Практычна ўсе пункты праграмы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы на 2006–2010 гады выкананы

Пастановы. Дэкрэты. Дырэктывы.

Аб гэтым заявіў падчас Дня аховы працы Валерый Маскалік, вядучы спецыяліст аддзела сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Станоўчае эканамічнае развіццё прадпрыемстваў залежыць ад розных фактараў. Адным з іх з’яўляецца захаванне бяспечных умоў працы.  Што  неабходна рабіць для гэтага, як уплываюць мерапрыемствы па ахове працы на эканамічны патэнцыял арганізацый і прадпрыемстваў – такія пытанні і шэраг іншых былі разгледжаны падчас правядзення Дня аховы працы, які  прайшоў на базе філіяла  КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ №124».

У зале пасяджэнняў сабраліся інжынеры па ахове працы, адказныя работнікі сельскагаспадарчых, перапрацоўчых, прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Начальнік філіяла Уладзімір Чэкун пазнаёміў прысутных са структурай, з сучаснымі тэхналогіямі вытворчасці на прадпрыемстве. Ён адзначыў, што палепшыўшы ўмовы працы ў дарожным будаўніцтве, за апошні час ДРБУ №124 зрабіла значны крок наперад у выкананні плана. На прадпрыемстве, згодна з загадам, створана камісія па ахове працы, праведзены шэраг мерапрыемстваў па арганізацыі бяспечных умоў працы, сярод якіх – пастаяннае праходжанне медагляду (алкатэст), атэстацыя працоўных месцаў, забеспячэнне работнікаў спецвопраткай (летні і зімні камплект), рамонт мехмайстэрняў, душавых кабін, пакоя для прыёму ежы і шэраг іншых. Эдуард Купрацэвіч, інжынер па ахове працы філіяла КУП «Мінск-аблдарбуд» – «ДРБУ №124», падрабязна расказаў аб выкананні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы”. За дасягненні ў арганізацыі работы па ахове працы шэрагу прадпрыемстваў былі ўручаны адпаведныя дыпломы і грашовыя прэміі.

Транспартная бяспека і прафілактыка гібелі людзей на дарогах і ў аўтааварыях падчас уборачнай кампаніі сталі тэмай выступлення начальніка Капыль-скага АДАІ Аляксандра Кісялёва. Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што з пачатку года на тэрыторыі раёна адбылося 23 ДТЗ, у якіх 9 чалавек загінулі і больш за 20 атрымалі пашкоджанні. Пешаходы, веласіпедысты, гужавы транспарт часта сталі фігурыраваць у дарожна-транспартных здарэннях. Віноўнікі такіх ДТЗ, як правіла, знаходзіліся ў нецвярозым стане. І што сумна, сёлета супрацоўнікі ДАІ затрымалі 210 п’яных вадзіцеляў. Аляксандр Кісялёў адказаў на некалькі пытанняў аўдыторыі, якія тычыліся Правілаў дарожнага руху.

Галоўны дзяржаўны інспектар Слуцкай міжраённай інспекцыі Аляксандр Уэльскі засяродзіў увагу на прычынах няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам, якія адбыліся ў філіяле “Вялікая Раёўка” ААТ “Крыніца” Капыльскага і СВК “Морач” Клецкага раёнаў. Падчас наведвання і агляду асфальта-бетоннай базы “Скабін” удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся, як арганізавана работа па ахове працы філіяла «ДРБУ№124». Акрамя добрых умоў для работнікаў тут клапоцяцца і пра эстэтычны выгляд тэрыторыі, дзе знайшлі сваё месца і сонечны гадзіннік, і невялічкі фантан, і альтанка.

Пасля экскурсіі ўдзельнікі мерапрыемства даведаліся ад галоўнага інжынера філіяла «ДРБУ №124» Сяргея Шулярэнкі пра работу камісіі прадпрыемства па праверцы ведаў работнікаў па пытаннях аховы працы, наведалі кабінет па ахове працы, які размешчаны ў адміністрацыйным будынку.

Пра выкананне раённых мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў і аховы працы за 2006–2010 гады, а таксама праграму на 2011–2015 гг. паведаміў Валерый Маскалік, вядучы спецыяліст аддзела сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Тэму забеспячэння здаровых умоў працы работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна працягвала ўрач-гігіеніст аддзялення гігіены  працы  ДУ “Капыльскі РайЦГЭ” Святлана Ус. Яна засяродзіла ўвагу на тым, што не ўсе работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, дзе ёсць шкодныя ўмовы, добрасумленна праходзяць медагляд, а таксама – на прафілактыцы прафесійных за-хворванняў.

Напрыканцы мерапрыемства Валерый Маскалік адзначыў, што практычна ўсе пункты праграмы на 2006–2010 гады выкананы. І тут іншых варыянтаў быць не можа: захаваць жыццё чалавека – аснова асноў кіраўнікоў прадпрыемстваў і спецыялістаў па ахове працы.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКАХ: 1.Падчас уручэння дыпломаў. 2. На асфальта-бетоннай базе «Скабін».

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *