В агрогородке Старица Копыльского района прошел праздник деревни и районный этап сельскохозяйственного проекта «Властелин села»

2018-2020 - год малой Родины Актуально Праздник

Са святам цябе, Старыца! А дакладней — са святамі, бо ў мінулыя выхадныя ў аграгарадку іх адбылося адразу некалькі.

■ Людміла Ніжэвіч, Анатоль Ліневіч, Таццяна Дубовік знаёмяцца з сям'ёй Коршукаў
■ Людміла Ніжэвіч, Анатоль Ліневіч, Ірына Кісляк, Таццяна Дубовік знаёмяцца з сям’ёй Коршукаў

Свята першае – дзіцячае

Так, дзетвара аграгарадка атрымала два ўпарадкаваныя і прыгожыя месцы, дзе ёсць цудоўная магчымасць бавіць час і паляпшаць здароўе.

■ Чырвоную стужку перарэзваюць Людміла Ніжэвіч і Ірына Кісляк
■ Чырвоную стужку перарэзваюць Людміла Ніжэвіч і Ірына Кісляк

Адна з пляцовак знаходзіцца па вуліцы Паўднёвай. І сюды, таксама як і на другую пляцоўку па вуліцы Школьнай, завіталі паважаныя госці. У іх ліку — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч, старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі, дырэктар ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Рудакоўскі, старшыня Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусева. У прывітальных словах гасцей гучала ўдзячнасць мясцовым жыхарам і гаспадарцы за тую добрую справу, якую яны зрабілі. Людміла Іванаўна адзначыла, што Старыца — цудоўны прыгожы населены пункт, дзе жывуць працавітыя і сціплыя людзі, таму яна мае перспектыву стаць гарадскім пасёлкам. Такую прапанову падтрымаў і Уладзімір Рудакоўскі, які дадаў, што дэмаграфічная сітуацыя ў аграгарадку ў апошні час значна паляпшаецца. Як доказ яго слоў — мітусня і гоман шматлікай дзетвары, што прыйшла на новыя пляцоўкі бавіць цёплы ліпеньскі дзень.

IMG_8478

IMG_8481

IMG_8473

IMG_8499

IMG_8467

IMG_8466

Парадавацца і на самай справе ёсць чаму: вось гушкаюцца рознакаляровыя арэлі, а тут «прыпаркаваны» амаль сапраўдны аўтамабільчык і стаіць на прыколе прыгожы караблік. А як весела гучыць дзіцячы смех, калі хлопчыкі і дзяўчынкі радасна скочваюцца з горкі! Паспрабаваць свае сілы юныя спартсмены, як і іх таты з мамамі, могуць на валейбольных пляцоўках. Ды што ж гэта ўсё мы самі расказваем?! Лепш паслухаем мясцовых жыхароў. 

— Мы вельмі рады, што ў нас з’явіліся такія цудоўныя пляцоўкі, — гаворыць мама чатырох дзетак Вольга Тарасевіч. — Асабліва прыемна, што радасць сваім сыночкам і дачушкам мы змаглі падарыць самі, сваімі рукамі. Словы ўдзячнасці за аказаную дапамогу хочам выказаць гаспадарцы і сельвыканкаму.

Свята другое – вясковае

Свята вёскі, якое адбылося адразу пасля адкрыцця дзіцячых пляцовак, было неразрыўна звязана з першым. Але пра ўсё па парадку.

Бясспрэчна: праца вяскоўцаў патрабуе шмат намаганняў. Дзякуючы ім, мы атрымліваем карысную сельскагаспадарчую прадукцыю, тым самым умацоўваем здароўе. А такое свята, на якім ушаноўваюць працаўнікоў і вясковых жыхароў, якія робяць родныя мясціны прывабнымі і ўтульнымі, — добрая магчымасць аддзякаваць ім  за старанную працу. Таму шмат шчырых слоў гучала на мерапрыемстве ў адрас старыцкіх людзей.

IMG_8541

IMG_8516

— З кожным годам Старыца квітнее, — адзначыў старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч. — І квітнее яна менавіта дзякуючы вашым намаганням, а вакол мы бачым прыгажосць, якая створана вашымі працавітымі рукамі.

Працягам слоў Анатоля Канстанцінавіча сталі словы ўдзячнасці, якія прагучалі са сцэны, і шматлікія падарункі, што былі ўручаны найбольш працавітым, старанным і творчым жыхарам Старыцы. Каб адзначыць тых, каму належала ідэя пабудаваць дзіцячыя пляцоўкі, Нэлі Гусева ўручыла Падзякі сельвыканкама арганізатарам: Юрыю Кулікоўскаму і Ірыне Каваленка. Усім, хто шчыраваў на стварэннні пляцовак, падарылі салодкія падарункі — тарты, якія спякла мясцовая ўмеліца Ірына Дашкевіч.

Утульнай сваю хату робяць гаспадары. І нельга было не адзначыць на свяце тых людзей, хто намаганнямі і стараннямі робяць утульнымі свае дамы і тым самым — родную вёску. Вось гучаць апладысменты ў гонар майстрыхі па вышыўцы Кацярыны Заворы: яе работы адрозніваюцца асаблівай яркасцю і самабытнасцю, у кожную яна ўкладае часцінку сваёй душы. Далей госці свята віталі Ірыну Быструю, рукі якой могуць ствараць з усяго рэчы прыгожосці: банты, заколкі, брошкі. А сувеніры, вырабленыя жанчынай, дораць радасць аднавяскоўцам. Сапраўднай майстрыхай з’яўляецца і Ірына Коршук: з бісеру, паетак, каштанаў, шышак, паперы, адным словам з усяго, што знаходзіцца пад рукамі, яна стварае цуды. А вось Настасся Герман займаецца вязаннем. І ўся яе сям’я мае магчымасць радавацца якасным і прыгожым абноўкам.

IMG_8517

IMG_8539

IMG_8588

IMG_8606

IMG_8664

IMG_8629

IMG_8682

Адзначаны на свяце ўсе майстры, чыімі намаганнямі і талентамі была арганізавана прыгожая выстава. У іх ліку — калектывы ўстаноў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета: Русакоўскі яслі-сад (загадчыца Ганна Табальчук), Старыцкая СШ (дырэктар Міхаіл Спадарэц), Старыцкая ўчастковая бальніца (загадчыца Вераніка Тароцька), Старыцкія сельская бібліятэка (Галіна Гайшун) і сельскі Дом культуры (Марына Серая).

Прыемныя словы ў свой адрас пачулі тыя жыхары, чые сядзібы асабліва радуюць вока. Сям’я Ніны і Генадзя Клімашэўскіх прыехала ў Старыцу пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Гаспадар — майстар разьбы па дрэве і са звычайнай маленькай хаткі зрабіў прыгожы, амаль казачны церам. Дапамагаў Генадзь Міхайлавіч і пры будоўлі дзіцячых пляцовак. А жонка ўпрыгожыла тэрыторыю каля сваёй хаты разнастайнымі кветкамі. Звяртае на сябе ўвагу і сядзіба шматдзетнай сям’і Уладзіміра і Вольгі Патоцкіх: тут табе і штучнае возера з… дэльфінамі, і экзатычныя фламінга з паўлінам, казачныя лебедзі і, канешне, летняе шматквецце. Мабыць, таму, што жывуць у аграгарадку такія старанныя і працавітыя людзі, тут адбывалася і яшчэ адна адметная падзея…

Свята трэцяе – працоўнае

У сучасным свеце моладзь усё часцей імкнецца вяртацца на сваю малую радзіму, ствараючы новыя сем’і і працягваючы справы сваіх бацькоў. Менавіта таму мэтай правядзення сельскагас-падарчага праекта «Уладар вёскі» і з’яўляецца садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на вёсцы, узмацненне сямейных каштоўнасцей і пераемнасць пакаленняў. Арганізатарам і ініцыятарам конкурсу выступае ГА «БРСМ». І зараз мы вітаем удзельнікаў гэтага, стаўшага ўжо легендарным, праекта. Сям’я Калевічаў з Бабаўнянскага сельсавета. Вольга працуе акушэркай у Бабаўнянскай амбулаторыі, а Дзмітрый знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем да трох гадоў. Любоў і Сяргей Коршукі са Слабада-Кучынскага сельсавета — актыўная і ініцыятыўная сям’я. У сям’і Таццяны і Андрэя Волкавых з Капыльскага сельсавета вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню і азеляненню прысядзібнай тэрыторыі, а адносіны будуюцца на ўзаемаразуменні, павазе і каханні. Выхаванню дзяцей надаюць асаблівую ўвагу ў сям’і Наталлі і Паўла Рогачаў з Семежаўскага сельсавета, таму і радуюць сынок і дачушка бацькоў шматлікімі поспехамі. Лілія і Іван Курачавы з Грозаўскага сельсавета нягледзячы на даволі малады ўзрост могуць пахваліцца пяццю дзеткамі, якія гадуюцца ў атмасферы дабра і ўзаемапавагі. 

IMG_8967

Каб прадэманстраваць свае здольнасці, творчыя магчымасці і працавітасць, сем’ям давялося прыняць удзел у трох конкурсах. Як жывуць, якімі хобі захапляюцца гаспадар і гаспадыня, можна было пабачыць падчас «Выставы дасягненняў сямейнай гаспадаркі». Уменне працаваць разам, разумець адзін аднаго і дапамагаць — прадэманстраваць гэтыя якасці і складальнікі сямейнага дабрабыту неабходна было сем’ям у конкурсах «Святочны воз», «Па дровы» і «Родны смак». А паколькі гэта ўсё ж такі конкурс, папрацаваць прыйшлося і журы: старшыні райсавета дэпутатаў Ірыне Кісляк, дырэктару ААТ «Старыца-Агра» Уладзіміру Рудакоўскаму, першаму сакратару РК ГА «БРСМ» Таццяне Дубовік, старшыні Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусевай, пераможцам рэспубліканскага этапа сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар вёскі-2017» Вікторыі і Уладзіміру Літвіным.

Гледачы з азартам назіралі за намаганнямі «ўладароў», як маглі падтрымлівалі іх і нават імкнуліся нешта падказаць і дапамагчы. Пасля абмеркаванняў журы вызначыла пераможцаў у кожным конкурсе і, канешне ж, тую сямейную пару, якая будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе.

■ Сям'я Вольгі і Дзмітрыя Калевічаў з Бабаўняскага сельсавета
■ Сям’я Вольгі і Дзмітрыя Калевічаў з Бабаўняскага сельсавета
■ Па-майстэрску запрагае каня Андрэй Волкаў
■ Па-майстэрску запрагае каня Андрэй Волкаў
■ Дружна пілуюць дровы Іван і Лілія Курачавы
■ Дружна пілуюць дровы Іван і Лілія Курачавы
■ Лепшыя дранікі ‒ ад сям'і Рогачаў
■ Лепшыя дранікі ‒ ад сям’і Рогачаў

Так, пераможцай у «Выставе сямейных дасягненняў» сталі Сяргей і Любоў Коршукі, запрэгчы і распрэгчы святочны воз лепш атрымалася ў Андрэя і Таццяны Волкавых. Бясспрэчным лідарам па распілоўванні дроў, іх расколванні і ўменні скласці  ў касцёр стала сям’я Івана і Ліліі  Курачавых. Лепш за ўсё атрымалася прыгатаваць дранікі ў Паўла і Наталлі Рогачаў. Дыплом пераможцы і адказную магчымасць прадстаўляць раён на абласным этапе атрымалі Вольга і Дзмітрый Калевічы. Таму наперадзе ў іх — старанная падрыхтоўка, каб прадставіць Капыльшчыну на высокім узроўні. Падарунак пераможцам уручылі і ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Ніжэвіч.

— Мы вельмі рады, што сталі пераможцамі, — дзеліцца ўражаннямі галава сям’і Дзмітрый. — Каб прыняць удзел, мы старанна рыхтаваліся. Дапамаглі нам удзельнікі клуба аматарскай творчасці «Лоцвінскія ўдалухі», якім мы вельмі ўдзячны. Зараз будзем рыхтавацца да ўдзелу ў абласным этапе.

Свята адгучала, а над тым, каб яно прайшло весела і цікава, працавалі самадзейныя артысты з раённага Цэнтра культуры, Грозаўскага і Старыцкага СДК.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *