1 мая Янина Адамовна Зенькович (в девичестве Филазофович) из д. Корзуны отмечает 80-летний юбилей

Галерэя лёсаў

Перажыта многае: вайна, якая ўкрала ў яе дзяцінства, ударная праца даяркай у саўгасе «Крыніца», нараджэнне трох сыноў.

Памятае, як у чэрвені 1944 года карнікі спалілі вёску. Пашанцавала выратаваць нешта з маёмасці і схаваць у лесе кароўку. Бацька Адам Дзянісавіч ведаў, што хутка пойдзе ў армію, таму зрабіў часовае збудаванне. Перад адпраўкай на фронт пацалаваў малодшую дачушку Аляксандру і загадаў жонцы Стафанідзе Аляксандраўне берагчы дзяцей. Праз тры месяцы ён загінуў у Польшчы. Пахавальны ліст паштальён прынёс прама на поле, дзе выбіралі бульбу. Праз месяц памерла малодшая Аляксандра (не было і двух гадоў), заставалася яшчэ тры дзяўчынкі — Яніна са старэйшымі Зінай і Альдоніяй.

Было вельмі цяжка жыць. Увесь час хацелася есці. Збіралі крапіву, шчаўе, дары лесу. Малако з кавалачкамі паранай бульбы здаваліся далікатэсам. Усе справы леглі на плечы жанчын. Разам ішлі на балота нарыхтоўваць сена: маці касіла, а дзяўчынкі па ва-дзе пераносілі траву на сухое месца, сушылі, ставілі копы. Калі маці выбірала бульбу на калгасным полі, ірвала лён, яны выпальвалі ў печы, даілі карову і глядзелі агарод. На праполку буракоў выходзілі ўсёй сям’ёй. Радаваліся невялічкаму кавалачку сала і бохану хлеба, што выкройвала маці на Вялікдзень.

Яніна ў 1945-м села за школьную парту разам з аднагодкамі і пераросткамі. Замест сшыткаў — рэшткі газет ці мяхоў з паперы, чарніла з сажы, адзін буквар  на ўвесь клас. З задавальненнем вывучала граматыку і чытанне, простыя матэматычныя дзеянні. Усе канікулы працавала ў калгасе. У сэрцы жанчыны захаваліся добрыя ўспаміны пра дырэктара школы Трыгубовіча Г.Ф., які заўсёды падтрымліваў дзяцей, страціўшых на вайне сваіх бацькоў.

Скончыла сем класаў Ленявіцкай ПШ. Паўстала пытанне: ці прадоўжыць навучанне ў Старыцкай СШ за пяць кіламетраў, ці пайсці ў калгас. На сямейным савеце вырашылі, што трэба ісці працаваць, бо нават апрануцца дзяўчыне не было ў што, каб наведваць заняткі ў суседняй вёсцы.   

Спачатку працавала ў паляводстве, затым цялятніцай і даяркай. Толькі пабудавалі новую хату, як ад завароту кішак памерла маці (было 44 гады), надарвала здароўе на працы: разам з мужчынамі цягала бярвёны. 14-гадовая Яня  і 17-гадовая Альдоня засталіся адны, старэйшая Зіна вучылася ў тэхнікуме. Неяк спраўляліся, выжывалі, трымалі гаспадарку.

Вызначальным у жыцці для дзяўчыны стаў 1957 год. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў Карзуны малады прыгожы хлопец Фёдар Зяньковіч. Вырашыў ажаніцца і разам з бацькам прыйшоў у сваты да Яніны. Доўга не думала, адразу дала згоду. Хвалявалася: што ж апрануць на вяселле. Пашылі сукенку з паркалю, аздобілі яе рознакаляровай  стужкай, а туфлі пазычыла ў сяброўкі. Распісаліся ў сельсавеце. За сталом сабраліся толькі блізкія. Бацькі мужа падарылі цялушку — гэта было такое шчасце! Дружна ўзяліся за будаўніцтва сямейнага ачага, ва ўсім падтрымлівалі адзін аднаго.

■ Яніна и Фёдар Зяньковічы (1957 год)
■ Яніна и Фёдар Зяньковічы (1957 год)

Разам з Фёдарам Вікенцьевічам пражылі 48 гадоў (механізатар, двойчы ардэнаносец). Асабістым прыкладам імкнуліся выхаваць у трох сыноў працавітасць, адказнасць, любоў да радзімы і людзей. Яніна Адамаўна заўсёды правярала ўрокі ў дзяцей, наведвала бацькоўскія сходы. Не шкадавала купляць цукеркі і пернікі — помніла сваё гаротнае дзяцінства. А хлопцы пасля заняткаў у школе дапамагалі маці на ферме даіць кароў, пераносіць бітоны з малаком, падкладваць кармы. Прыйшлося пахвалявацца і за іх. Старэйшы Анатоль служыў на кітайскай мяжы, сярэдні Аляксандр — на Паўночным флоце, малодшы Уладзімір — у Маскве. Усім справілі провады ў армію і вяселлі.

IMG_2205

За 40 гадоў працоўнага стажу заўсёды знаходзілася ў ліку перадавікоў гаспадаркі (адзначана граматамі, падзякамі і прэміямі), бо працавала шчыра, з поўнай аддачай, ніколі не адмовілася ад тэрміновых заданняў. Калі ішла на пенсію, плакала, не хацела пакідаць, так уцягнулася ў працу. Перажытае пакінула  балючы след: перанесены інсульт, аперацыя, пакручаныя пальцы. Узімку Яніна Адамаўна жыве ў старэйшага сына ў Капылі, летам — у роднай вёсцы. Ганарыцца шасцю ўнукамі і двума праўнукамі. Ад сваіх родных пастаянна чуе добрыя словы і віншаванні са святамі. А маладым жадае працаваць добрасумленна, любіць сваю сям’ю і родныя мясціны.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *