У суквецці талентаў

Культура

Жаночы вакальны ансамбль раённага Цэнтра культуры

26 сакавіка шматлікія жыхары горада і раёна спяшаліся на канцэрт народных калектываў  Капыльшчыны пад гучнай назвай “Суквецце талентаў”.

Яны ішлі на канцэрт. Але, мяркую, не ўсе ведалі, што для артыстаў гэта быў яшчэ і своеасаблівы экзамен на пацвярджэнне іх ганаровага звання. Пра тое, што засталося па-за ўвагай для простых гледачоў, наша гутарка з начальнікам аддзела культуры Капыльскага райвыканкама Наталляй ЦАРКОВАЙ.

— Наталля Іванаўна, раскажыце, калі ласка, якая задача ставілася перад калектывамі падчас мерапрыемства?

— Раз у тры гады праводзіцца абласны агляд-конкурс калектываў, якія маюць званне “народны” і “ўзорны”. І асноўная задача гэтага мерапрыемства – пацвердзіць сваё званне, паказаць, наколькі прафесіянальна яны працуюць. Увогуле пры ўстановах культуры на сёння працуе 9 калектываў са званнем. З іх восем – са званнем “народны самадзейны калектыў” і адзін – “узорны”. У абласным аглядзе-конкурсе прымалі ўдзел пяць: народны аркестр народных інструментаў “Капыльскія дудары” (кіраўнік Святлана Салавей), народны ансамбль народнай музыкі “Капыляне” (кіраўнік Аляксандр Булакевіч), народны жаночы вакальны ансамбль раённага Цэнтра культуры (кіраўнік Таццяна Хілько), народны ансамбль народнай песні “Спадчына” (кіраўнік Валянціна Зарамбоўская), народны вакальна-інструментальны ансамбль “Замкавая гара” (кіраўнік Андрэй Раеўскі). Астатнія будуць пацвярджаць сваё званне пазней.

На сцэне - “Спадчына”

З улікам таго, што сёлета спаўняецца 65 гадоў з дня Вялікай Перамогі, то і канцэртная праграма была арыентавана на гэту юбілейную дату, а таксама — на далейшую папулярызацыю беларускай культуры.

Работу калектываў ацэньвала журы, у склад якога ўваходзілі работнікі ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” на чале з дырэктарам установы Раісай Вайцяхоўскай.

— Як ацанілі выступленне нашых артыстаў прафесіяналы?

Народныя напевы - ад “Капылян”

— Вельмі ўразіла членаў журы, што падчас мерапрыемства была поўная зала. Адчувалася сувязь паміж гледачамі і артыстамі. Была дадзена ацэнка кожнаму калектыву асобна з улікам індывідуальных асаблівасцей. Напрыклад, да аркестра “Капыльскія дудары”, у склад якога ўваходзяць прафесіянальныя музыканты, і патрабаванні іншыя, чым да аматарскіх калектываў. Увогуле, па меркаванні журы, аркестр набыў новы твар. Адзначана і высокае выканаўчае майстэрства  жаночага вакальнага ансамбля, народнага ансамбля “Капыляне”. Было прыемна пачуць у выкананні “Замкавай гары” не толькі іх традыцыйны рок, але і лірычныя песні для масавага слухача. Гэта таксама немалаважна. Станоўча ацанілі работу ансамбля “Спадчына” і тое, што ў яго з’явіўся калектыў-спадарожнік “Фасолькі”, куды ўваходзяць вучні сярэдняй школы №2.

— Ці дастаткова для пацвярджэння звання “народны” добра падрыхтаванага канцэрта?

— Не, не дастаткова. Фактычна ўлічваецца работа калектываў за тры гады: тут і ўдзел у разнастайных мерапрыемствах, гастрольная дзейнасць у раёне і за яго межамі. Для гэтага стараемся па магчымасці забяспечваць артыстаў новымі касцюмамі, інструментамі.  Хачу сказаць, што нашы артысты выязджалі як у блізкае, так і ў далёкае замежжа. Напрыклад, жаночы вакальны ансамбль прымаў удзел у фестывалі праваслаўных песнапенняў у Балгарыі, “Капыляне” – у свяце горада Ёнішкіс (Літва). Прымалі ўдзел і ў абласным свяце “Напеў зямлі маёй”, дзе заўсёды выступаюць лепшыя калектывы са званнем “народны”. Вялікі гонар для ўсіх удзельнічаць у  гэтым конкурсе.

Дарэчы, у вобласці былі выпадкі, калі журы  здымала званне за тое, што калектывы  не   прымаюць удзел ні ў якіх конкурсах, не выязджаюць на гастролі.

— Звычайна, пасля такіх мерапрыемстваў выказваюцца нейкія пажаданні. Ці гучалі яны ў адрас капыльскіх артыстаў?

— Асноўныя пажаданні, якія прагучалі, – пашыраць канцэртную дзейнасць, больш гастраліраваць, напрацоўваць вопыт. На гэта накіраваны і самі артысты. Значных заўваг не было. Культура Капыльшчыны ў чарговы раз пацвердзіла, што яна працаздольная, што ёсць шмат рэзерваў. Бясспрэчна, выказвалі пажаданне, каб з’яўляліся і новыя калектывы. Увогуле, лічу, што экзамен капыляне вытрымалі дастойна.

— Дзякуй за гутарку.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *