Жизненная дорога от школьного порога

Актуально Сям'я

Былы дырэктар Ляшнянскай СШ Уладзімір Міхайлавіч Дубовік у вёсцы, дзе жыве, ды і ва ўсім раёне, чалавек вядомы. Сам і ўся яго сям’я — людзі інтэлігентныя, далікатныя, ветлівыя, паважаныя.

Людміла і Уладзімір Дубовікі на прагулцы, 2017 г.
Людміла і Уладзімір Дубовікі на прагулцы, 2017 г.

Але давайце на хвілінку вернемся ў цяпер ужо далёкі 1947 год. Тады ў вёсцы Шышчыцы, што на мяжы з Капыльшчынай, у сям’і настаўнікаў   нарадзіўся  хлопчык Валодзя. Рос, як і ўсе дзеці, вучыўся ў школе, многія прадметы былі ў яго любімымі, але асабліва даваліся ўрокі фізікі і матэматыкі, што прыводзіла і педагогаў, і равеснікаў у захапленне.

Таму паспяхова паступіў і вывучыўся на настаўніка фізікі ў Гродзенскім педінстытуце. У гэтай жа навучальнай установе Уладзімір сустрэў і сваю другую палавінку — Людмілу Мікалаеўну. Іх знаёмства адбылося, калі юнак вучыўся на апошнім курсе, а дзяўчына была першакурсніцай, спасцігала матэматычную навуку. І вось сёлета споўніцца 47 гадоў, як яны крочаць  разам па жыцці.

З унукамі Германам і Іллёй, 2004 г.
З унукамі Германам і Іллёй, 2004 г.

Пасля заканчэння ВНУ была праца ў школах Гродзеншчыны, служба ў радах Савецкай Арміі. У 1974 годзе маладая сям’я педагогаў пераязджае на Капыльшчыну. Ад сваёй маці, якая працавала ў Каменскай СШ, Уладзімір даведаўся, што якраз у гэты час адкрывалася новая Лясноўская СШ і патрэбны былі настаўнікі фізікі і матэматыкі.

— Праца ў гэтай школе пад кіраўніцтвам яе дырэктара Валянціна Юльянавіча Жалкоўскага стала для нас цудоўнай школай жыцця, — дзеліцца Уладзімір Дубовік. — Ён быў сапраўдным Настаўнікам, які падабраў добры калектыў, вучыў не толькі дзяцей, але і нас, школа заўсёды была на высокім узроўні. Тут з’явілася шмат сяброў. Жылі побач з добра вядомымі ў далейшым на Капыльшчыне педагогамі — Аляксандрам Саладухам і Мікалаем Жукам, сям’ёй Караленкаў і многімі іншымі. Сяброўскія сувязі захоўваем да гэтага часу: летась на сустрэчу педагогаў, якія пачыналі сваю працу ў Лясным, сабралася 18 чалавек.

На ўроку фізікі ў Лясноўскай СШ, 1978 г.
На ўроку фізікі ў Лясноўскай СШ, 1978 г.

У сярэдзіне 80-х жыццёвая дарога прывяла сям’ю Дубовікаў у в. Лешня, дзе Уладзіміру Міхайлавічу прапанавалі ўзначаліць мясцовую адзінаццацігодку. Яго дырэктарскі стаж налічвае амаль 23 гады. Перыяд свайго кіраўніцтва ён успамінае з цеплынёй і гонарам. За гэты час удалося згуртаваць калектыў, дасягнуць поспехаў. Ляшнянскія школьнікі паказвалі добрыя вынікі на прадметных алімпіядах, асабліва па фізіцы, матэматыцы, біялогіі, хіміі, кіпела спартыўнае жыццё і культурна-масавая работа.

Уладзімір (у цэнтры) з будучай жонкай Людмілай (першая злева), 1968 г.
Уладзімір (у цэнтры) з будучай жонкай Людмілай (першая злева), 1968 г.

— Мы былі па-сапраўднаму адданыя сваёй справе, — успамінае жонка Людміла Мікалаеўна. — Акрамя ўрокаў і разнастайных гурткоў амаль кожную суботу ў школе праводзіліся інтэлектуальныя і спартыўныя гульні, вечарыны, гутаркі. Для вучняў і настаўнікаў ладзіліся музычныя вечары. Было хоць і цяжка, але надзвычай цікава.

Вяселле Уладзіміра і Людмілы, 1970 г.
Вяселле Уладзіміра і Людмілы, 1970 г.

Аднак галоўнай радасцю і гонарам у жыцці сям’і Дубовікаў з’яўляюцца ўсё ж іх дзеці. Дзвюх дачок і сына выгадавалі Уладзімір Міхайлавіч і Людміла Мікалаеўна. Усе яны знайшлі свой шлях у жыцці і з годнасцю выконваюць работу. Сын Андрэй — падпалкоўнік, камандзір дывізіёна кіравання войск супрацьпаветранай абароны. Дочкі пайшлі па педагагічнай сцяжынцы бацькоў: Вольга працуе матэматыкам-інфарматыкам у адной са школ Мінска, а Надзея выкладае матэматыку ў школе ў англійскім горадзе Сандэрлендзе.

Андрэй з сёстрамі Вольгай і Надзеяй (сядзяць),1990 г.
Андрэй з сёстрамі Вольгай і Надзеяй (сядзяць),1990 г.

Унукі, якіх ва Уладзіміра і Людмілы Дубовікаў пяцёра, — таксама асаблівая радасць для былых педагогаў. Яны наведваюцца (нават і з замежжа) у госці, а бабуля з дзядулем актыўна і з задавальненнем прымаюць удзел і ў іх выхаванні.

Не забываюцца ў гэтай паважанай сям’і і пра здаровы лад жыцця. Уладзімір Міхайлавіч штодзённа робіць прагулкі на свежым паветры, асвойвае скандынаўскую хадзьбу, прыцягвае да гэтага занятку і жонку. Абавязковым з’яўляецца чытанне свежай прэсы, прагляд тэленавін. А яшчэ Дубовікі ўзорна сочаць за сваёй сядзібай: радуюць вока зялёныя газоны, вазы з кветкамі, аформленыя куточкі. Нездарма іх падвор’е прызнавалася лепшым падчас правядзення раённага конкурсу.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА і з сямейнага архіва Дубовікаў



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *