24 мая — День славянской культуры и письменности

Актуально Культура

Заўтра спаўняецца 100 год з дня смерці Максіма Багдановіча. Таму напярэдадні дня памяці мы пагаворым пра тое, як ушаноўвалі і ўшаноўваюць вобраз знакамітага беларуса.

М-Багдановіч

У 1924 годзе на магіле Максіма Багдановіча быў усталяваны помнік з чатырма радкамі з верша паэта «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…». 20-я гады мінулага стагоддзя былі эпохай атэізму, таму стары крыж на ялцінскай магіле быў знішчаны, а на ягоным месцы з’явіўся помнік з шэрага вапняку з чырвонай зоркай. Ён стаяў там да 2003 года, пакуль на магіле паэта не быў устаноўлены помнік (на здымку) скульптараў — бацькі, сына Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

У Мінску, у Траецкім прадмесці, знаходзіцца Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Акрамя таго, у Мінску захаваўся дом, у якім жыў Максім Багдановіч (вуліца Рабкораўская, 19), дзе размешчаны філіял яго музея — «Беларуская хатка». Другі філіял музея — «Фальварак Ракуцёўшчына», дзе гасцяваў Багдановіч, знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне. Там праводзяцца традыцыйныя рэспубліканскія святы паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета». Музеі класіка беларускай літаратуры таксама працуюць у Гродне і ў Яраслаўлі.

На вершы Максіма Багдановіча напісаны песні, якія ўспрымаюцца як народныя («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»). Яму прысвечаны опера Юрыя Семянякі «Зорка Венера» і поп-опера Ігара Паліводы «Максім».

Помнікі Максіму Багдановічу ўстаноўлены ў Мінску, Яраслаўлі, Місхоры і на магіле паэта ў Ялце. Мемарыяльныя дошкі ў яго гонар ёсць у Мінску, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце.

Памяць Максіма Багдановіча ўшанавана ў назве вуліц у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах. Яго імя дадзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.

Вобраз Максіма і персанажы яго твораў ўвасоблены ў карцінах, скульптурах, графічных работах. Выпушчаны паштоўкі, значкі з яго выявай.

100-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча было адзначана ў каляндарным спісе ЮНЕСКА «Гадавіны выдатных асоб і падзей» на 1991 г. Творы беларускага песняра перакладзены на два дзясяткі моў свету, публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах. Яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя ў Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго выбраных твораў на рускай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў.

Знакаміты вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры» неаднойчы звяртаўся да творчасці паэта. Асобна трэба адзначыць праграму «Вянок», поўнасцю складзеную з песень на вершы Максіма Багдановіча, музыку да яе напісалі Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок. А песня «Вераніка» стала значнай з’явай музычнай культуры 70-х гадоў мінулага стагоддзя як пранікнёны, светлы гімн каханню, які палюбіўся людзям у розных кутках свету. Існуе багатая бібліяграфія даследаванняў жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Аб яго жыцццёвым шляху і творчасці зняты чатыры кінафільмы і адзін відэафільм. Творчасць песняра Беларусі знайшла сусветнае прызнанне. Акрамя Расіі і Украіны, памяць пра Максіма Багдановіча ўвекавечваецца і ў многіх іншых краінах свету.

У 2008 г. Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Францыі ў рамках беларуска-французскіх культурных сувязей аб’явіла аб стварэнні праграмы «Максім Багдановіч» для садзейнічання публікацыям у Беларусі французскіх аўтараў. У 2011 г. у Мінску пад эгідай Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Творчасць Максіма Багдановіча ў кантэксце сусветнай літаратуры».

У сувязі са 120-годдзем з дня нараджэння Максіма Багдановіча Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2011 г. быў зацверджаны шэраг агульнанацыянальных і рэгіянальных мерапрыемстваў, прысвечаных памятнай даце.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *