Чорна-белыя фотаздымкі сярэдзіны ХХ стагоддзя… Што можа быць цікавей за іх? Яны ярчэй за сучасныя, каляровыя, расказваюць пра жыццё, пра падзеі.
Замест прадмовы
Вось такімі цікавымі фотаздымкамі падзяліўся з намі капылянін Мікалай Пятровіч Шкадарэвіч. І гэта невыпадкова. Справа ў тым, што дзядуля Мікалая Пятровіча — той самы Іосіф Шкадарэвіч, што стаяў ля вытокаў рэвалюцыйнага руху на Капыльшчыне. А тата Пётр Іосіфавіч, які зрабіў гэтыя здымкі, займаў адказныя пасады ў райкаме партыі ў 50-60-я гады ХХ стагоддзя. Здымкі Пятра Шкадарэвіча даволі часта друкавалі на старонках «Слава працы» ў 60-я гады. Сам жа Мікалай Пятровіч 43 гады добрасумленна адпрацаваў на адным месцы — у сельгастэхніцы.
Як гэта было
І сёння мы можам зазірнуць за тоўшчу мінулых гадоў і на свае вочы пабачыць, як капыляне святкавалі 45-ю гадавіну Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1962 г. Вось на плошчы калона медыцынскіх работнікаў. Адзін з тых, хто ўзначальвае яе, знакаміты галоўны ўрач Капыльскай ЦРБ Брыкальскі Антон Яўгенавіч.

А гэта маршыруюць прадстаўнікі райспажыўсаюза. Як і медыкі, яны нясуць чырвоныя сцягі, партрэты лідараў КПСС. Звяртае на сябе ўвагу, што мужчыны апрануты амаль у аднолькавыя паліто і капелюшы. Размахваюць сцягамі супрацоўнікі сельгастэхнікі. З партрэтамі У. Леніна і К. Маркса, з самаробнай чырвонай зоркай, на якой напісана «Міру — мір», стаяць працаўнікі камбіната бытавога абслугоўвання і райпрамкамбіната.

Але ярчэй за ўсіх выглядаюць школьнікі. Яны трымаюць самаробныя эмблемы Кастрычніка, лозунгі з надпісамі: «Да здравствует дружба между народами!»,«Пионеры и школьники! Упорно овладевайте знаниями, любите и уважайте труд! Готовьтесь стать активными борцами за дело Ленина, за Коммунизм!». У іх руках сімвалы выдатнай вучобы — адзнакі «5»!

На трыбуне, што ўстаноўлена каля раённага Дома культуры, калоны працоўных калектываў сустракаюць першы сакратар РК КПБ Сухій М.А., намеснік сакратара і загадчык ідэалагічнага аддзела парткама Капыльскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення Валністы Я.Г., намеснік сакратара і загадчык аргаддзела парткама Капыльскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення Грыневіч Я.М., старшыня райвыканкама Сыраквашын С.В., старшыня гарсавета Апанашчык А., старшыня калгаса «Піянер» Макарчук І.Я., старшыня камітэта партыйна-дзяржаўнага кантролю Капыльскага ўпраўлення Бурак І.П.

Самае адметнае, што звяртае на сябе ўвагу, — амаль на кожным здымку — шчырыя ўсмешкі, радасць ад таго, што сабраліся разам, каб адсвяткаваць гэту падзею.

Паважаныя капыляне і жыхары раёна! Можа вы пазналі сябе на гэтых фотаздымках? Ці маеце свае цікавыя фотаімгненні гісторыі? Звяртайцеся ў рэдакцыю — мы з задавальненнем раскажам пра вас на старонках газеты!
Падрыхтавала Дзіяна Ткачэнка