Адбылася зімовая спартакіяда работнікаў АПК

Актуально Спорт

Зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу, якая адбылася 21 студзеня, сабрала на фізкультурна-аздараўленчым комплексе больш за 300 чалавек з 25 каманд. Яна стала адным з самых масавых за ўсю гісторыю правядзення падобных мерапрыемстваў. Шчырымі балельшчыкамі на свяце здаровага адпачынку сталі дзеці, якія больш за астатніх перажывалі за каманду татаў і мам, старэйшых сясцёр і братоў, якія выходзілі на старт кожнага віду праграмы.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў спартакіяды звярнуўся старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня. Ён адзначыў, што правядзенне мерапрыемстваў такога кшталту – вельмі добрая традыцыя, таму што яна аб’ядноўвае калектывы. Спорт, фізічная культура, здаровы лад жыцця заўсёды дапамагаюць і на працоўным месцы.  Анатоль Іосіфавіч пажадаў усім камандам удалых стартаў і перамог.

У зімовую спартакіяду ўвайшлі чатыры віды – плаванне, лыжныя гонкі, дартс і камбінаваная эстафета. Першыя ачкі камандзе ААТ “Семежава” прынеслі Іна Лагута і Андрэй Вялькоў, якія сталі мацнейшымі сярод плыўцоў. Другое месца ў гэтым відзе заняў дуэт з ААТ “Старыца-Агра”, а трэцяе – ААТ “Скабін”.

Цудоўную лыжную падрыхтоўку прадэманстравалі работнікі масласырзавода Зарына Мароцкая і Уладзімір Дамашэвіч. Яны прынеслі сваёй камандзе першае месца ў гэтым відзе. Лыжнікі са “Скабіна” сталі другімі, а замкнула тройку лідараў “Старыца-Агра”.

Дартс, на першы погляд, лёгкі від спорту, але, як аказалася, не ўсім ён даваўся-такі лёгка. Аднымі з самых трапных у кіданні дроцікаў былі Любоў Цыбульская і Дзяніс Камароў з ДП “Саўгас “Лясное”. Іх, адпаведна, першае і трэцяе месцы прынеслі агульнакамандную перамогу. Услед за імі апынуліся работнікі ААТ “Піянер-Агра” (другое) і СГФ “Крыніца” (трэцяе месца).

Самым цікавым, відовішчным і вясёлым стаў апошні від праграмы спаборніцтваў – камбінаваная эстафета. Тут удзельнікі ездзілі на санках, спускаліся з горкі на “салазниках”, беглі на лыжах і стралялі па мішэні. І ўсе гэтыя этапы эстафеты каманды рабілі на хуткасць. Але не ва ўсіх гэта добра атрымлівалася. Праявіўшы байцоўскі характар, на “выдатна” з задачай справіліся работнікі масласырзавода. Крыху менш за паўтары хвіліны спатрэбілася ім, каб пераадолець даволі працяглую адлегласць. Усяго пяць секунд саступілі лідарам удзельнікі эстафеты з ААТ “Семежава”. Яны занялі другую прыступку п’едэстала гонару, а на трэцюю паднялася каманда ЗАТ “Жыліхава”.

Пакуль суддзі падводзілі вынікі агульнакаманднага заліку, у спартыўнай зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу адбыўся па-за праграмны від – гіравы спорт. Усе ўдзельнікі папярэдне прайшлі ўзважванне, пасля чаго іх падзялілі на дзве вагавыя катэгорыі. У вазе да 80 кілаграмаў мацнейшым аказаўся Андрэй Чэрнік з ААТ “Ціміразеўскі”, а звыш 80 кг – Аляксандр Александровіч з ААТ “Мажа-Агра”.

Напрыканцы свята здароўя адбылося ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў асабістага і каманднага залікаў. Акрамя грамат, усе яны атрымалі яшчэ і памятныя прызы ад райкама прафсаюза работнікаў АПК, аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. І вось на п’едэстал гонару падняліся капітаны каманд, якім дасталіся галоўныя “трафеі” спартакіяды. На трэцім месцы ў агульнакамандным заліку апынулася каманда ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс”. Другое заваявала ААТ “Семежава”. А лідарам упершыню стала каманда ААТ “Скабін”, якая разам з прызамі павезла дадому пераможны кубак.

Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк падзякавала аграрыям за актыўны ўдзел і запрасіла на чарговую спартакіяду, што адбудзецца зімой ужо ў 2012 годзе.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКУ: каманда-пераможца з ААТ «Скабін».

Фота аўтара 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *