Лидеры посевной принимают поздравления

Актуально Посевная-2018 Экономика

Традыцыйна лепшых удзельнікаў пасяўной кампаніі ўшаноўваюць прадстаўнікі раённай улады, прафсаюзнай і маладзёжнай арганізацый, для іх гучаць песні ў выкананні членаў агітбрыгад, створаных для гэтай мэты ва ўстановах культуры Капыльшчыны.

Напрыканцы мінулага тыдня такая паездка была арганізавана ў адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Ціміразеўскі» і «Піянер-Агра», працаўнікі якіх апынуліся ў спісе лідараў вясенніх палявых работ. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гарбацэвіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Сцяпура, першы сакратар Капыльскага РК ГА «БРСМ» Таццяна Дубовік, а таксама члены агітбрыгады Валянціна Зарамбоўская і Антон Шышмароў разам з прадстаўнікамі сельгаспрадпрыемстваў сустрэліся з перадавікамі непасрэдна на іх працоўных месцах.

■ Івана Лазука віншуюць Кацярына Панцэвіч, Ірына Сцяпура, Валянціна Зарамбоўская і Антон Шышмароў
■ Івана Лазука віншуюць Кацярына Панцэвіч, Ірына Сцяпура, Валянціна Зарамбоўская і Антон Шышмароў

Механізатары Іван Лазук, Сяргей Новік і Уладзімір Казакевіч з ААТ «Ціміразеўскі», якія ў гэты дзень апынуліся ў цэнтры ўвагі гасцей з райцэнтра, займаюцца рознымі відамі работ, але іх аб’ядноўваюць вялікая працаздольнасць, адказнасць і ўнутраная дысцыпліна, якія  дапамагаюць мужчынам паспяхова выконваць даведзеныя заданні. За што ім і былі ўручаны «маланкі»-падзякі за подпісам старшыні райвыканкама Анатоля Ліневіча, падзячныя лісты райкама прафсаюза работнікаў АПК, каштоўныя падарункі. Не засталося ўбаку ад такой важнай падзеі і кіраўніцтва гаспадаркі: в.а. спецыяліста па ідэалагічнай рабоце Кацярына Панцэвіч таксама ўручыла падзячнае пісьмо ад імя дырэктара сельгаспрадпрыемства і сувенір. І, вядома ж, у гонар лідараў гучалі вясёлыя песні, паслухаць якія на некалькі хвілін прыпыняліся і іншыя ўдзельнікі пасяўной кампаніі.

■ Падзяку атрымаў Сяргей Новік
■ Падзяку атрымаў Сяргей Новік
■ Уладзімір Казакевіч
■ Уладзімір Казакевіч

Падчас паездкі па ААТ «Піянер-Агра» прадстаўнікоў раённай улады і грамадскіх арганізацый суправаджаў аграном Сяргей Гурын. Паводле яго слоў, работы ў гаспадарцы распачынаюцца даволі рана — ужо ў сем гадзін раніцы практычна ўся тэхніка выходзіць на палеткі. Працуюць амаль увесь светлавы дзень. Усе работы неабходна весці паралельна.

— Задзейнічаны тры пасяўныя агрэгаты, якія сеюць ячмень, — расказвае Сяргей Леанідавіч. — Пад гэту культуру ў нас адведзена 800 га. Паралельна ўносім мінеральныя ўгнаенні і праводзім закрыццё вільгаці. Плануем, што ў хуткім часе распачнём і сяўбу цукровых буракоў. Там, куды ўвосень не змаглі дабрацца, вядзём ворыва. А яшчэ нашы трактары працуюць на ўнясенні арганічных угнаенняў пад кукурузу. Правялі першую падкормку азімых збожжавых культур і рапсу.

Сяргей Леанідавіч упэўнены, што з усімі работамі гаспадарка справіцца ў адведзеныя аптымальныя тэрміны, тым больш што механізатары ў пераважнай большасці тут вельмі вопытныя і разумеюць: веснавы дзень — год корміць. Для іх пастараліся стварыць добрыя ўмовы. На трох аўтамашынах двойчы на дзень развозяць смачныя абеды і падвячоркі, якія гатуюць у Ванелевічах. Усё падрыхтавана для таго, каб адкрыць сталовую і ў Мажы.

Андрэя Харошку віншуюць з працоўнай перамогай » Таццяна Дубовік і Наталля Гарбацэвіч
Андрэя Харошку віншуюць з працоўнай перамогай Таццяна Дубовік і Наталля Гарбацэвіч

Толькі самыя лепшыя словы прагучалі з вуснаў агранома ў адрас лідараў пасяўной, ушанаванне якіх адбылося ў гэты дзень. Андрэй Харошка — яшчэ вельмі малады механізатар, але з ліку тых, за якімі, як лічыць Сяргей Гурын, і кантролю асаблівага не трэба. Усё выконвае дакладна, якасна і з душой. На асаблівым рахунку ў гаспадарцы і Сяргей Лазюк, які вядзе падкормку азімых на «Расе». І не проста якасна выконвае даведзенае заданне, але і праяўляе вынаходніцкія здольнасці. Невялікае ўдасканаленне, якое ён правёў, дазваляе значна паскорыць працэс запраўкі агрэгата вадкімі мінеральнымі ўгнаеннямі і, адпаведна, больш хуткімі тэмпамі выконваць работу.

■ Сяргей Лазюк
■ Сяргей Лазюк

У адрас лідараў пасяўной з ААТ «Піянер-Агра» ў гэты дзень таксама гучалі шчырыя віншаванні, пажаданні і заліхвацкія песні пад гармонік.

 

МЕРКАВАННІ

Наколькі важнымі з’яўляюцца такія мерапрыемствы для ўдзельнікаў сельгаскампаній?  Вось меркаванні спецыялістаў:

Наталля ГАРБАЦЭВІЧ, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

— У нашым аддзеле складзены графік выездаў агітбрыгад, створаных для ўшанавання лідараў пасяўной. У іх склад уваходзяць работнікі раённага Цэнтра і сельскіх устаноў культуры, удзельнікі народных калектываў. Даўно вядома, што песня здольна не толькі стварыць добры настрой, але і нацэліць на плённую працу. Кожны чалавек варты таго, каб яго працоўныя поспехі не засталіся незаўважанымі. І мы імкнёмся не толькі несці станоўчыя эмоцыі, але і сочым за тым, каб як мага больш людзей ведала аб дасягненнях працаўнікоў вёскі. Тут і Дошкі гонару, і флагі ў гонар перадавікоў на мехдварах або ля адміністрацыйных будынкаў гаспадарак. Усё гэта працуе на высокі рэзультат.

Ірына СЦЯПУРА, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:

— Даўно вядома, што дух спаборніцтва спрыяе высокім дасягненням. Але не менш важным з’яўляецца таксама стварэнне для ўдзельнікаў пасяўной кампаніі неабходных умоў для быту, забеспячэнне іх гарачым харчаваннем, работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму. На гэта звяртаем  пільную ўвагу падчас наведвання сельгаспрадпрыемстваў. Дадзеныя пытанні заўсёды знаходзяцца пад кантролем і прафсаюзнага актыву на месцах. Ну і добрае слова ў адрас перадавікоў мае вялікае значэнне. Таму з задавальненнем разам з прадстаўнікамі іншых службаў віншуем лідараў пасяўной.

Таццяна ДУБОВІК, першы сакратар РК ГА «БРСМ»:

— Разам з райкамам прафсаюза работнікаў АПК мы штодня збіраем інфармацыю аб лідарах вясенніх палявых работ. Вядома ж, нас у першую чаргу цікавяць маладыя ўдзельнікі пасяўной. Выязджаем у складзе групы для ўшанавання пераможцаў. Лічу, што вельмі важна, каб маладыя людзі ведалі пра поспехі сваіх калег, былі прыкладам для іншых і даказвалі: на вёсцы можна дабівацца высокіх рэзультатаў, тут можна цікава жыць і плённа працаваць.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *