19 января — День спасателя

Актуально Мужество. Честь. Смелость

У падраздзяленнях Міністэрства па надзвычайных сітуацыях служаць сапраўдныя мужчыны. Людзі, слабыя ў фізічным і псіхалагічным плане, там доўга не затрымліваюцца.

Для выканання сваіх абавязкаў пажарны-выратавальнік павінен валодаць многімі прафесійна важнымі якасцямі — самаадданасцю, мужнасцю і адвагай. Але самае галоўнае, ён павінен умець хутка прымаць рашэнні, не раздумваючы кінуцца на дапамогу людзям, якія апынуліся ў бядзе. Менавіта такія важныя якасці ўласцівы майстрам выратавальнай справы Капыльскага РАНС.

Аляксандр Рымашэўскі, Аляксандр Чаркас, Дзяніс Нікалайчык, Дзмітрый Буцько, Сяргей Дуля
Аляксандр Рымашэўскі, Аляксандр Чаркас, Дзяніс Нікалайчык, Дзмітрый Буцько, Сяргей Дуля

Згодна з загадам міністра па надзвычайных сітуацыях ад 26 снежня 2017 года восем супрацоўнікаў аддзела заахвочаны за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры ўзорным выкананні службовага абавязку. У іх ліку — начальнік каравула Аляксандр Чаркас, камандзіры аддзяленняў  Сяргей Дуля, Аляксандр Рымашэўскі, Дзмітрый Буцько з пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1, начальнік каравула Дзяніс Нікалайчык, камандзір аддзялення Дзяніс Булынка, вадзіцель Аляксандр Дзічкоўскі з пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 2 і камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 15 Павел Дашкевіч.

Як вядома, работа ў складаных умовах з павышанай небяспекай патрабуе ад выратавальнікаў валодання рознабаковымі якасцямі і навыкамі. Якімі? Аб гэтым разважае Аляксандр Чаркас, прызванне і лёс якога на працягу ўжо амаль 20 гадоў звязаны са справай выратавання:

— Работа выратавальнікаў-пажар-ных патрабуе вынослівасці, кемлівасці, хуткай рэакцыі і практычна поўнай адсутнасці страху ў моманты ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі, барацьбы з вогненным ворагам. Аднак гэтага недастаткова: выратавальнікамі ідуць працаваць людзі з добрым і смелым сэрцам, неабыякавыя да бяды і болю іншых. Гэта велікадушныя людзі, бо, не задумваючыся, яны гатовы ахвяраваць сабой дзеля іншых, прычым бескарысліва. Выратавальнік — гэта не работа, а стан душы, прызванне, лёс. І вельмі цудоўна, калі побач з табой працуюць сапраўдныя прафесіяналы.

На памяці ў Аляксандра адзін з пажараў, які адбыўся месяцы два таму. Той выпадак да дробязей бу-дзе памятацца доўга. Здарэнне не выходзіла з разраду звычайных. У цэнтр аператыўнага кіравання паступіла паведамленне аб пажары ў в. Душава. Задача выратавальнікаў  абмяжоўвалася хуткай лакалізацыяй і наступнай ліквідацыяй агню. На месца падраздзяленне прыбыло праз некалькі хвілін. Хуценька разгарнулі «рукавы» і прыступілі да тушэння. Яшчэ па дарозе ў населены пункт даведаліся, што ў доме знаходзіцца чалавек. Таму тэрмінова кінуліся ў дом. З-за моцнага задымлення і высокай тэмпературы давялося апусціцца на калені і паўзці па падлозе. У першым пакоі чалавека не было… Знайшлі яго ў другім. Зразумець, ці ёсць прыкметы жыцця, было вельмі складана. Аператыўна эвакуіравалі на свежае паветра. Стала бачна, што пацярпелы жывы. Якраз падаспела хуткая дапамога, якая і даставіла ахвяру полымя ў бальніцу. Чалавек быў выратаваны.

Як лічыць Аляксандр Чаркас, гэта толькі кажуць, што той, хто ледзь не штодня сутыкаецца з небяспекай, прывыкае да яе. Да яе нельга прывыкнуць, як нельга заставацца абыякавым да чужой бяды. 

Асабліва страшна, калі на пажары ці ў іншай надзвычайнай сітуацыі гінуць людзі. І вельмі балюча становіцца ад таго, што не заўсёды можна ім дапамагчы.

На памяці ў Дзяніса Нікалайчыка і яго калег дарожна-транспартнае здарэнне каля в. Філіпавічы. Падчас яго загінула дзяўчынка. А спецыялісты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці з Цімкавічаў змаглі выратаваць яе дзядулю, які знаходзіўся ў пабітым аўтамабілі.

— Вядома, што трагедыі вельмі ўражваюць. А ці бываюць выпадкі, калі адчуваеце асаблівае задавальненне ад работы? — пытаемся ў Дзяніса.

— Такое адчуванне ёсць заўсёды, калі ўдаецца пазбегнуць ахвяр, своечасова людзям дапамагчы, тады з табой адбываецца нешта незвычайнае, быццам адкрываецца другое дыханне, — пачулі ў адказ.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА


Паважаныя супрацоўнікі і ветэраны аддзела па надзвычайных сітуацыях!

Ваша служба з’яўляецца адной з важнейшых. Кругласутачна вы знаходзіцеся на варце бяспекі жыхароў Капыльшчыны, вытворчых і сацыяльных аб’ектаў раёна, а ў экстрэмальных сітуацыях самааддана змагаецеся са стыхіяй. Вельмі часта аказваецеся ў зоне рызыкі, сутыкаецеся з людскімі трагедыямі і пры гэтым захоўваеце ў сабе здольнасць суперажываць.

Прыміце самыя цёплыя словы ўдзячнасці за самаадданую працу, чалавечнасць і гатоўнасць у любы момант прыйсці на дапамогу. Жадаем моцнага здароўя, шчасця, мужнасці і міласэрнасці, дабрабыту вам і вашым сем’ям. Няхай жыццёвыя абставіны як мага радзей выпрабоўваюць вас на трываласць.

Раённы выканаўчы камiтэт

Раённы Савет дэпутатаў



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *