Как отмечали День освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков в деревне Лавы Копыльского района

2018-2020 - год малой Родины Память

На Капыльшчыне, як і па ўсёй Беларусі, заўсёды ўрачыста адзначалі дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  І пажаўцелыя ад часу старонкі раённай газеты яскрава сведчаць пра мерапрыемствы, якія адбываліся ў раёне. Мы зазірнём у мінулае і паглядзім, як гэта было.

На календары 1964 год. 3 ліпеня споўнілася 20 год з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму на Капыльшчыне гэтае свята адзначалі надзвычай урачыста.

У суботу 4 ліпеня мнагалюдны мітынг адбыўся каля брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў 1944 годзе пры вызваленні Капыля. Са сцягамі, жывымі кветкамі сюды прыйшлі работнікі дзяржаўных устаноў, рабочыя і служачыя прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці, прадстаўнікі партыйных і савецкіх арганізацый, вучні школ. Мітынг адкрыў сакратар парткама вытворчага ўпраўлення М.К. Цвірко.

■ На мітынгу заўсёды было шматлюдна
■ На мітынгу заўсёды было шматлюдна

Але асноўная частка свята звычайна адбывалася на месцы Лаўскага бою, дзе назаўтра, 5 ліпеня, сустрэліся былыя франтавікі. Яшчэ з раніцы сюды пачалі з’язджацца сябры па зброі, прадстаўнікі калгасаў і саўгасаў, прадпрыемстваў, інтэлігенцыі Капыльшчыны, вучні, госці з суседніх раёнаў і розных куткоў Радзімы. «Машыны, машыны, машыны… Чырвань сцягоў, гуллівае людское мора», — так апісвае свята карэспандэнт «Слава працы». Сярод гасцей — баявыя камандзіры партызанскага руху на Капыльшчыне Ф.Ф. Капуста, М.А. Шастапалаў, В.Р. Яроменка, Героі Савецкага Саюза С.А. Ваўпшасаў і А.А. Ляшчынскі, падпалкоўнік Савецкай Арміі Б.В. Чарных, партызаны, якія змагаліся з гітлераўцамі на тэрыторыі нашага раёна, і іншыя. Былы партызан М.М. Куляшоў прыехаў сюды з далёкай Башкірыі. Прысутнічала на свяце і Зубкова — маці партызана-падпольшчыка, які загінуў у 1944 годзе і пахаваны на могілках у Клецішчы.

■ Камандзір 1-й роты атрада «Патрыёт Радзімы» Л. Хуцашвілі, Ф. Абрамчык, П. Ляўковіч, А. Бродскі
■ Камандзір 1-й роты атрада «Патрыёт Радзімы» Л. Хуцашвілі, Ф. Абрамчык, П. Ляўковіч, А. Бродскі

Адкрыў мітынг старшыня райвыканкама таварыш Сыраквашын.

Далей сакратар парткама вытворчага ўпраўлення М.К. Цвірко гаварыў пра тое, што перамога савецкага народа над фашысцкай Германіяй  мае сусветна-гістарычнае значэнне, а беларускі народ унёс дастойны ўклад у гэтую вялікую справу.

■ Герой Савецкага Саюза А. Ляшчынскі і дырэктар Шастакоўскай школы У. Батура
■ Герой Савецкага Саюза А. Ляшчынскі і дырэктар Шастакоўскай школы У. Батура

Адзіны з удзельнікаў Лаўскага бою, які цудам застаўся ў жывых, І.Я. Жыгалковіч адзначыў, што тут, на гэтых могілках, стаялі насмерць яго таварышы: «У той час я з Пяткевічам і Духанавым знаходзіліся ў засадзе ў вёсцы Клецішча і сваімі вачыма бачылі героіку бою. Толькі людзі, адданыя сваёй Радзіме, маглі так стойка змагацца з лавінай фашысцкіх сцярвятнікаў». 

■ Маці партызана-падпольшчыка Зубкова
■ Маці партызана-падпольшчыка Зубкова

Вось слова бярэ камандзір партызанскай брыгады імя Чапаева М.А. Шастапалаў:

— Капыльшчына — былы партызанскі край —  стала непазнавальнай. Яна з’яўлялася цэнтрам партызанскага руху суседніх раёнаў. Менавіта тут ствараліся партызанскія брыгады, якія затым дзейнічалі на тэрыторыі Нясвіжскага, Уздзенскага і былога Грэскага раёнаў, нават у Беластоцкай вобласці. Насельніцтва аказвала народным мсціўцам вялікую і пастаянную падтрымку.

■ На трыбуне: М. Цвірко, Я. Валністы, В. Яроменка, М. Шастапалаў, І. Жыгалковіч, М. Сухій
■ На трыбуне: М. Цвірко, Я. Валністы, В. Яроменка, М. Шастапалаў, І. Жыгалковіч, М. Сухій

— Сябры па зброі! — менавіта так звяртаецца да прысутных камандзір партызанскай брыгады імя Варашылава В.Р. Яроменка. — Разам з усім савецкім народам кавалі перамогу над ворагам і партызаны нашай брыгады, якая першай была створана на Капыльшчыне. На яе базе затым з’явіліся брыгады імя Чапаева, імя Суворава, імя Ракасоўскага, імя Калініна і імя Фрунзе. Адным словам, вырасла цэлая партызанская армія.

■ Партызаны з атрада імя Чапаева П. Жукоўскі і І. Коўзусь
■ Партызаны з атрада імя Чапаева П. Жукоўскі і І. Коўзусь

Удзельнікі мерапрыемства прынялі клятву свята ўшаноўваць баявыя і працоўныя традыцыі савецкага народа. Яны пакляліся не забываць тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць маці-Радзімы.

Затым пад гукі мелодыі «Мы жертвою пали…» да падножжа помніка героям Лаўскага бою ўскладваюцца дзясяткі вянкоў. Пасля ўрачыстага мітынгу ў Лаўскім лесе адбыліся масавыя гулянні.

Гістарычная даведка

Месца святкавання — Лаўскі лес — выбрана невыпадкова. Побач, на могілках у вёсцы Клецішча, у снежні 1942 года невялікім атрадам партызан быў дадзены бой гітлераўцам. Камандзірам атрада, куды ўвайшлі 19 чалавек, быў прызначаны Вікенцій Драздовіч. 18 партызан, якім было ад 15 да 32 гадоў, загінулі. Выратаваўся толькі I. Жыгалковіч: яго В.І. Драздовіч паслаў у атрад з данясеннем.

Вось імёны герояў: Драздовіч Вікенцій, Цяртычны Мікалай, Шытыка Канстанцін, Кароль Аляксей, Астрэйка Васіль, Нікановіч Рыгор, Цітко Дзмітрый, Лыч Павел, Дзесюкевіч Міхаіл, Туміловіч Іван, Петрашэўскі Эдуард, Клімовіч Франц, Якімовіч Мікалай, Качаноўскі Уладзімір, Ясючэня Аляксандр, Ждановіч Аляксандр, Харытановіч Аляксандр, Сіневіч Мікалай. У 1965 годзе Указам Вярхоўнага Савета СССР Драздовічу Вікенцію Іосіфавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Астатніх загінуўшых партызан засады (17 чалавек) Вярхоўны Савет СССР пасмяротна ўзнагародзіў ордэнам   Айчыннай    вайны  І ступені.

Газеты гартала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фотаздымкі з архіва М.П. ШКАДАРЭВІЧА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *