прапанаваў паступаць у аспірантуру БДУ. І Алесь зрабіў выбар на карысць навукі. Прадметам яго даследаванняў стала гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Назва доктарскай дысертацыі так і гучала: «Пейзаж у беларускай паэзіі: эвалюцыя, паэтыка, сістэма вобразаў». Навуковым кансультантам стаў доктар філалагічных навук, прафесар А.А. Лойка.  У 1998 годзе Алесь Бельскі паспяхова абараняе дысертацыю і становіцца прафесарам кафедры беларускай літаратуры ХХ стагоддзя БДУ, а ў хуткім часе і яе загадчыкам.

У актыве Алеся Бельскага больш за 20 кніг па літаратуразнаўстве і крытыцы. Яму належаць зборнікі літаратурных артыкулаў «Пакуль баліць душа», «Жывая мова краявідаў», дапаможнікі для настаўнікаў «Сучасная беларуская літаратура», «Краса і смутак», «Сучасная літаратура Беларусі» і іншыя. Апрача гэтага, ім апублікавана звыш двухсот работ у беларускіх выданнях. Алесь Іванавіч чытаў навуковыя даклады больш чым на 30-ці міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях. Працы нашага земляка знайшлі адлюстраванне ў выніковай энцыклапедыі мінулага стагоддзя «Наука Беларуси в 20-м столетии». Яго імя занесена на старонкі даведніка «Прафесары і дактары навук БДУ». Наш зямляк цалкам адданы сваёй справе, шмат працуе. Таму яго навуковыя і навукова-педагагічныя працы адзначаны Ганаровай граматай БДУ, Граматай Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Акрамя выкладчыцкай дзейнасці Алесь Бельскі шмат пісаў і працаваў над выданнем падручнікаў па беларускай літаратуры. Не пакідаў і мастацкую літаратуру. Свае творы падпісваў псеўданімам Алесь Ветах. З 1998 года Алесь Бельскі — член Саюза беларускіх пісьменнікаў, а яшчэ праз чатыры гады — Беларускага саюза журналістаў. З 2001 года працуе галоўным рэдактарам часопіса «Беларуская мова і літаратура», з 2004-га — першым намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Роднае слова».

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *