125-летие со дня рождения известного классика литературы Максима Богдановича широко празднуется во всем мире

2016 - год культуры Актуально

Максім Багдановіч
Максім Багдановіч

125-годдзе з дня нараджэння слыннага класіка літаратуры Максіма Багдановіча шырока святкуецца ва ўсім свеце. Нарадзіўся будучы паэт 9 снежня

(27 лістапада) 1891 г. у Мінску.

Майстра ўвайшоў у гісторыю не толькі як паэт, але і як публіцыст, літаратурны крытык,

перакладчык, літаратуразнавец, класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў

беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Яго спадчына ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры. Некаторыя вершы сталі народнымі песнямі («Зорка Венера»,  «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку, а творы паэта перакладзены на два дзясяткі моў свету.

 

Зорка Венера

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкi з сабой прывяла…

Помнiш, калi я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное i зорку шукаў.

Цiхiм каханнем к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў.

Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая ў нас.

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

Буду ў далёкім краю я нудзіцца,

Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;

Кожную ночку на зорку дзівіцца

Буду ў далёкім краю.

Глянь іншы раз на яе, — у расстанні

Там з ёй зліём мы пагляды свае…

Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,

Глянь іншы раз на яе…    

1912 год

Лічыцца, што «Зорку Венеру» Максім прысвяціў Ганне Какуевай, якая была яго першым каханнем. Ганна — родная сястра яго гімназічных сяброў. Яна вучылася ў кансерваторыі ў Санкт-Пецярбургу і прыязджала на лета ў Яраслаўль, дзе жыў у той час паэт. На жаль, пачуцці Максіма дзяўчына не падзяліла і выйшла замуж за яго гімназічнага сябра Івана Лілеева. Лёс Ганны склаўся няпроста: яна перажыла сталінскія рэпрэсіі. Але захавала «Вянок», які Максім падпісаў, праўда, не ёй, а Івану.

Ганна Какуева
Ганна Какуева

Аўтара музыкі раманса многія не ведаюць, ды і ў крыніцах памылкова пазначана, што «музыка народная». Між тым музыку напісаў Сямён Рак-Міхайлоўскі — непрафесійны кампазітар. Таму песню і лічаць  «народнай».

А загучалі музыкай паэтычныя радкі Багдановіча ў мястэчку Баруны Ашмянскага павета (цяпер вёска Баруны Ашмянскага раёна), дзе Сямён Рак-Міхайлоўскі ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя ўзначальваў настаўніцкую семінарыю. Ён — таленавіты педагог, грамадскі і палітычны дзеяч. З 1926 года — член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У 1927 годзе арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 12 гадоў. У 1931 г. па абмене палітвязнямі пераехаў у БССР. У «Беларускай энцыклапедыі» адзначаецца, што ён — «аўтар падручнікаў для школ; пісаў вершы. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея. Арыштаваны ў 1933 г. ДПУ БССР па сфабрыкаванай справе «Беларускі нацыянальны цэнтр» (БНЦ). У лістападзе 1938 г. асуджаны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны».

Раманс гучаў у выкананні вядомых беларускіх артыстаў: ВІА «Песняры», Алеся Камоцкага і інш.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *