Рецепт счастья от семьи Зеневич из деревни Думичи Копыльского района

Галерэя лёсаў Чалавек і яго справа

Як не страціць за паўстагоддзя сумеснага жыцця каханне, адданасць і цеплыню ўзаемаадносін? Згадзіцеся, пытанне не з лёгкіх.

Напэўна, свой рэцэпт могуць падказаць Іван Францавіч і Зінаіда Кірылаўна Зяневічы з вёскі Думічы, якія сёлета адзначылі сваё залатое вяселле. Слухаеш расповед гаспадара пра іх знаёмства з будучай жонкай — і такое ўражанне, што перад табою мільгацяць кадры са старой, усімі любімай кінастужкі мінулых гадоў. Толькі на экране не знаёмыя савецкія зоркі, а звычайныя вясковыя юнакі і дзяўчаты, якія старанна працавалі, цікава адпачывалі і, як усе маладыя людзі, жылі марамі аб шчасці і светлай будучыні.

■ Зінаіда Кірылаўна і Іван Францавіч Зяневічы
■ Зінаіда Кірылаўна і Іван Францавіч Зяневічы

Прыгожы, кампанейскі хлопец удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці і разам з сябрамі павінен быў выступаць у Лоцвінскім клубе. Але па нейкіх прычынах канцэрт не адбыўся. Тады вырашылі ехаць у Рымашы — можа там ім будуць рады?! Ідучы да машыны, Іван заўважыў чародку дзяўчат. «Можа паедзеце з намі?» — паспрабаваў завязаць знаёмства. «А нам і тут добра!» — весела выгукнула тая, якая падалася самай прывабнай.

Так гэтая мімалётная размова стала пачаткам доўгага сумеснага жыцця, у якім было багата светлых і шчаслівых дзён. Пабудавалі сваю хату ў Думічах — вырашылі жыць асобна ад бацькоў. У сям’і нарадзіліся тры дачкі. Іван Францавіч, як ён сам прызнаецца, — чалавек «жалезны». Ён не ўяўляў сваё жыццё без аўтамабіля: вазіў дырэктара саўгаса, працаваў на аўтобусе, грузавіку. Вельмі хацеў купіць сваю машыну, таму на падвор’і Зяневічаў з’явіліся свінаматкі: вырошчвалі свіней не толькі для сваёй сям’і, але і на продаж. Як і ў кожнай вясковай сям’і таго часу, была карова, пазней — конь.

Іван Францавіч і Зінаіда Кірылаўна не дзеляць работу на мужчынскую і жаночую. «Мая жонка хварэе — цукровы дыябет, а потым інсульт, — расказвае гаспадар. — Таму я заўсёды стараюся ёй дапамагаць. І ў печы выпалю, і свіней пакармлю, і карову падаю, калі трэба».

Зінаіда Кірылаўна амаль усё жыццё працавала бухгалтарам: спачатку ў Колаўскім сяльпо, а калі яго расфарміравалі, уладкавалася ў Колаўскае лясніцтва, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак.

Але не толькі радасныя дні выпалі на долю сям’і Зяневічаў. У зусім яшчэ маладым узросце памерла іх сярэдняя дачка Алена. І хоць ужо мінуў час — рана на сэрцах блізкіх не загаілася. Нават сваё залатое вяселле Іван Францавіч і Зінаіда Кірылаўна адзначалі з ціхім сумам у сэрцы: як бы Алёнка парадавалася за бацькоў…

А на свята сабралася амаль 40 чалавек. «Мы нават пляменнікаў не клікалі, — усміхаецца Зінаіда Кірылаўна. — Інакш у нашу хату ўсе не памясціліся б». Дзеці і ўнукі (а іх у Зяневічаў трое) падрыхтавалі цікавы сцэнарый. Было месца для жартоўных конкурсаў, шчырых віншаванняў, сардэчных пажаданняў. Прыйшлі павіншаваць залатых юбіляраў і прадстаўнікі мясцовай улады. Яно і не дзіўна, паколькі Іван Францавіч і цяпер у віхуры грамадскага жыцця. Ён з’яўляецца старэйшынам у Думічах, ведае пра ўсё, што адбываецца ў яго роднай вёсцы, стараецца дапамагчы аднавяскоўцам у вырашэнні іх праблем.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *