На базе СШ № 2 г. Копыля состоялось профориентационное мероприятие «Твой выбор, выпускник!» для старшеклассников всех школ района

Актуально Образование

Падрыхтоўка школьніка да ўсвядомленага прафесійнага выбару з’яўляецца адной з прыярытэтных задач адукацыі. Таму галоўная задача агульнаадукацыйнай установы — падрыхтаваць вучня да правільнага выбару свайго лёсу і наступнага прафесійнага самавызначэння.

img_0223
Класны  кіраўнік Алена Громава і вучань 11 класа Камсамольскай СШ Дзяніс Кішко гутараць з загадчыкам лабараторыі БДАТУ Андрэем Карповічам

З гэтай мэтай і праходзяць у раёне традыцыйныя злёты выпускнікоў. Чарговае прафарыентацыйнае мерапрыемства «Твой выбар, выпускнік!» для старшакласнікаў усіх школ раёна адбылося  на   базе   СШ № 2 г. Капыля.

Сустрэчу адкрыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Міхайлоўская. У сваім выступленні Алена Станіславаўна расказала аб падтрымцы моладзі ў раёне, адзначыла неабходнасць выбару будучай прафесіі.

Пра стан рынку працы на Капыльшчыне гаварыў начальнік сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іван Бабко. Ён спыніўся на наяўнасці працоўных месцаў у раёне, занятасці моладзі ў розных галінах вытворчасці, атрыманні неабходных спецыяльнасцей.

Падчас сустрэчы
Падчас сустрэчы

З інфармацыяй аб сваіх навучальных установах выступалі прадстаўнікі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных, прафесійных устаноў краіны. Кожны з іх прэзентаваў сваю навучальную ўстанову, расказваў пра ўмовы набору, факультэты, спецыяльнасці і магчымыя перспектывы супрацоўніцтва.

Шырока на злёце былі прадстаўлены навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага і перапрацоўчага профілю. Да сябе запрашалі выпускнікоў прадстаўнікі Беларускай сельгасакадэміі, Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Мар’інагорскага, Слуцкага і Капыльскага каледжаў. Таксама прыбылі на сустрэчу выкладчыкі і студэнты Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Міжнароднага экалагічнага ўніверсітэта імя Сахарава, Мінскага аўтамеханічнага і Нясвіжскага каледжаў.

Больш падрабязна выпускнікі школ Капыльшчыны змаглі азнаёміцца з умовамі паступлення і вучобы з рэкламных праспектаў і непасрэдна падчас размовы з выкладчыкамі пасля заканчэння сустрэчы.

img_0240-1

Кацярына ЛОБАН, вучаніца 11 класа СШ № 3 г. Капыля:

— Я разам са сваёй сяброўкай завітала на сустрэчу з У.М. Капіцам, намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце Міжнароднага экалагічнага ўніверсітэта імя Сахарава. Мне больш падабаюцца прыродазнаўчыя навукі. Магчыма, свой далейшы лёс звяжу з аховай прыроды ці ўвогуле біялогіяй, таму было вельмі цікава даведацца пра тое, як вучацца ў гэтай навучальнай установе, на што звяртаць больш увагі.

 

img_0237

Раман ДАМАШЭВІЧ, вучань 11 класа Лясноўскай СШ:

— Канчаткова з выбарам прафесіі я яшчэ не вызначыўся. Мне цікава многае, на будучую спецыяльнасць гляджу рознабакова. Таму пабываў не на адной сустрэчы. Мяне вельмі зацікавілі перспектывы, якія адкрываюцца перад курсантамі Ваеннай Акадэміі. Звярнуў увагу і на Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, тым больш, што яго прадстаўлялі нашы землякі — выпускнікі СШ № 3 г. Капыля.

 

 

 

img_0241-1

Аліна КАНДРАТОВІЧ, вучаніца 11 класа Семежаўскай СШ:

— Я хацела б выбраць не вельмі звычайную для дзяўчыны справу —  у ваенную. Мару служыць у войсках нашай арміі. Таму і пайшла на сустрэчу з выкладчыкам Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь. Адзначу, што акрамя мяне там яшчэ былі дзяўчаты. Здаецца, вучуся нядрэнна, а па фізічнай культуры зараз узмоцнена рыхтуюся. Спадзяюся, што мара мая ажыццявіцца.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *