Первыми на Копыльщине начали сев аграрии ОАО «Старица-Агро»

Актуально Экономика

Першымі на Капыльшчыне пасяўныя агрэгаты вывелі на палі хлебаробы ААТ «Старыца-Агра» — на гэтым тыдні тут пачалася сяўба аўса.

1

— Ранні тэрмін сяўбы заўсёды апраўдвае сябе: мы штогод атрымліваем добры ўраджай. Народная мудрасць «Сей авёс у гразь — будзеш князь!» актуальна як ніколі, бо зямля за лічаныя дні можа высахнуць. Пакуль у глебе ёсць вільгаць, мы паспяхова справіліся з гэтай задачай, — расказвае намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксандр Логіш. — І ўжо пасеялі неабходныя 150 га аўса. Наперадзе сяўба ячменю, зернебабовых,  цукровых буракоў, бульбы, кукурузы і іншых культур.

Самыя прыдатныя на дадзены момант глебы для сяўбы — пясчаныя і на тарфяніках. Менавіта там на энерганасычаных трактарах сеялі авёс гатунку «стралец» механізатары Сяргей Дубовік і Васіль Чабатароў. Як адзначае Аляксандр Логіш, глеба на гэтых участках фізіялагічна гатова: ужо крыху прагрэлася і спрыяе сяўбе.

Акрамя таго, у гаспадарцы актыўна вядзецца падрыхтоўка плошчаў пад будучую сяўбу яравых і пасадку бульбы, вывазка і ўнясенне арганікі на палеткі, раскідванне мінеральных тукаў, агрэгаты «Раса» падкормліваюць азімыя, вядзецца збор камянёў. Безумоўна, ідуць і іншыя работы.

Працоўны дзень арганізаваны ў адпаведнасці з графікам вясенняй пасяўной. Пачынаецца ён у сем раніцы і доўжыцца да сямі вечара, а то і пазней. Забяспечаны абавязковы падвоз механізатараў на палеткі і дамоў.

Для стараннай працы сваім работнікам у ААТ «Старыца-Агра» імкнуцца стварыць усе ўмовы. Перад пачаткам веснавых палявых работ, як адзначыў Аляксандр Логіш, была распрацавана сістэма аплаты, праведзены сход з механізатарамі.

— Кожную раніцу эканамісты знаёмяць іх з вынікамі папярэдняга дня, раздаюць разліковыя лісткі, — падкрэслівае Аляксандр Леанідавіч. — Правялі пазачарговы інструктаж па ахове працы, дзе ўсіх, хто будзе заняты на пасяўной, пазнаёмілі з правіламі бяспечнага вядзення работ. Раніцай усе механізатары і вадзіцелі праходзяць медыцынскі агляд, праверку алкатэстарам. Гэта ўжо адладжаны працэс.

Арганізавана гарачае харчаванне ўдзельнікаў пасяўной — абеды гатуюць у мясцовай сталовай, і спецыяльна абсталяваныя машыны двойчы на дзень развозяць іх па палетках. Не забываюць у гаспадарцы і пра ідэалагічнае забеспячэнне пасяўной: з першага дня сяўбы падводзяцца вынікі спаборніцтва. У ліку лідараў зараз Васіль Чабатароў.

Механізатар Васіль Чабатароў
Механізатар Васіль Чабатароў
Памочнік начальніка ўчастка № 4 Наталля Кандыбовіч і намеснік дырэктара Аляксандр Логіш
Памочнік начальніка ўчастка № 4 Наталля Кандыбовіч і намеснік дырэктара Аляксандр Логіш
На падрыхтоўцы глебы - Аляксей Ліннік
На падрыхтоўцы глебы — Аляксей Ліннік

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

Услед за тэхнікай ААТ «Старыца-Агра» сеяць раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры выйшлі ў ААТ «Піянер-Агра», «Семежава» і ЗАТ «Жыліхава». У той жа дзень сяўбу аднагадовых траў распачалі ў ААТ «Ціміразеўскі» і КСУП «Доктаравічы».

Па стане на 1 красавіка ў сельгаспрадпрыемствах раёна пасеяна 619 га ранніх яравых культур.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *