Атрад «Міласэрнасць» наведаў дзіцячы сацыяльны прытулак

Образование

«Давайце пазнаёмімся і пасябруем…» — так называлася сустрэча членаў атрада «Міласэрнасць» ДУА «Гімназія №1 г.Капыля» з выхаванцамі дзіцячага сацыяльнага прытулку «Надзея».

Да выхаванцаў у госці завіталі дзве чароўныя Феі (Ганна Засімовіч і Аксана Тарчыла, вучаніцы 7 «А» класа), Вясёлая нотка і Весялінка (Святлана Лавачнікава) і Кніга  (Максім Салагуб) – вучні 7 «Б» класа. 3 вялікім задавальненнем дзеці выконвалі цікавыя заданні, удзельнічалі ў розных віктарынах, адгадвалі загадкі і атрымлівалі за гэта прызы.

Павучальным было выступленне Кнігі, якая расказала аб сваім мінулым. Шмат песень было выканана ўдзельнікамі конкурсу з Вясёлай ноткай. Нашы вучні стараліся ўключыць кожнага ў гульнёвую дзейнасць, праводзячы розныя конкурсы, спаборніцтвы, гульні. Пасіўных гледачоў падчас сустрэчы не было.

Выхаванцы «Надзеі» прасілі яшчэ прыходзіць да іх, таму што вельмі спадабалася сустрэча. У гэтых дзяцей ёсць надзея на дастойнае жыццё. I не толькі дарослыя могуць дапамагчы ім. Мы ўпэўнены, што толькі сумеснымі намаганнямі дарослых і дзяцей зможам дапамагчы выхаванцам «Надзеі» рэалізавацца самім, зберагчы веру ў справядлівасць. Вялікае дзякуй хочацца сказаць дырэктару ДСП «Надзея» М. А. Станкевіч, выхавальнікам гэтай установы за цёплы прыём і сапраўднае мацярынскае сэрца, часцінку якога яны аддаюць сваім выхаванцам.

Тамара ДУБОВІК,

педагог-арганізатар ДУА “Гімназія №1 г. Капыля”

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *