Для рэдакцыі раённай газеты «Слава працы» стала добрай традыцыяй прымаць удзел у правядзенні разнастайных цікавых мерапрыемстваў. Не выключэнне і гэты год.
Так, 6 мая супрацоўнікі раёнкі прэзентавалі сваё выданне на XXI Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМI ў Беларусі», якая праходзіла ў Мінску ў выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14.
Сёлета дэвіз выставы гучаў наступным чынам: «Нам давяраюць!». І гэта на самай справе так: журналісты беларускіх выданняў, у тым ліку і нашай раёнкі, не толькі пільна сочаць за падзеямі, але і імкнуцца якасна і своечасова праінфармаваць пра іх сваіх чытачоў.

А каб вы мелі ўяўленне пра маштаб названага форуму, адзначым, што сярод яго ўдзельнікаў — рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ, госці з Расіі, Украіны, Азербайджана, Балгарыі, Літвы, Латвіі, Германіі, Турцыі, Грузіі. Спецыяльны госць XXI Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМI ў Беларусі» — сродкі масавай інфармацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі. А сама выстава дазволіла прадэманстраваць гісторыю развіцця СМІ ў Беларусі на прыкладах найстарэйшых беларускіх выданняў, прадставіць новыя камунікацыйныя тэхналогіі, шляхі распаўсюджвання рознапланавай, якаснай, аператыўнай інфармацыі ўсімі даступнымі каналамі камунікацыі.

Не памылюся, калі адзначу, што супрацоўнікі рэдакцыі робяць усё дзеля таго, каб назва роднай «Слава працы» яскрава гучала і прываблівала да сябе наведвальнікаў выставы. На працягу некалькіх гадоў мы запрашаем розных цікавых гасцей, якія дапамагаюць адлюстроўваць рознапланавасць публікацый, змешчаных у газеце. 2016 год, як вядома, быў Годам культуры, таму на старонках нашага выдання шмат увагі надавалася развіццю адзначанай тэмы. І зусім не выпадкова, што прэзентаваць наша выданне дапамагала дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, якая прадставіла сумесны праект «Страчаная спадчына. Вандроўкі па Капыльшчыне». Трэба дадаць, што ў ім шмат публікацый было прысвечана 170-годдзю з дня нараджэння знакамітага палітычнага і гаспадарчага дзеяча Эдварда Вайніловіча, якое мы адсвяткуем сёлета.
— Па-першае, дазвольце павіншаваць родную раёнку з Днём друку і знакавай узнагародай — Дыпломам лаўрэата рэспубліканскага конкурсу сярод СМІ «Залатая Літара», — звярнулася да наведвальнікаў выставы Валянціна Шуракова. — А ці ведаеце вы, паважаныя сябры, што звязвае Капыльшчыну і вядомы Чырвоны касцёл? Не? Тады вам будзе цікава даведацца, што пабудаваў яго Эдвард Вайніловіч у гонар сваіх дзяцей Алены і Сымона, якія, на жаль, памерлі вельмі рана. Для гэтага яму прыйшлося прадаць частку сваіх земляў, што знаходзіліся на Капыльшчыне. Сам жа радавы маёнтак Вайніловічаў стаяў у вёсцы Савічы, якая і зараз уваходзіць у склад Капыльскага раёна. Дарэчы, у гэтым годзе мы адзначым юбілей гэтага вядомага чалавека. Таму разам з журналістамі раёнкі прымаем актыўны ўдзел у беатыфікацыйным працэсе Эдварда Вайніловіча. А яшчэ імкнёмся расказаць чытачам пра тое, якім цікавым месцам з’яўляецца наша малая радзіма.

Пра тое, што гістарычная тэма цікавая не толькі для прадстаўнікоў старэйшага пакалення, але і моладзі, сведчыць вось такі факт. Каб даведацца пра жыццё і дзейнасць Эдварда Вайніловіча, каля стэнда «Слава працы» спыніліся навучэнкі адной з мінскіх устаноў адукацыі.
— Цікава вам? — запыталася я ў адной з дзяўчынак пасля заканчэння прэзентацыі.
— Вельмі! Мы нават і не ведалі, якая трагедыя стала падставай для будаўніцтва Чырвонага касцёла, — падзяліліся ўражаннямі дзяўчынкі.
На памяць аб знаёмстве з раённай газетай «Слава працы» ўсе тыя, хто спыніўся каля стэнда, атрымалі сувеніры: календары, блакноты, рэкламныя праспекты.
Нашым госцем стаў і дырэктар РУП «Дом прэсы» Анатоль Шычко. Ён з цікавасцю праглядзеў нумары газеты, а галоўны рэдактар «Слава працы» Марыя Шэіна расказала пра асаблівасці выдання.
— Так, бачу, што газета цікавая, — адзначыў Анатоль Уладзіміравіч, — шмат увагі надаецца і грамадска-палітычнай тэматыцы, і гісторыка-культурнай. «Слава працы» я ведаю даўно, таму з упэўненасцю магу сказаць, што супрацоўнікі выдання не стаяць на месцы, а пастаянна ствараюць нешта адметнае, рэалізуюць новыя праекты. Таму хочацца пажадаць і надалей заставацца цікавымі для чытачоў.
Аднак не толькі прафесійныя журналісты з Капыльшчыны сталі ўдзельнікамі выставы. Нашы юныя калегі з СШ № 3 г. Капыля таксама атрымалі запрашэнне на форум. Так, газета «Школьный экспресс» названай установы адукацыі была ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені па выніках фестывалю школьнай прэсы «Пунсовыя ветразі», а юнкор Кацярына Уласавец разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Таццянай Нядзелькай удзельнічалі ў пасяджэнні круглага стала, які праводзілі выданні «Настаўніцкая газета» і «Переходный возраст». Сваімі ўражаннямі аб выставе юныя карэспандэнты падзеляцца ў адным з бліжэйшых нумароў раёнкі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара і Марыі ШЭІНАЙ